Ялцінскі акцэнт

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Важна, што імя класіка, чыім словам апеты зорка Венера і “маладыя гады, маладыя жаданні”, слуцкія паясы і “белы пух вішняў”, памятаюць нашы суайчыннікі за мяжой, а таксама жыхары тых краін, з лёсамі якіх аказаўся пераплецены лёс Максіма Багдановіча.

- Калі нумар "Культуры" трапіць да чытачоў, мы паспеем правесці ці не дзясятак сустрэч з нашымі суайчыннікамі ў Ялце, а таксама з тамтэйшай грамадскасцю, у тым ліку ў Крымскім гуманітарным універсітэце, - зазначыў Анатоль БУТЭВІЧ. - Таму камандзіроўка беларускай дэлегацыі - наздзвычай плённая. Прыемна, што імпрэзы, прысвечаныя Максіму Багдановічу, адбываюцца ў той жа Ялце пры падтрымцы мясцовага аддзела культуры. Едзем у госці не толькі для таго, каб распавесці пра постаць нашага нацыянальнага генія, але і каб падарыць землякам ягонае слова ў новых выданнях айчынных выдавецтваў. Літаральна ўночы напярэдадні выезду мы атрымалі з друкарні наклад мінітрохтомніка паэта, дзе кожная кніга- дзесяць перакладаў на мовы свету аднаго з найвядомых вершаў Багдановіча. Дарэчы, мо паспрабуеце здагадацца, якіх?

- Для пачатку - "Зорка Венера"...

- Так, маеце рацыю...

- Затым, мусіць, "Слуцкія ткачыхі"...

- Сапраўды, а трэці - "Пагоня". Агульную прадмову напісаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, а кожны з вершаў даручылі прадставіць мне. Густоўна аформіў кніжкі памерам 20х21 см графік Юрый Хілько. Кожны верш у фармаце кнігі мае мае па тысячы экзэмпляраў накладу.

- З якім настроем выпраўляецеся ў Ялту?

- З узнёслым! Памятаеце, як Багдановіч напісаў: "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..."? Вось і мы нібыта едзем на своеасаблівае спатканне з ім. Тым больш, нам выпадзе вялікі гонар наведаць магілу паэта, пакланіцца яму ад імя ўсіх беларусаў...

 

Тым часам

Карэспандэнт "К" звязаўся па тэлефоне з Ялтай, а дакладней - з загадчыкам мясцовага аддзела культуры Людмілай Івановай. Як адзначыла суразмоўца, культурная супольнасць горада са шчырай прыязнасцю вітала прыезд удзельнікаў урачыстасцей з Беларусі і чакае пашырэння далейшага развіцця плённых стасункаў у справе зберажэння Памяці вялікага беларускага паэта. Людміла Міхайлаўна падкрэсліла, што ў Крыме імя Максіма Багдановіча на слыху, сведчаннем чаму з'яўляюцца свежыя кветкі, што заўсёды ляжаць на магіле таленавітага творцы. Акрамя таго, запланаваны шэраг святочных мерапрыемстваў, скіраваных на знаёмства дзяцей і моладзі Ялты з творчасцю Багдановіча.

 

"Цвяткі радзімы"

Цягам 2011-га ў Беларусі праходзілі шматлікія мерапрыемствы, прымеркаваныя да 120-х угодкаў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Чакаюцца яны і на пачатку снежня.

Як распавёў "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Маціевіч, адной з акцый года паэта стаў збор сродкаў на ўстаноўку ў Гродне помніка-бюста Максіма Багдановіча.

У Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У.Леніна 9 снежня плануецца правядзенне літаратурна-музычнай кампазіцыі "Паэт красы, святла і любові" з удзелам студэнтаў філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

А 6 снежня ў Гомелі на сцэне абласнога драматычнага тэатра пройдзе прэм'ерны спектакль "Максім і Магдалена".

У прыватнасці, Гісторыка-літаратурны музей Ялты прымае ў сябе перасоўную выстаўку "Геній зямлі беларускай" з фондаў мінскага Музея паэта, а таксама мастацкую экспазіцыю "У вянок Максіму". Запланаваны ў Крыме і шэраг сустрэч з прыхільнікамі паэзіі, у тым ліку з удзелам беларускай дэлегацыі, выезд якой арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны. У яе складзе - дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп і яго намеснік, пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Апошніх мы заспелі, як кажуць, літаральна на прыступцы ў вагон цягніка да Ялты ў чацвер - дзень здачы нумара ў друк.

 

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах