Дэміург і дыханне ветру

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Драўляны кінасусвет народнага майстра

/i/content/pi/cult/353/6712/pic_24.jpgСамабытнае, інсітнае мастацтва - пласт культуры, які часцяком вельмі цяжка паддаецца апісанню і класіфікацыі навукоўцамі, але з задавальненнем бярэцца "на пяро" прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Часцей за ўсё народныя майстры і іх вырабы "ўпрыгожваюць" сабой святочныя рэпартажы: яркія, крыху наіўныя творы самавукаў добра выглядаюць на экране ды ў адпаведных газетных раздзелах. Заўсёды з задавальненнем бяруцца працаваць з народнымі мастакамі кінадакументалісты, бо тэма народнага мастацтва - заўсёды дабрадатная, дзякуючы добрай фактуры, якая так і просіцца ў кадр. 

Новая стужка вядучага беларускага рэжысёра-дакументаліста, члена Еўрапейскай кінаакадэміі Віктара Аслюка "Драўляны народ" апавядае менавіта пра асобу аднаго з такіх народных майстроў- Міколу Тарасюка з вёскі Стойлы Пружанскага раёна. Чалавек сталага веку, Мікола Тарасюк займаецца незвычайнай разьбой па дрэве: майстар выразае мініяцюрныя фігуркі людзей, птушак, коней, пабудоў і гэтак далей, ды стварае з іх асобны цацачны свет на заднім двары сваёй сядзібы. Кампазіцыі з фігурак уяўляюць з сябе розныя этапы і перыяды жыццядзейнасці вясковага чалавека, найбольш значныя абрады, сельскагаспадарчыя работы: нараджэнне, хрэсьбіны, вянчанне, каляндарныя святы і пахаванне - усё дзіўным чынам, у мініяцюрным выглядзе прадстаўлена літаральна на некалькіх дзясятках квадратных метраў сялянскай сядзібы. Зрэшты, пра гэтага адметнага майстра мы ведаем нямала праз шматлікія тэлепраекты, альбом, прысвечаны ягоным работам. Ды і "К" неаднойчы пісала пра Мікалая Васільевіча.

Постаць сталага майстра, яго праца ды самі незвычаныя фігуркі з'яўляюцца складнікамі стужкі. Верны абранаму амаль дзесяцігоддзе таму мінімалістычнаму стылю, Віктар Аслюк выступае ў "Драўляным народзе" як абсалютны назіральнік, фіксуючы толькі знешнія абставіны, не прапануючы гледачу закадравага тэксту або тлумачальнай дадатковай інфармацыі. У часы нават залішняй экраннай ды іншай інфармацыі такая стрыманасць выглядае цалкам слушнай, яна вельмі ўздзейнічае на ўважлівага і ўражлівага гледача.

У адрозненне ад папярэдняй стужкі "Рабінзоны з Манцісары", якая доўжыцца амаль гадзіну, у "Драўляным народзе" Віктар Аслюк вярнуўся да звыклай для сябе паўгадзіннай формы аповеду, куды рэжысёр, думаецца, паспеў змясціць цэлы сусвет. Пачынаецца стужка з таго, што стары майстар выбірае матэрыял для будучых работ, доўга ходзіць між дрэў, выглядвае патрэбны кавалак, з якога потым "народзіцца" чарговы член маленькага "грамадства". Пасля герой ідзе ў сваю сядзібу і пачынае майстраваць фігуру. Усё дзеянне суправаджаецца сінхронна запісанымі фразамі-маналогамі галоўнага героя, што не выклікаюць уражання нейкага звязанага тэкста або гісторыі. Гэта развагі пра жыццё, свет, незвычайнае "хобі".

Рэжысёр паступова, крок за крокам, раскрывае нам "таямніцу" захаплення галоўнага героя. Гатовыя фігуркі ўзнікаюць далёка не на першай хвіліне карціны, глядач, разам з аб'ектывам відэакамеры, паступова набліжаецца да іх казачнага свету і паволі "апускаецца" на іх узровень, пачынае існаваць між прадстаўнікоў "драўлянага народа", становіцца яго "часткай". Невялічкія, у некалькі сантыметраў, фігуркі, сканцэнтраваныя на вельмі абмежаванай прасторы, нечым нагадваюць папулярны дзіцячы канструктар. Фігура самога майстра на іх фоне выглядае нейкім "дэміургам", які стварае і назірае за сваім асабістым светам, што надае "Драўлянаму народу" старазапаветнае гучанне.

Прыкметна, што рэжысёр не замыкаецца адно на асобе старога майстра і яго вырабах. Віктар Аслюк не канцэнтруе ўвагу на шматразова адлюстраваным у дакументальным кіно сялянскім побыце, а перадае адчуванне акаляючага народнага майстра асяроддзя праз гукі і імгненныя вобразы ветру, дрэў, птушак. Такім чынам, на экране з'яўляецца дзіўны эфект ад вобраза тоеснасці паміж чалавекам і сусветам, нараджаецца непаўторнае адчуванне нейкага агульнага закону, паводле якога існуе жыццё на зямлі.

Творчасць Міколы Тарасюка неаднойчы рабілася прадметам пільнай увагі калег-журналістаў, упрыгожвала выстаўкі народнага рамяства, але, трапіўшы ў аб'ектыў здымачнай групы Віктара Аслюка, упершыню набыла філасофскае, агульначалавечае значэнне, якое сягае далёка за межы роднага для майстра раёна і нават нашай краіны. Амаль без слоў, стужка нагадвае аб хуткаплыннасці часу, аб шчыльнай повязі жыццёвага цыкла чалавека з акаляючым прыродным наваколлем.

Нацыянальная прэм'ера "Драўлянага народа" адбылася на Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад-2011", а днямі карціна будзе паказана ў Маскве ў рамках прэстыжнага кінафоруму дакументалістыкі "Артдакфэст".

На здымках: кадр з фільма "Драўляны народ".