Мюзікл Музыкі

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

120-годдзе з дня нараджэння Багдановіча будзе адзначана цэлай нізкай беларускіх прэм’ер. 7 снежня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі прагучаць харавыя творы на яго вершы. А 9-га, акурат у дзень народзінаў класіка, нас чакае канцэртная прэм’ера мюзікла-прытчы “Апокрыф” Ларысы Сімаковіч.

/i/content/pi/cult/353/6722/pic_33.jpg- Якім жа чынам з'явілася ідэя "Апокрыфа"?

- Ідэя мюзікла, - распавяла кампазітар, - належыла мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча Міхаілу Казінцу. Гэты славуты калектыў, нагадаю, ставіў рокоперу "Курган" Лучанка - Мулявіна, я выступала рэжысёрам. Пасля той прэм'еры Міхаіл Антонавіч хітра паглядзеў на мяне і кажа: "А ці не паўтарыць нам гэты поспех? Давайце зробім штосьці да юбілею Багдановіча - у жанры мюзікла, на той жа склад: наш аркестр, Дзяржаўны камерны хор Беларусі, фольк-тэатр "Госціца", салісты". Я не "дацкі" кампазітар, але памяць сама падказала мне гэтую прытчу. Два гады таму, без усякага юбілею, я ўжо ладзіла ў філармоніі праект "Дзень Багдановіча", потым думала, як увасобіць у музыцы яго апавяданне "Музыка". А тут узгадала "Апокрыф" - і адразу зразумела, што з гэтага можа нешта атрымацца.

- А чыё лібрэта, драматургія мюзікла?

-Лібрэта пісала сама, прадумвала і агульную драматургію. Выкарыстала некалькі вершаў Багдановіча, увяла ў дзеянне новага героя - Гаспадара. Хрыстос у нашым мюзікле не персаніфікаваны, але ён з'явіцца, не буду пакуль раскрываць тайну, як. У ролі народу выступяць артысты "Госціцы". Шукаючы салістаў, мы рабілі стаўку на творчую моладзь: Ян Жанчак, Віталь Міхалкевіч, Аляксандр Жукаў, Уладзіслаў Даніловіч. Што ж да жанравага кірунку новага твора, дык спачатку, перачытаўшы "Апокрыф", зразумела, што ён цягне на рок-оперу, бо там ёсць канцэпцыйнасць, якую можна праводзіць вельмі акрэслена. У цэнтры рок-оперы, пэўна, апынуліся б апосталы. А ў мюзікле, на маю думку, павінен быць ухіл у бок лірыкі, таму цэнтральным персанажам майго твора стаў Музыка, а гэта значыць- Душа. Хаця, разумеючы, што на дадзеным этапе не будзе тэатральнага ўвасаблення, я ўвогуле хацела адмовіцца ад гэтай дзейнай асобы, але Міхаіл Антонавіч не захацеў рабіць у партытуры купюр...

Што ж, трэба спадзявацца, за канцэртнай версіяй мюзікла-прытчы хутка з'явіцца і тэатралізаваная. Ларыса Сімаковіч жа вядомая не толькі па сваіх кампазітарскіх работах, але і па літаратурных, харэаграфічных (яна нават перамагала некалькі разоў на віцебскім "IFMC"), па сваёй акцёрскай і сольнай вакальнай творчасці і, вядома ж, па цікавых рэжысёрскіх пастаноўках у Вялікай і Малой залах сталічнай філармоніі. Яна ўжо зрабіла рэжысёрскую эксплікацыю "Апокрыфа", засталося толькі ўвасобіць усё гэта на сцэне!..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"