Па методыцы сэрца

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Напрыканцы лістапада ў Інстытуце журналістыкі БДУ адкрылася мемарыяльная аўдыторыя імя легендарнай асобы беларускага кінамастацтва — крытыка Ефрасінні Бондаравай. Знакавая для журфака падзея сабрала дзясяткі вучняў і калег адной з пачынальніц айчыннай школы кінакрытыкі.

Тое, што сёння ў нацыянальнае кіно прыходзяць усё новыя і новыя пакаленні маладых людзей, - у многім заслуга Ефрасінні Леанідаўны, якая запаліла сваёй любоўю да гэтага віду мастацтва. Такая думка неаднаразова падкрэслівалася пад час урачыстага адкрыцця аўдыторыі № 320, што з гэтага дня будзе насіць імя слыннага прафесара, кіназнаўцы і кінакрытыка. Ініцыятарам узнікнення такога пакоя выступіла кіраўніцтва кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі.

Менавіта актыўная жыццёвая пазіцыя і шматгранны талент кінакрытыка Бондаравай зрабілі магчымымі выхад у свет паўнавартасных манаграфій пра пачынальнікаў беларускага кінематографа - Юрыя Тарыча і Уладзіміра Корш-Сабліна. Асобна ў друкаванай спадчыне Ефрасінні Леанідаўны стаіць зборнік інтэрв'ю з народным артыстам СССР, рэжысёрам Віктарам Туравым пад назвай "Ад сэрца да сэрца".

Менавіта такім шляхам ішла ўсё жыццё і сама прафесар Бондарава, і тое ж самае яна заўсёды раіла рабіць сваім вучням. Сёння студэнты журфака маюць магчымасць атрымліваць веды ў новай, адмыслова абсталяванай на спонсарскія сродкі мемарыяльнай аўдыторыі, якая, па сутнасці, з'яўляецца Музеем прафесара: у экспазіцыі - фоталетапіс яе жыцця, старонкі ейных артыкулаў, апошні з якіх выйшаў пасля яе сыходу ад нас. На пачэсным месцы змясціліся ўнікальныя альманахі "Аўтограф", што, пачынаючы з канца шасцідзясятых, разам са студэнтамі выпускала Ефрасіння Леанідаўна. На старонках - унікальныя радкі - першыя творчыя крокі яе вядомых вучняў, якія сталі гонарам нашага мастацтва і культуры.

Такім чынам, у Мінску з'явіўся яшчэ адзін музей - музей Настаўніка, Асобы, сапраўднага прафесіянала, прыклад якога павінен быць добрым арыенцірам для ўсіх, хто абраў у сваім жыцці творчы шлях.