Фініш ды старт

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

11 снежня ў Гомелі запланавана перадача статуса “Культурная сталіца Беларусі” дэлегацыі з Нясвіжа.

Як распавяла "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка, мерапрыемства пройдзе ў Культурна-спартыўным комплексе абласнога аддзялення Беларускай чыгункі. У акцыі запланаваны ўдзел прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, гарадскіх выканаўчых улад Гомеля і Нясвіжа, членаў Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, а таксама творчай інтэлігенцыі горада.

Пасля ўрачыстай перадачы статуса Культурнай сталіцы Нясвіжу адбудзецца канцэрт, у якім возьмуць удзел лепшыя самадзейныя калектывы горада над Сожам. Па словах Вольгі Антоненка, пад час мерапрыемства перад гледачамі выступяць прыкладна 500 артыстаў. А ў другім аддзяленні ўрачыстага канцэрта будзе прадстаўлены сумесны праект Гомельскай абласной філармоніі і салістаў з Масквы "Тэнары XXI стагоддзя".