Канструкцыя прасторы

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Аазісы, вытокі і фрэскі

/i/content/pi/cult/353/6711/pic_23.jpgУ галерэі Тызенгаўза, што ў Гродне, працавала выстаўка Сяргея Шэмета "Вяртанне да вытокаў". Эстэтычным асэнсаваннем тых духоўных крыніц, якія наталяюць творчы патэнцыял мастака, прасякнута канцэпцыя экспазіцыі. 

Усё пачынаецца з родных мясцін, дзе нарадзіўся Сяргей, таму на выстаўцы прадстаўлена шмат пейзажаў Гродзеншчыны, афарбаваных тонкімі эмацыйнымі перажываннямі аўтара. На палотнах палымнеюць чырванню заходзячага сонца абрысы знаёмых будынкаў у Ашмянах, ціха дрэмлюць у празрыстай шэрані дня вежы замка ў Гальшанах, захоўваюць сівую даўніну дахі горада над Нёманам. Настальгічная нотка гучыць у рабоце "Яблыневы сад", дзе цеплыня пачуццяў разліта ў прыродным асяроддзі і запрашае перанесціся ў чароўны свет задумлівай дабрыні. Як успамін-мара ўспрымаецца твор "Аазіс", дзе ў алегарычнай форме аўтар сцвярджае глыбокую ўнутраную сувязь чалавека з той маленькай кропкай на абшарах зямлі - бацькоўскай хатай.

Вызначаючы духоўным апірышчам ідэалы Кнігі кніг - Бібліі, - С.Шэмет тактоўна інтэрпрэтуе сакральныя сюжэты. У творы "Зацьменне сонца", па-філасофску асэнсоўваючы маральны выбар асобы, мастак суадносіць змены ў стане нябеснага свяціла з магчымымі экзістэнцыяльнымі альтэрнатывамі ў лёсе чалавека. У кананічным сюжэце "Дабравешчанне", да якога звярталіся мастакі цягам стагоддзяў, зверхпачуццёвы "боскі" сэнс увасабляецца аўтарам у першую чаргу - у вобразе Марыі, які падаецца з пэўнай долей умоўнасці, чым падкрэсліваецца яе незямная сутнасць. Абавязковая фігура архангела, выяўленая ў незвычайным ракурсе, лунае ў нябёсах і ледзь чытаецца на палатне, канцэнтруючы тым самым увагу на постаці будучай Божай Маці. Мігценне ж у ідэальнай прасторы золата з блакітам нагадвае каларыстыку старажытнай фрэскі, што ўзмацняе эстэтычны эфект твора.

Сяргей Шэмет - мастак шырокага творчага дыяпазону. Візуалізавана-рэалістычныя пейзажы дапаўняюцца ў яго відарысамі, напоўненымі імпрэсіяністычнай уражлівасцю ("Замак у Гальшанах") ці элегантнай дэкаратыўнасцю мадэрна ("Стары сад"). Большасць жа кампазіцый пабудавана на сімвалічнай асацыятыўнасці, калі аўтар стварае асабіста сканструяваную ўмоўную прастору з па-філасофску шматзначнай вобразнасцю ("Кіданне касцей", "Анёл").

Марына ЗАГІДУЛІНА

Гродна