“Залатая сотня” з пяці тысяч

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

1 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка “Мастацтва суверэннай Беларусі. Новыя паступленні ў музейныя калекцыі 1991 — 2011”.

/i/content/pi/cult/353/6709/pic_19.jpgЯк паведаміла "К" намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НММ Надзея Усава, за гэтыя гады ў асноўны фонд музея паступіла пяць тысяч твораў. Частка з іх была набыта за кошт сродкаў Міністэрства культуры краіны, частка - дзякуючы грантам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама вялікая колькасць работ прэзентавана ўстанове самімі мастакамі, іншымі музеямі, мецэнатамі...

Творчасць звыш паловы членаў Беларускага саюза мастакоў прадстаўлена ў фондзе НММ. Большая частка навінак гадоў незалежнасці - гэта менавіта работы айчынных майстроў. Гонар калекцыі - жывапіс, графіка ды скульптурныя кампазіцыі народных мастакоў Беларусі. У музеі, вядома ж, прадстаўлены і "новыя імёны" - 76 жывапісцаў, чыіх работ не меў раней дзяржзбор. Тактыка апошніх гадоў - падарункі музею ад маладых мастакоў - дае магчымасць пазнаёміцца з іх творчасцю.

Музеем атрыманы ў дар, а таксама і набыты творы жывапісца Пятра Сергіевіча (3 карціны) і графіка Анатоля Каплана (больш за 300 аркушаў). Пачаў фарміравацца збор работ беларусаў замежжа ХХ стагоддзя: Яна Кузьміцкага, Лявона Тарасевіча, Мікалая Пашкевіча, Галіны Дакальскай, Барыса Заборава, Вячкі Целеша. А Дзяржпраграма "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гг. дазваляе мэтанакіравана набываць нацыянальную класіку XVIII - 1-й паловы ХХ стст. (да прыкладу, саламяныя "Царскія вароты" Алены Лось - копія царкоўных варот з Брэстчыны паловы XIX стагоддзя).

У апошняе дзесяцігоддзе, зазначаюць у Нацыянальным мастацкім, актывізавалася супрацоўніцтва з мытнымі органамі. Яго вынік - папаўненне калекцыі старажытнабеларускага мастацтва і іканапісу. У асобную калекцыю ўвайшоў каштоўны збор стараверскага меднага ліцця.

Якія яшчэ тэндэнцыі праявіліся апошнім часам? Па меркаванні супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага, усё сведчыць пра адыход аўтараў ад "вялікіх" тэм, "на кані" цяпер - жанры: партрэт, нацюрморт, пейзаж. Сталі закупляцца і фармальныя палотны, што немагчыма было ўявіць у савецкі час.

А на самой выстаўцы з пяці тысяч твораў прадстаўлена толькі каля сотні работ. Адбор быў вельмі жорсткі, і музейшчыкі імкнуліся паказаць яскравыя, знакавыя творы, якія найбольш поўна адлюстроўваюць тэндэнцыі часу. Гэта і скульптура, і графіка, і, зразумела ж, жывапіс. Паасобку ад асноўнай часткі экспазіцыі будуць прадстаўлены шаснаццаць работ Напалеона Орды, закупленыя таксама апошнім часам.

На здымку: пад час вернісажу.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётр ОВАД