Чарговы доказ “D.O.Z.SK.I.”

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Адзінае для адзінак?

/i/content/pi/cult/353/6715/pic_26.jpg

ХХІV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску не толькі прадставіў шырокі разгорт м а с т а ц к і х плыняў і агучыў імёны пераможцаў (нагадаем, конкурс сёлета быў нацыянальным), але і ў чарговы раз узняў многія праблемы развіцця пластычнай і танцавальнай тэатральнай культуры.

Гэтая тэма абмяркоўвалася ў кулуарах, гучала са сцэны, узнікала на майстар-класах, прэс-канферэнцыях ды іншых фестывальных мерапрыемствах. А ўзнімалі яе ўсе тыя, каму неабыякавае айчыннае сучаснае харэаграфічнае мастацтва. Сярод членаў журы таксама было шмат тых, хто сочыць за нашым форумам цягам многіх гадоў. Наш выхаванец, а цяпер мастацкі кіраўнік "Кіеў-Мадэрн-Балета", сусветна вядомы харэограф Раду Паклітару прайшоў, здаецца, усе прыступкі віцебскага IFMC. У розныя гады ён быў тут і абдзеленым узнагародамі канкурсантам, і пераможцам, і госцем з адметнай праграмай, і членам журы, і, нарэшце, яго старшынёй.

- Штораз, прыязджаючы ў Віцебск, - распавёў нашаму карэспандэнту Раду Паклітару,- я з радасцю назіраю, як узрастае, сталее і мацнее сучасная беларуская харэаграфія. Для нараджэння і далейшага развіцця такой з'явы, як кагорта маладых беларускіх балетмайстраў, неабходны цэлы букет умоў. Папершае, вядома, - талент. Яго наяўнасць як самы важны і запатрабаваны складнік яшчэ ніхто не адмяняў, бо толькі талент апраўдвае любыя творчыя смеласці і парушэнні агульнапрынятага. Але аднаго таленту замала. Каб харэограф мог рэалізаваць свае памкненні, неабходны выканаўцы, якія маглі б адэкватна працаваць у розных тэхніках сучаснага танца. Нарэшце, патрэбны глядач, для каго ўся гэтая творчасць была б цікавая. Заслуга віцебскага фестывалю ў тым, што ўжо амаль чвэрць стагоддзя ён выхоўвае прагу беларускага гледача да сучаснага танца. Маладыя аўтары могуць прадстаўляць свае работы ў перапоўненых самай спрактыкаванай і дасведчанай публікай залах. Дарога ад першых творчых вопытаў да вялікай сцэны ў сучасным балеце часам настолькі доўгая, звілістая і цяжкая, што толькі адзінкі творцаў знаходзяць у сабе сілы прайсці яе да канца. Віцебскі ж фестываль робіць гэты шлях прамым і хуткім, без калдобін і выбоін,- як пракладзены гасцінец. Дзякуючы гэтаму далейшы лёс творчага цуду пад назвай "маладая /i/content/pi/cult/353/6715/pic_27.jpgбеларуская сучасная харэаграфія" вырашае толькі Талент.

Але ж ці можа фестываль вырашыць усе праблемы? Член журы, мастацтвазнаўца, прафесар Віта Мазурайтэ з Літвы неаднаразова дзялілася вопытам па стварэнні Асацыяцыі сучасных харэографаў, якая стала займацца арганізацыяй майстар-класаў, іншых мерапрыемстваў, штогадовым выданнем буклета са звесткамі пра лепшыя літоўскія пастаноўкі з прыкладзеным да яго DVD. Можа, і нам пераняць тыя напрацоўкі? Больш падрабязна з імі азнаёмілася член журы, загадчык кафедры харэаграфіі БДУКіМ Святлана Гуткоўская, якая некаторы час таму ездзіла ў Вільнюс. Упершыню сёлета была запрошана ў журы маладая даследчыца Святлана Уланоўская, якая, акрамя таго, правяла на фестывалі майстар-клас "Беларускі сучасны танец на парозе новага тысячагоддзя: праблемы і перажыванні". Сапраўды, у параўнанні з тымі ж 90-мі, сучасная харэаграфія, за рэдкім выключэннем, засталася ў нас энтузіязмам адзінак. А той жа IFMC - адзіным месцам па абмене вопытам. Тым больш, беларускія харэографы і калектывы робяць поспехі ў гэтай сферы, усё больш заўважныя ў сусветнай прасторы.

Замежныя госці і эксперты ў адзін голас называюць тыя ж "D.O.Z.SK.I." і іх пастаноўкі харэаграфіяй еўрапейскага ўзроўню, канкурэнтаздольнай на фоне самых "раскручаных" імёнаў. Цяперашняя перамога гэтага тэатра сучаснай харэаграфіі- чарговы таму доказ. Калектыву шэсць гадоў, і ўганароўваецца ён ужо на чатырох віцебскіх фестывалях запар: на двух нацыянальных конкурсах і, што асабліва прыемна, на двух міжнародных. Летась, нагадаем, на міжнародным конкурсе IFMC "D.O.Z.SK.I." атрымалі Першую прэмію, а Дзмітрый Залескі - яшчэ і прэмію імя Я.Панфілава як лепшы харэограф. Сёлета - таксама дзве ўзнагароды: мініяцюра "Пра балет" Д.Залескага адзначана ў намінацыях "Лепшая пастаноўка" і "Выканальніцкае майстэрства".

На здымках: сцэны з балетаў "Пра балет" тэатра "D.O.Z.SK.I.", "Балеро" "Кіеў-Мадэрн-Балета".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"