Віртуозныя афорты

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

“Выставачны” погляд на графікаў

/i/content/pi/cult/353/6710/pic_20.jpgЛёс падарыў нам гэтага мастака, які ўсё жыццё быў уражаны цудам быцця, багаццем і шматзначнасцю рэчаіснасці, сілай і характарам прыроды, а таксама чалавека ў ёй. Ён натхнёна запальваў нас пачуццём прыналежнасці да роднай зямлі, і тым самым дастойна выканаў у сваёй кароткай біяграфіі вельмі важную місію - мастакоўскую, грамадзянскую і чалавечую. Гаворка - пра таленавітага творцу Леаніда Марчанку, якому сёлета споўнілася б семдзесят. Але да свайго юбілею ён не дажыў 15 гадоў... 

І вось я гляджу яго выстаўку, якая працуе ў Нацыянальным мастацкім, углядаюся ў даўно знаёмыя творы, і ўспамінаю... Ягоную майстэрню, дзе нярэдка бываў і бачыў многія эстампы, малюнкі і акварэлі: і тыя, што ўжо выстаўляліся і былі задуманы ў творчых паездках, і тыя, што не паспявалі набыць "выставачны" выгляд, і "крэмзалкі" - натурныя накіды, якія часам былі не менш цікавыя за гатовыя кампазіцыі... І яшчэ памятаю, як ягоны афорт "Лета" з нізкі "Мінск" набыла Траццякоўская галерэя, прэміі за бліскучыя афорты, што экспанаваліся на ўсесаюзных выстаўках графікі... А колькі было іншых сустрэч: на вернісажах, на розных мерапрыемствах у Саюзе мастакоў і проста на вуліцах Мінска, які мастак, родам з Бабруйшчыны, лічыў сваёй другой радзімай...

А яшчэ ён страсна любіў вандраваць па далёкіх паралелях і мерыдыянах. І не проста- як турыст, а маляваць усё, што бачыў, напаўняючы сваю душу новымі ўражаннямі і "набіваючы" прафесійную руку: ад беларускіх навабудаў да велічна-мяккіх вобразаў жанчын Палесся, ад Крыма да старых караблёў Карскага мора, ад манументальнай прыроды Крайняй Поўначы да туркменскай экзотыкі, ад дацкіх дзюн да берагоў Прыпяці, ад летняй прахалоды бамаўскай Залацінкі да няўрымслівых рытмаў Гродна, ад енісейскіх парогаў да краявідаў азёр Чаросава, Бледнае, Варанец, Белае... Калісьці народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч падкрэсліў: "...Марчанка выдатна адчувае мяккасць і серабрыстасць літаграфіі, жорсткасць і спеўнасць лінарыту, цякучасць і рознакаляровасць акварэлей, поўных паветра і святла..."

Але, канешне ж, светланосны афорт быў самай /i/content/pi/cult/353/6710/pic_21.jpgулюбёнай яго тэхнікай, у якой ён дасягнуў віртуознага майстэрства. Дарэчы, творца сам "нараджаў" свае афорты: і шліфаваў пласціны, і травіў, і друкаваў, прытым, што пастаянна даводзілася ўдыхаць атрутную пару азотнай кіслаты ды іншых хімічных рэактываў. Проста, ён не мог даверыцца майструдрукару, бо баяўся, што потым трэба будзе нешта дарабляць ці перарабляць. А як жа інакш? Леанід Максімавіч дакладна разумеў, што "ў белых пальчатках у мастацтве шмат не наробіш". Такі ён быў - чалавек з вялікім талентам і залатымі рукамі. Скажу шчыра, што ў Беларусі падобных афартыстаў было не многа.

Канешне, у экспазіцыі прадстаўлена толькі малая частка ягоных твораў: каля 50 эстампаў, малюнкаў і акварэлей. Але адбор быў зроблены вельмі прафесійна, і нават па гэтым "фрагменце" можна больш-менш поўна ўявіць галоўныя прыхільнасці, тэмперамент мастака і яго вечнае памкненне знайсці сваю птушку шчасця...

/i/content/pi/cult/353/6710/pic_22.jpgТут жа, у выставачнай зале, экспануюцца і некалькі графічных твораў заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, прафесара Паўла Любамудрава, які, дарэчы, напрыканцы 1960-х - на пачатку 70-х быў адным з настаўнікаў Леаніда Марчанкі ў БДТМІ. Сёлета яму споўнілася б 95 гадоў. Ён працаваў у станковай графіцы, але ў гісторыю выяўленчай культуры Беларусі ўвайшоў перш за ўсё як выдатны педагог, што за чвэрць стагоддзя выхаваў некалькі пакаленняў таленавітых графікаў- цвет сённяшняга беларускага мастацтва. Уласна ў творчасці ён пакінуў спадчыну невялікую, і таму экспазіцыя ягоных твораў, якія ўзяты з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея і Беларускага саюза мастакоў, прадстаўлена сціпла, прынамсі, у параўнанні з выстаўкай Леаніда Марчанкі вельмі прайграе. Тым не менш, нават па гэтых некалькіх жанравых, пейзажных і партрэтных творах можна сказаць, што Павел Канстанцінавіч, тыповы прадстаўнік савецкай акадэмічнай школы, вельмі добра валодаў алоўкам і пяром, цудоўна адчуваў "законы" прасторавай кампазіцыі. Асабліва ў аркушах, прысвечаных Вялікай Айчыннай.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"