Зваротная гісторыя

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Калі Бог дае сёння нам спору ў працы надзённай, шэрай, мы й не задумваемся, што плён яе з часам можа ператварыцца ў нейкі сімвал, стаць аб’ектам масавага пакланення. Так і манахі-лесасекі на самым пачатку ХVІ стагоддзя і ў думках не мелі, што бярвенні, сплаўленыя з Беларусі ў Вільню, праз пяць стагоддзяў вернуцца на родную зямлю ў выглядзе цудадзейнага Крыжа і стануць нагодай для незвычайнага кінасюжэта, які можна назваць — Зваротная гісторыя

 /i/content/pi/cult/131/671/Zvarotnaja historyja1.jpg
 Панарама Вільнюса. Злева - касцёл Святой Ганны.
Будавалася, пашыралася ў ХVІ ст. Вільня. Вялікі князь Аляксандр Ягелон доўжыў справу свайго бацькі Казіміра, які заснаваў тут ордэн бернардынцаў. Аляксандр падарыў Віленскаму кляштару 6000 моргаў Маркаўска-Матыцкай пушчы над ракой Сэрвеч у межах прытокаў Зуі і Турэка з правам высечкі драўніны. І працалюбівыя манахі ўзяліся за справу. Між іншым вырастала й паселішча Буда, што пазней стала звацца Будславам.
Манахі валілі хвоі цягам недзе 10-12 дзён на сутыку студзеня і лютага, калі драўніна была самая смалістая. Падцягвалі бярвенні коньмі, тралявалі па снезе да рэчкі, там складвалі іх у чаканні чыстае вады, а пасля вязалі плыты і, памаліўшыся, па Сэрвечы і Віліі сплаўлялі ў Вільню. Колькі часу рачныя плыні неслі іх плыты, колькі прыпынкаў, начовак, набажэнстваў ладзілася ў дарозе — невядома. А вось сведчанне аб прыбыцці першых вязанак бярвенняў у Вільню задакументавана дакладна: 1507 г. Гэта ж роўна пяцьсот гадоў таму!
Шмат што было ўзведзена тады ў Вільні з беларускага “будматэрыялу”. Але — час, час: пажары і войны, розныя перабудовы, рэканструкцыі… Дакладна вядома, што драўлянае перакрыцце сусветнага цуда архітэктуры — касцёла Святой Ганны — было змайстравана з пушчанскага лесу. Праўда, пры пазнейшых перабудовах старыя брусы замянілі.
Але літаральна побач — сцяна ў сцяну — вялізнейшы кляштар бернардынцаў. Амаль што стагоддзе быў ён у заняпадзе: высілася побач з Св. Ганнай велічная пабудова, заўсёды замкнёная, вонкава з абшарпанымі мурамі, засмечаным дваром, з чарапіцай, што час ад часу сыпалася з даху. Унутры — рэшткі разьбянага алтара, родавыя пахаванні прозвішчамі: Ваньковічы, Пацы, Радзівілы… Улады, што змянялі тут досыць часта адна адну, не толькі не мелі сродкаў аднавіць ці парушыць святыню, але й не маглі прыдумаць, пад што памяшканне выкарыстаць. У выніку — не чапалі. Гэта — на наша шчасце.
І вось што высветлілася ўрэшце: будынак бернардынскага кляштара — адзіны ў Вільні, які з моманту пабудовы не гарэў, не ведаў рэканструкцыі, не быў зруйнаваны. І таму ў ім захаваліся бярвенні, якія паўтысячы гадоў таму прыбылі з Беларусі! Экспертыза дала гэтаму пацвярджэнне. Брусы ў сячэнні 45 на 45 сантыметраў, даўжынёйда 12 метраў, апрацаваны сякерай. Трухлявы слой сантыметры ў тры знялі, а там — чыстая светлая драўніна, пры пілаванні нават адчуваецца пах смалы! Навошта ж абпілоўвалі? Кляштар сёння ў рэканструкцыі, перакрыцце мяняюць на металічнае. А старыя бярвенні, калі беларусы выказалі да іх такую цікаўнасць, літоўцы афіцыйна, па дакументах, прэзентавалі нам. З іх боку подпіс паставіў біскуп Тунайціс, з нашага — біскуп Антоні, магістр Ул.Завальнюк — дарэчы, завадатар акцыі — і Будслаўскі пробашч Віктар. Цяпер гэта — наша маёмасць.

* * *
З бярвенняў тых зрабілі вялікі Крыж вышынёй два з паловай метры, вагой пад два з паловай цэнтнеры і ўсталявалі яго ў цэнтры кляштара. Раніцай 24 чэрвеня да яго прыйшло столькі вернікаў, колькі ён, пэўна, не бачыў нават у свае лепшыя часы! З Беларусі прыбылі аўтобусы вернікаў.
 /i/content/pi/cult/131/671/Zvarotnaja historyja.jpg

 Вёска Міхалішкі. Вынас Крыжа.

Адных толькі беларускіх хораў прыехала ажно тры: мужчынскі “Сымонкі” з вытанчаным, вельмі складаным рэпертуарам (кіраўнік — А.Абрамовіч), змешаны “Паланэз” пад кіраўніцтвам Я.Брычкоўскай, і пяцідзесяцігалосы дзявочы хор “Голас душы” Т.Гажэўскай — абавязковы ўдзельнік усіх імпрэз нашага Чырвонага Касцёла. Якая акустыка ў неабсяжнай прасторы кляштара, як узляталі пад скляпенні і луналі рэхам галасы беларусаў, з якім натхненнем і ўзнёсласцю спявалі!
Пасля набажэнства Крыж на руках неслі па горадзе, да Катэдры, дзе яго й асвяцілі. Хор “Голас душы” спяваў і там, здзівіўшы вакальным майстэрствам віленцаў, што сабраліся на нядзельную імшу і перанялі наш святочны настрой.
Нашы хлопцы-асілкі ўдзевяцёх данеслі Крыж да помніка князю Міндоўгу, рупліваму збіральніку Вялікага княства Літоўскага . Усклалі кветкі — букет, адмыслова сплецены беларускімі майстрамі-ўмельцамі з саломкі.
А на рацэ ўжо стаяў напагатоў, “пад параю”, цеплаходзік, на носе якога і ўсталявалі наш Крыж. І, пагудзеўшы, карабельчык рушыў па рэчцы Нерыс — працягу нашай Віліі — на Беларусь.
Пачатак пілігрымкі быў вызначаны невыпадкова: 24 чэрвеня — свята Яна Хрысціцеля. А на 2 ліпеня, калі было запланавана прыбыццё Крыжа ў Будслаў,— свята Цудадзейнай іконы Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. Наперадзе — 306 кіламетраў па воднай сістэме: вадасховішчы, рэчкі, рачулкі… І ўсё — супраць плыні. Пачынаючы пілігрымку, ніхто не ведаў, што нас чакае, якія выпадуць выпрабаванні ў гэтым “крыжовым” шляху.

* * *
Цяжка было пяцьсот гадоў таму бернардынцам весці плыты па рачной сістэме. Але ўсё ж спускаліся па плыні, ды і рэкі тады больш глыбакаводныя былі. Шлях па Беларусі — ізноў падкрэсліваю: супраць плыні! — пачаўся з памежнай вёсачкі Быстрыца. Тут Крыж сустрэлі дванаццаць дужых хлопцаў на сямі маторных лодках. Гэта былі юрысты, інжынеры, медыкі, механікі, спартсмены, але прага вандровак вырывае іх са службовых крэслаў, склікае з розных куткоў Беларусі. Зараўлі маторы: “Віхры”, “Хонды”, “Ямахі”. Знікае за лесам званіца Крыжаўзвіжанскага касцёла, пабудаванага ў 1523 г. па загадзе караля Жыгімонта I. На носе ў кожнай з сямі лодак — блакітны сцяг з выявай Маці Божай, ахоўніцы Мінска. На самай вялікай лодцы — Крыж. Не ўсім з сямі ўдалося дайсці да Будслава, але мы пра гэта тады яшчэ не ведалі…
 /i/content/pi/cult/131/671/Zvarotnaja historyja2.jpg
 Унясенне Крыжа.
Пад вечар “эскадра” прычальвае ў Міхалішках. Збор у гонар Святога Міхала быў тут пабудаваны ў 1653 г. на левым беразе Віліі ордэнам аўгусцінаў па праекце архітэктара К.Пэнса. Фундатар — Ян Цыпрыян Бжастоўскі, а перабудову фінансаваў яго нашчадак — Цыпрыян Павел Бжастоўскі. Аздабленне зрабіла арцель умельцаў пад кіраўніцтвам Перці з Фларэнцыі і мясцовага майстра Жылевіча. Але нам не да гісторыі: трэба выпростваць плоскасці вінтоў, пагнутых на падводных камянях. На вогнішчы гэтага не зробіш — згараць гумовыя ўтулкі. Мясцовыя кавалі запальваюць газавыя гарэлкі, бяруцца за малаткі… А стомленых “крыжавозцаў” частуюць сырадоем. Наступная начоўка — пад Жодзішкамі. Былыя ўладальнікі мястэчка — магнаты Забжэзінскія, Кішкі, пасля— Камары і Міцкевічы, яшчэ пазней — Ласкарысы, Мілашэўскія, Бакшанскія. Езуіцкі касцёл у імя Святой Тройцы пабудаваны ў 1612 г. Калегіум прыбудаваны паводле плана прафесара Віленскага універсітэта Тамаша Жэброўскага.
Ды нам зноў клопат — рамонт! Першы матор ушчэнт пакарэжаны на водмелях. Першая лодка сыходзіць з дыстанцыі. Перашкоды на водным шляху аказаліся куды больш цяжкімі, чым здавалася пры планаванні. Рачныя водмелі ў спалучэнні з несупынным дажджом пагражалі зрывам графіка руху. Замаячыла пагроза: не будзе ў Будславе напярэдадні свята Цудадзейнай іконы.
А на адной жа з лодак у герметычным футарале знаходзілася копія тае іконы з незвычайным лёсам.
Копію напісала праваслаўная мастачка Эва Крыштаповіч, якая тую ікону прысніла. Фарбы яна вытрымлівала ў хатнім ледніку, каб даведацца, як яны будуць “паводзіць сябе” ў люты мароз. Навошта? У Цудадзейнае выявы і лёс павінен быць незвычайным. Чацвёра нашых альпіністаў у верасні 2006-га скарылі адну з найвышэйшых вяршынь Гімалаяў — Айдзі-Кайлас. І ў тую экспедыцыю ўзялі з сабой Эвіна палатно, папярэдне асвечанае. І вось адтуль, з “Даху свету”, Маці Божая Будслаўская, Апякунка Беларусі, блаславіла нашу зямлю. Дарэчы, у экспедыцыі ёсць трое з тых альпіністаў.
Наступнай ноччу намёты ладзілі пад Смаргонню: сюды дайшлі ўжо толькі пяць лодак. Пробашч Завальнюк сцягваў лодкі з меляў, бадай, жвавей за іншых, начаваў, як усе, ля вогнішча. Тут і распавёў пра мясцовы касцёл у гонар Святога Міхала, пабудаваны ў ХVІ ст., фундатарам якога быў ваявода брэст-літоўскі Крыштаф Зяновіч, а скончыў пабудову ягоны сын Ежы.
Жвава панесліся нашы маторкі па Вілейскім вадасховішчы, адчуўшы ўрэшце прастору і “сем футаў пад кілем”! Вось і Вілейка. Першая згадка ў летапісах пра горад — у 1599. Былі гэта валоданні магнатаў Пацаў. Крыжаўзвіжанскі касцёл, пабудаваны па праекце архітэктара Аўгуста Клейна, не стары: пачатак ХХ ст. А рэчка ўсё вузейшая і плытчэйшая. На маторы з пабітымі, пагнутымі вінтамі давялося забыцца — вяслуем. У Крывічы дабраліся ўсяго чатыры нашыя “лінкоры”.
Мястэчка належала магнатам Кішкам, затым — Швыкоўскім. Але зафундаваў у ХVІІІ ст. будаўніцтва касцёла трынітарыяў у гонар Святога Андрэя на беразе рачулкі Сэрвеч Троцкі падкаморый Анджэй Укольскі. Непаўторны разьбяны алтар зроблены Антакольскім.
У апошнім пераходзе, 1 ліпеня, не спатрэбіліся й вёслы: праз хмызняковыя непралазныя зарасні цягнем тры лодкі — волакам. Урэшце — Будслаў.

* * *
У 1598 г. мінскі ваявода Якаў Пац прывёз з Рыма ад папы Клемента VІІІ ікону Маці Божай. Пасля смерці Паца ў 1610 г. абраз перайшоў да ксяндза Ісаака Салакая, што служыў у Даўгінаве. А ў 1613 г. Салакай ахвяраваў яго будслаўскім бернардынцам. Абраз змясцілі ў капліцы Св. Барбары, але, па паданнях, тройчы аказваўся ён па-за сценамі капліцы. Парафіянамі і святарамі тое было ўспрынята як знак: абразу патрэбна свая, асобная пабудова, і тады пачалося ўзвядзенне вялікага касцёла з 50-метровым фасадам у гонар Небаўзяцця. Гэта адбылося ў ХVІІІ ст. Па сценах — старажытныя фрэскі: парадныя партрэты папаў Сікста IV, Cікстa V, Мікалая IV, Аляксандра V— творы мясцовых мастакоў, чые імёны не захавала гісторыя. Ад былога касцёла засталася прыбудоўка, якая цяпер служыць капліцаю. Дастаўлены намі з Вільні Крыж назаўсёды заняў ганаровае месца перад Цудадзейнай. А копія, што падымалася на Гімалаі, вернецца ў Мінск. Да дваццаці тысяч вернікаў, якія сышліся 2 ліпеня ў Будслаў з усяе Беларусі, звярнуліся святары з такою ідэяй: наступным годам несці каменне са сваёй зямлі, свайго двара, з гарода і ўскладаць на плошчы да падножжа Крыжа. Рукачынная каменная гара стане месцам споведзі, набажэнстваў, добрых сустрэч. І хай расце так, каб спачатку з вяршыні яе бачна была Мядзельшчына, затым — Віцебшчына, а з часам — і ўся Беларусь.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр