Брэсцкі певень на “лішнім” паверсе, або “Генеральная фішка” ашчаднай джэнтрыфікацыі

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Адразу два пытанні нашых чытачоў на апошняй, вераснёўскай, “гарачай лініі” міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі ў рэдакцыі “К” датычыліся захавання гісторыка-культурнай спадчыны Брэста. Адрасанты звярталі ўвагу на канкрэтныя аб’екты — двухпавярховую камянічку па вуліцы Савецкай і сем драўляных дамкоў, ацалелых ад колішняй “калоніі Варбурга”. Але можна лёгка ўпэўніцца ў тым, што пошукі адказу на іх немагчымыя па-за кантэкстам тых глабальных пераўтварэнняў, якія спазнае сёння прастора беларускіх гарадоў.

/i/content/pi/cult/353/6708/pic_9.jpgТэрмін "джэнтрыфікацыя" пакуль падаецца нам малаўцямным неалагізмам, але ж сам феномен ужо трывала прапісаўся ў беларускай рэчаіснасці. Як сведчыць уласна этымалогія слова, сэнс гэтай з'явы - у кардынальным пераўвасабленні непрэзентабельных гарадскіх раёнаў, здатным зрабіць іх прэстыжнымі для жыхароў і (або) прывабнымі для турыстаў. Пагадзіцеся, з'ява - знаёмая. А ў Брэсце яна прагрэсіруе асабліва актыўна.

 

Дэтэктыў на Мільённай

Гісторыя з домам па вуліцы Савецкай можа паслужыць завязкай для дэтэктыўнага серыяла. Сцісла нагадаем "змест папярэдніх серый": жыхар Брэста звяртае ўвагу на "радыкальную" рэканструкцыю будынка, пад час якой яго плошча мае значна павялічыцца. Прычым крыніца інфармацыі - уласныя вочы. Праверка гэтай інфармацыі, ініцыяваная міністрам культуры, прыводзіць да высновы, што дазвол на гэтыя работы не выдаваўся, ды і самі яны не вядуцца.

Выйшаўшы з цягніка, адразу ж скіраваўся на Савецкую, дзе без асаблівых цяжкасцей знайшоў "падвоены" дом пад нумарам 43 - 45. Адрозніць яго ад суседзяў вельмі лёгка: фасад будынка поўнасцю закрыты сеткай з краявідамі старажытнага Брэста. Тут жа можна ўбачыць і запраектаваць выяву гэтай камяніцы пасля яе рэканструкцыі. Ды адразу адзначыць, што нават знешні выгляд дома сапраўды будзе істотна адрознівацца ад гістарычнага.

- Але пакуль гэта ўсё - толькі творчыя задумы, - зазначыў намеснік начальніка упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Касачук.

Адпаведна, работы на аб'екце і сапраўды не вядуцца - яны толькі плануюцца. Архітэктурны праект сёння яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, а потым - прыкладна ў наступным паўгоддзі - ён будзе накіраваны на разгляд Рэспубліканскай навуковаметадычнай рады пры Міністэрстве культуры краіны.

- Без дазволу Міністэрства культуры работы тут не пачнуцца, - запэўніў намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Васіль Кавальчук. - Прычым гэта датычыцца ўсіх нашых аб'ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці...

 Інтрыга вычарпана, дэтэктыў заўчасна скончаны. Пытанне - застаецца. Але... Пра ўсё - па парадку.

Някідкая двухпавярховая камяніца яшчэ зусім нядаўна выконвала свае адпачатныя функцыі жылога дома, наглядна дэманструючы "вабноты" ЖКГ стогадовай даўніны- з "выгодамі" на вуліцы. Усё змянілася пасля кардынальнай рэканструкцыі Савецкай. "Звычайная" гарадская вуліца ператварылася ва ўтульны праменад з помнікам Тысячагоддзю Брэста, мноствам атракцый (кшталту газавых ліхтароў і штодзённага рытуалу іх запальвання), безліччу густоўных малых архітэктурных форм і, што немалаважна, добрым тузінам кавярань.

Праект не быў пражэктам: гарадскія ўлады прадумалі яго да дробязей. І менавіта таму ён пацэліў "у яблычак". На "праменадзе" заўсёды людна, а ў цёплую пару там віруе нязмушанае вечаровае жыццё, акунуцца ў якое яшчэ пару гадоў таму мы маглі хіба ў тых краінах, куды звычайна ездзяць менавіта праз Брэст. Цяпер гэты горад зусім неабавязкова прамінаць транзітам.

Наступствы гэтай своеасаблівай праявы джэнтрыфікацыі не прымусілі сябе чакаць - прычым не толькі іміджавыя, але і чыста эканамічныя. За парутройку гадоў інвестыцыйная прывабнасць Савецкай вырасла бы на дражджах. Вось і насупраць згаданай камяніцы сёння актыўна ідзе будоўля: гэта іранская кампанія ўзялася за незавершаны ў свой час гатэль, прычым да яго дапасуецца таксама і вялікі бізнес-цэнтр. Таму адразу згадваеш самую арыгнальную з плоймы былых назваў гэтай вуліцы - Мільённая.

Шчыруюць будаўнікі і ў двары старога дома: яны даводзяць да ладу шматпавярховую спаруду - якая, на вялікае шчасце, з Савецкай амаль не праглядаецца. Як згадвае галоўны спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама Ала Кондак, узвядзенне жылога гмаху пачалося яшчэ чвэрць стагоддзя таму, ды неўзабаве застыла, "упрыгожыўшы" горад аблезлым "недабудам". І вось, не так даўно знайшоўся інвестар, які "размарозіў" справу... Яно і не дзіва: мець кватэру побач з "Мільённай" стала вельмі прэстыжна.

Урэшце, чарга дайшла і да згаданай камянічкі. /i/content/pi/cult/353/6708/pic_10.jpgЯк распавёў Васіль Кавальчук, вока на яе паклаў французскі інвестар. І змена функцыі будзе вельмі істотная: замест "бюджэтнага" жытла домік стане фешэнебельным гатэлем. Адсяленне жыхароў ужо амаль завершана.

- Інвестару была пастаўлена абавязковая ўмова: каб пасля рэканструкцыі гэты аб'ект упісаўся ў архітэктурны ландшафт вуліцы, не выклікаючы дысгармонію сваім выглядам,- кажа Васіль Кавальчук.

На стадыі эскізнага праекта яно, можа, і атрымалася, але... На расцяжцы, што красуецца на доме, мы бачым менавіта фешэнебельны гатэль, стылізаваны "пад даўніну", а не старую тандэтную камянічку. Зрэшты, інакш і быць не магло. Больш за тое: на доме і сапраўды вырас "лішні" паверх. Гэта таксама зусім не здзіўляе: інвестару патрэбна як мага больш карысных плошчаў.

Дык як жа быць? Пакінуць стары будынак у яго ранейшым выглядзе- зусім непрыглядным, але "гістарычна праўдзівым"? Альбо пайсці на кампрамісы з інвестарам, каб на выхадзе атрымаць прывабную (і карысную для горада) "цукерачку"? Пытанне, што неўзабаве паўстане перад членамі Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады, - папраўдзе суперскладанае. Але гэта зусім не адзінае няпростае пытанне, якое ставіць рубам пазітыўны, у цэлым, працэс джэнтрыфікацыі.

 

Тэст на даўгавечнасць

Рухаючыся па Пушкінскай вуліцы, вельмі хутка трапляеш з вірлівага цэнтра ў даволі ціхі куток Брэста. З правага боку - старыя каталіцкія могілкі, а з левага - добра праглядаюцца адметныя драўляныя дамкі. Уласна, гэта і ёсць "калонія Варбурга" (кароткі экскурс у яе гісторыю - у "К" № 43 за 2011 г.). У сваім пытанні-звароце да Паўла Латушкі вядомы брэсцкі гісторык архітэктуры, член Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры краіны Ірына Лаўроўская называе яе ўнікальным для Беларусі ўрбаністычным ансамблем драўлянай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. З дванаццаці дамоў квартала да нашых дзён дайшло сем.

- У гэтым раёне прайшло маё дзяцінства, - распавядае віцэ-мэр Брэста Васіль Кавальчук. - Многія з аднакласнікаў жылі ў тых дамках, і мне часта даводзілася завітваць да іх у госці. Бывала нават, мы знаходзілі там "скарбы", пакінутыя колішнімі гаспадарамі. Мушу адзначыць: тады, каля чатырох дзесяцігоддзяў таму, гэтыя будынкі яшчэ захоўвалі свой аўтэнтычны выгляд. Памятаю карычневую польскую кафлю, стральчатыя вокны, гонтавыя дахі... Але паступова гэтыя адметнасці страчваліся, і сёння там - амаль паўсюль новая сталярка ды шыфер...

Шыфер, зрэшты, сёння можна ўбачыць ужо далёка не паўсюль. Дах аднаго з дамкоў абдзёрты, бы тая ліпа,- мабыць, стараннямі марадзёраў? Здзіўляцца няма чаму, бо апошнія чатыры гады "калонія Варбурга" пустуе. І такі варыянт развіцця падзей быў таксама заканамерным.

Як адзначыў Васіль Кавальчук, пабудаваныя на сродкі Фелікса Варбурга дамы ад пачатку не прэтэндавалі на даўгавечнасць. Тэрмін службы гэтага "бюджэтнага жытла" - фактычна барачнага тыпу - быў невялікі. Таму сам сабою прыспеў той час, калі пабудовы апынуліся ў аварыйным стане.

- Санітарныя службы сталі настойваць на адсяленні жыльцоў,- кажа Ала Кондак. - Бо ўмовы там, натуральна, зусім не адпавядалі стандартам ХХІ стагоддзя. Мабыць, ніводзін з нас не захацеў бы трапіць на месца тых людзей, якія там жылі...

/i/content/pi/cult/353/6708/pic_11.jpgІ вось, з той пары лёс "калоніі Варбурга" завіс у паветры. Мясцовыя ўлады пакуль што не робяць "незваротных захадаў". Васіль Кавальчук выразна патлумачыў сваю пазіцыю: так, гэтыя будынкі не маюць афіцыйнага статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, але ж яны ўсё адно з'яўляюцца часткай мінуўшчыны.

Ірына Лаўроўская і многія іншыя шчырыя заўзятары ў справе захавання спадчыны настойваюць на зберажэнні ўсяго комплексу. Больш за тое: менавіта такую рэкамендацыю ўтрымлівае пратакол выязнога пасяджэння Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады, якое адбылося ў Брэсце 21 красавіка мінулага года. Там гаворка вядзецца пра "мэтазгоднасць захавання характару забудовы" і "выкарыстанне адноўленых будынкаў як музейна-турыстычнага аб'екта (...), не выключаючы жылых і адміністратыўных функцый".

Але гарадскія ўлады прапануюць іншы варыянт: своеасаблівы кампраміс паміж зберажэннем гістарычнай памяці і сучаснымі рэаліямі. Ён заключаецца ў тым, каб захаваць толькі адзін з тых дамоў, надаўшы яму менавіта музейную функцыю.

- Каб аднавіць увесь гэты квартал, патрэбны вельмі сур'ёзныя выдаткі, - кажа Васіль Кавальчук. - Паводле нашых падлікаў, належны рамонт кожнага з тых дамкоў абыдзецца ў суму каля 5- 7 мільярдаў рублёў, а ўсяго іх - сем! Плюс добраўпарадкаванне тэрыторыі ды правядзенне камунікацый. Вось і лічыце...

Віцэ-мэр не хавае свайго скепсісу адносна праектаў па захаванні (ці, хутчэй, ужо аднаўленні) усяго комплексу з сямі будынкаў. "А што, калі раптам з'явіцца зацікаўлены інвестар, які прапануе стварыць у старых дамках сацыяльна-значны аб'ект?" - запытаўся я ў яго.

- Безумоўна, такая прапанова будзе разгледжана, - адказаў Васіль Кавальчук. - І я амаль перакананы ў тым, што рашэнне гарадскіх улад было б станоўчым...

Зрэшты, гэта ўсё - умоўны лад, бо ніводнай канкрэтнай прапановы, падмацаванай належнымі фінансавымі рэсурсамі, на адрас мэрыі так і не паступіла за ўсе тыя гады, што над "калоніяй Варбурга" вісіць пагрозлівы пытальнік.

Затое не так даўно знайшоўся літоўскі інвестар, які прапанаваў стварыць гандлёвы цэнтр з супермаркетам, аддзяленнем банка, аптэкай... Ён ужо займаецца эскізнай прапрацоўкай праекта.

- Такіх аб'ектаў у гэтым раёне сёння няма, - кажа Васіль Кавальчук.- Хаця патрэба ў іх, неаспрэчна, - вялікая.

Дзеля рэалізацыі такой задумы давядзецца ахвяраваць двума дамкамі "калоніі Варбурга".

Цэласнасць гэтага раёна была парушана яшчэ ў 1970-я гады, калі на месцы яўрэйскіх могілак паўстаў стадыён "Лакаматыў". Неўзабаве побач са старымі дамкамі пачалося ўзвядзенне двух шматпавярховых студэнцкіх інтэрнатаў. Сёння гэтыя работы працягваюцца.

- Спыняць іх на цяперашняй стадыі ўжо няма ніякага сэнсу,- каменціруе віцэ-мэр. - І добра, што справа абмяжуецца толькі гэтымі дзвюма "высоткамі". Ды, у той самы час, варта заўважыць, што яны сапраўды патрэбны. Паводле забяспечанасці інтэрнатамі наш універсітэт займае далёка не самыя лепшыя месцы на Беларусі. І таму сёння гэты комплекс трэба завяршаць...

Гутарачы з Васілём Кавальчуком, можна лёгка прыйсці да высновы, што віцэ-мэр аперыруе менавіта надзённымі праблемамі горада ды яго жыхароў,- што ні кажы, але мары ды ідэіфікс не ўваходзяць у пералік яго службовых абавязкаў. Альтэрнатыўныя праекты лёсу "калоніі Варбурга" выглядаюць куды прыгажэй. Аднак... Пакуль што яны не маюць пад сабой аніякай канкрэтыкі. Таму нават музеефікацыя ды захаванне адзінага дома з сямі сёння завіслі ў паветры, бо ахвотнікаў узяць на сябе стварэнне ды ўтрыманне такога музея ў дадзены момант няма.

- Вядома, горад гатовы аказаць пэўнае спрыянне і падтрымку гэтай справе, у тым ліку і фінансавую, - кажа Васіль Кавальчук. - Прыкладам, гаворка можа весціся пра добраўпарадкаванне тэрыторый за муніцыпальны кошт. Але падкрэслю: асноўная ініцыятыва і яе фінансавае забеспячэнне павінны зыходзіць менавіта ад зацікаўленых асоб і арганізацый...

...Пліты-мацэвы з тых самых яўрэйскіх могілак доўгі час выкарыстоўваліся ў якасці брукаванкі. Потым энтузіясты выцягнулі іх з зямлі і аддалі на захаванне ў адзін з казематаў Брэсцкай крэпасці. Ужо даволі даўно існуе ідэя паўстання лапідарыя - своеасаблівага і вельмі арыгінальнага мемарыяла трагічнай гісторыі брэсцкага яўрэйства, які мяркуецца стварыць з тых самых пліт непадалёк ад "калоніі Варбурга". Па словах Алы Кондак, яго праект ужо гатовы, а вось рэалізацыя "тармозіцца" з прычыны адсутнасці сродкаў. Тая ж самая праблема ўзнікае і з аднаўленнем ды музеефікацыяй хаця б аднаго драўлянага дамка.

- На маю думку, самы лепшы варыянт - гэта спалучэнне ў адным месцы ўсіх тых арыгінальных дэталей, якія ўдасца знайсці ў цэлым квартале, - кажа Васіль Кавальчук. - Можа, у сукупнасці іх на адзін дом і набярэцца. Таму мы і не спяшаемся са зносам гэтай забудовы. Хаця самі разумееце, што сёння яна уяўляе сацыяльную праблему: закінутыя драўляныя будынкі, бамжы, небяспека пажараў...

 

Навошта і дзеля чаго?/i/content/pi/cult/353/6708/pic_12.jpg

У пратаколе ўжо згаданага пасяджэння Навукова-метадычнай рады прысутнічае і наступны пункт: "Прыняць да ўвагі складанасці па забеспячэнні захаванасці комплексу, вызначэння яго новай функцыі і рэалізацыі мерапрыемстваў па прыстасаванні квартала, а таксама страту асобных сапраўдных элементаў будынкаў". І з такой высновай папраўдзе цяжка не пагадзіцца. Каб захаваць помнік спадчыны, у наш прагматычны век трэба выразна ўсведамляць адказ на вельмі простае пытанне: "Навошта і дзеля чаго?"

У дадзеным выпадку - пытанне не з простых. Гарадскія ўлады не бачаць ніякіх новых і актуальных функцый для адрузлых драўляных будынкаў. На вялікі жаль, канкрэтны, выразны і дбайна прадуманы праект па іх прыстасаванні не прапанавалі пакуль і тыя, хто змагаецца за зберажэнне ансамбля ў яго цэласнасці (адны добрыя намеры ды ідэі на ўзроўні "А чаму б і не?.." тут, вядома, не ў лік).

Хаця... Такія варыянты, у прынцыпе, магчымыя. Іх прадугледжвае тая палітыка "ашчаднай" джэнтрыфікацыі, якая актыўна праводзіцца ўжо і найбліжэйшымі нашымі суседзямі. Найлепшы прыклад - Масква.

Яшчэ чатыры гады таму турыст, які раптам забрыў на тамтэйшы 4-ы Сырамятніцкі завулак, мог ужо і сам прэтэндаваць на статус унікальнай адметнасці. Трохі вусцішныя і зусім бязлюдныя "задворкі" вялікага горада былі прыдатныя хіба ў якасці здымачнай пляцоўкі нейкага трылера. І таму лёс ужо нядзейнага вінзавода, які з'яўляецца помнікам прамысловай архітэктуры ХІХ стагоддзя, здаваўся такім самым няпэўным (ці, наадварот, перадвызначаным у сваёй фатальнасці), як сёння "калонія Варбурга". Цяпер гэта надзвычай бойкае месца: галерэі, дызайн-студыі, невялічкія тэатры, кнігарні з інтэлектуальным чытвом, натуральна, кавярні... Цэнтр сучаснага мастацтва "Вінзавод" вельмі хутка заваяваў папулярнасць. І наступствы не прымусілі сябе чакаць. Неўзабаве за пару крокаў ад яго адкрыўся яшчэ адзін такі цэнтр, нават большы па сваіх плошчах - "Artplay". Сёлета ў памяшканнях былога завода, што не зазналі ніякага сур'ёзнага рамонту, быў размешчаны асноўны праект Маскоўскага біенале, які штодня наведвала больш за паўтары тысячы гледачоў - пры цане білета каля 100 тысяч рублёў на нашы грошы!

Трапіўшы ў нейкую "генеральную ідэйную лінію", зусім, здавалася б, занядбаныя месцы раптам набываюць сваю прывабнасць, прычым часам- менавіта праз стылізаваную занядбанасць. Некаторыя галерэі "Вінзавода" не замяняюць нават пашчэрбленую плітку на падлозе. І прыдзірлівай маскоўскай багеме гэта падабаецца.

Менавіта падобная палітыка джэнтрыфікацыі здатная пераўтварыць унікальны гараж, збудаваны ў 1924 годзе на такіх самых "задворках", у месца VIP-вечарынак і выставак найвядомых мастакоў свету, а старыя будынкі кандытарскай фабрыкі - у папулярнае сярод тусоўшчыкаў месца. "Тыповыя" варыянты функцыянальнага прыстасавання помнікаў спадчыны ў дадзеным выпадку наўрад ці спрацавалі б. Хіба толькі цаной "вялікіх ахвяр", панесеных самой спадчынай...

Натуральна, вышэй быў прыведзены толькі адзін з магчымых варыянтаў "нетыповага" выкарыстання старых будынкаў, толькі адзін спосаб ператварыць іх у актуальныя для горада і прывабныя для турыстаў культурныя цэнтры - прычым без шкоды для гістарычнага аблічча і звышсур'ёзных фінансавых укладанняў. Насамрэч, такіх рэцэптаў можа быць значна больш, а ў дадатак да ўжо існых у сусветнай практыцы ніхто не перашкаджае вынайсці свой уласны- урэшце, трэба ж і нам папаўняць міжнародную скарбонку "ноу-хау"...

Галоўнае толькі - знайсці тую эфектыўную "генеральную фішку". Тым больш, "калонія Варбурга"- далёка не адзіны аб'ект, над якім вісіць гэты самы "дамоклаў меч". Згадайма і Новы Свет у Гродне, і драўляную забудову Гомеля, якая вартая асобнай гутаркі... Там сітуацыя - падобная. Джэнтрыфікацыя гэтых раёнаў становіцца непазбежным патрабаваннем часу, а вось як гэта зрабіць без зносу маральна і тэхнічна састарэлых (ды вартых захавання) пабудоў, ніхто пакуль што не ведае.

Першай ластаўкай менавіта такога ўзору джэнтрыфікацыі ўжо стала ціхая вулачка ў Віцебску, на якой нарадзіўся Шагал. Да з'яўлення музея і помніка мастаку Пакроўская была найтыповым узорам "гістарычных задворкаў". Без сумневу, стварэнне буйнога арт-цэнтра, што знаходзіцца ўжо на стадыі аформленага інвестыцыйнага праекта, не абы-як паўплывае на будучыню і прылеглых старых квартальчыкаў, і руін сінагогі... Натуральна, у тым выпадку, калі гэты праект будзе рэалізаваны.

Сапраўды, варта ўдакладніць: усе згаданыя вышэй пераўвасабленні ў той жа Маскве сталі магчымымі менавіта дзякуючы прыватным інвестыцыям.

 

■ ■ ■

Брэст рыхтуецца адзначыць сваё тысячагоддзе. Але на яго вуліцах марна шукаць старадаўнія архітэктурныя шэдэўры: як вядома, усе яны некалі сталі ахвярамі паўстання Крэпасці. Затое пад час шпацыру вока раз-пораз выхоплівае то шляхецкі асабняк ХІХ ст.- часу, калі сучасны горад, уласна, і распачаў сваю гісторыю, - то купецкую камянічку, то ўзор канструктывізму, што яўна паўстаў "за польскім часам"... Такія адметнасці вельмі важныя для ўспрыняцця месца.

Зайшоўшы ў арку таго самага дома па вуліцы Савецкай, разглядаючы старыя трубы і стромкія пакручасныя ліні сцен, трапляеш у зусім іншую атмасферу. Тлум гарадскога жыцця сюды нібыта не даходзіць. І нават гучны рокат будоўлі, што ідзе літаральна за некалькі метраў, не перашкаджае пачуць застаялую тут цягам стагоддзя ўтульную цішыню.

- Гэта такі тыповы брэсцкі дворык, - кажа Аляксандр Касачук. - Напэўна, пры творчым падыходзе, архітэктары здатныя ператварыць яго ў вельмі прывабнае для турыстаў месца...

І сапраўды, у Львове або Кракаве ў такіх дворыках часам размяшчаюць летнія кавярні, і яны нязменна карыстаюцца попытам. Асабліва ў тым выпадку, калі гэтае месца яшчэ захавала сваю натуральнасць і не было празмерна падладжанае пад нейкія ўніверсальныя стандарты.

Пытанне адпаведнасці агульным стандартам сэрвісу перад Брэстам ужо, мабыць, і не стаіць. Горад, збольшага, гатовы да сустрэчы гасцей. Так, таннага хостэла тут пакуль не знойдзеш, а вось вялікі шыкоўны гатэль, што прэтэндуе мінімум на чатыры зоркі, зусім нядаўна адкрыўся - у спакойным гістарычным раёне, які, у той самы час, месціцца за пару крокаў ад цэнтра. Цяпер справа - за тым, каб захаваць свае адметнасці, свой адмысловы дух.

...Выглянуўшы з акна свайго шыкоўнага нумара, пастаялец таго гатэля здолее ўбачыць дзівосную сцэну, якую назіраў я: певень, які выбраўся з падворка драўлянага дома (а некалькі такіх зграбных дамкоў яшчэ "пазамінулай" эпохі там нейкім цудам захаваліся), нахабна перакрыў рух на маленькай вулачцы. Ці спадабаецца такая сцэна турысту? Ва ўсякім разе, мне яна прыўзняла настрой і добра запомнілася.