Знакі лёсу на слуцкіх паясах

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Што “тчэ” новы фільм?

/i/content/pi/cult/353/6714/pic_25.jpgПрыкметнай акцыяй завяршылася музейная восень у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У зале, прысвечанай беларускаму мастацтву XVIII стагоддзя, адбылася прэзентацыя гісторыка-культурнага праекта "Слуцкія паясы - нацыянальная спадчына і гонар Беларусі" да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Арганізатарамі акцыі выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, РУП "Мінская друкарская фабрыка" Дзяржзнака, РУП "Беларускі відэацэнтр" і Нацыянальны мастацкі музей. 

У рамках мерапрыемства, якое было ўпрыгожана аўтэнтычнымі спевамі мінскага этнагурта "Акана", адбылася прэзентацыя настольнага календара на 2012 год "Слуцкія паясы" і прэм'ера хранікальна-дакументальнай стужкі "Слуцкія паясы- знакі лёсу" рэжысёра Валерыі Скварцовай. Каляндар, які выпушчаны накладам паўтары тысячы асобнікаў, і DVD-дыск з фільмам хутка будуць даступны ў кіёсках музея, а таксама ў кніжных крамах па ўсёй Беларусі.

Акцыя павінна стаць таксама спосабам папулярызацыі ўнікальнай спадчыны нацыянальнага мастацтва ў сучасным грамадстве. Большасць сучаснікаў ведае аб такім цікавым вырабе айчынных рамеснікаў, як слуцкі пояс, асноўным чынам - з хрэстаматыйнага верша Максіма Багдановіча. Але падрабязнасці яго вытворчасці, як і сам выгляд знакамітага нацыянальнага брэнда, многім беларусам, на жаль, не вядомы. Акцыя "Слуцкія паясы - нацыянальная спадчына і гонар Беларусі" якраз і павінна змяніць дадзенае становішча, яшчэ раз заявіць аб унікальным характары гэтай часткі беларускай культуры.

Постаць галоўнага заснавальніка Слуцкай мануфактуры- Міхаіла Казіміра Радзівіла "Рыбанькі" - стала адной з дзейных асоб стужкі рэжысёра Валерыі Скварцовай і сцэнарыста Галіны Злабенка. Перад прэм'ерай карціны яе аўтары акрэслілі галоўную праблему, што ўзнікла пры працы над фільмам, дарэчы, добра вядомую ўсім, хто працуе ў жанры гістарычнай кінадакументалістыкі. "Візуальнага матэрыялу аб слуцкіх паясах вельмі мала, таму стужка атрымалася не такой візуальна насычанай, як нам хацелася", - адзначыла сцэнарыст стужкі Галіна Злабенка.

Лейтматывам карціны "Слуцкія паясы - знакі лёсу" стала знакамітая песня на вершы Максіма Багдановіча, музыку да якой напісаў Пясняр Уладзімір Мулявін. У стужцы паслядоўна расказваецца і паказваецца, як узнікла і развівалася Слуцкая мануфактура, што слуцкі пояс уяўляў з сябе для тагачаснага шляхціча, якім чынам яго насілі, што ён сімвалізаваў. Аўтары фільма скарысталіся дапамогай супрацоўнікаў Музея старажытнай беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея, у калекцыі якіх знаходзяцца фрагменты і экзэмпляры слуцкіх паясоў. Наведала здымачная група "Белвідэацэнтра" і старажытны Слуцк, каб на свае вочы ўбачыць, чым жывуць нашчадкі колішніх знакамітых ткачоў.

На жаль, абмежаваныя магчымасці не дазволілі зрабіць стужку больш яркай і запамінальнай для шараговага гледача: яна амаль цалкам пабудавана на сінхронных інтэрв'ю навукоўцаў - спецыялістаў па мінулым беларускага мастацтва. Прадставіць на экране ўсю неверагодную палітру слуцкіх паясоў сёння таксама вельмі складана: большасць спадчыны мануфактуры Радзівілаў на сённяшні дзень знаходзіцца ў музеях і прыватных калекцыях іншых краін. Такім чынам, паказаць усё багацце беларускага нацыянальнага мастацкага брэнда, які лёг у аснову вытворчасці многіх мануфактур Еўропы, здолеюць толькі аўтары наступных твораў аб слуцкіх паясах, якія, мы спадзяёмся, неўзабаве з'явяцца. А пакуль нам застаецца радавацца таму факту, што пры асвятленні і прапагандзе лепшых твораў нацыянальнага мастацтва ўжываецца комплексны падыход, які, безумоўна, дае свой плён.