Сума кінатэхналогій

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Пра гістарычны фільм, рэцэптуру поспеху і “смак” экрана

/i/content/pi/cult/353/6704/pic_7.jpgВячаслаў НІКІФАРАЎ - асоба ў пэўным сэнсе ўнікальная. Яму, бадай, адзінаму з цэлай генерацыі айчынных кінематаграфістаў удалося не проста застацца ў прафесіі ў часіны скарачэння кінавытворчасці, але і - быць адным з самых запатрабаваных беларускіх рэжысёраў, амаль кожны год выпускаючы новыя стужкі. Праўда, запатрабаваны Вячаслаў Нікіфараў больш за мяжой: тыя ж расійскія прадзюсары з задавальненнем давяраюць яму свае праекты, а ён іх таленавіта выконвае, - нездарма тэлевізійныя фільмы за аўтарствам рэжысёра кожным разам атрымліваюць высокую ацэнку ў наведвальнікаў інтэрнэтпарталаў ад Уладзівастока да Брэста. Адзначым, што многія са стужак, якія Вячаслаў Нікіфараў стварыў за апошнія дзесяць гадоў, маюць беларускі складнік, бо іх здымкі часткова праходзілі на нашай зямлі, а карціна "На безыменнай вышыні", знятая сумесна з айчыннай кампаніяй, стала адным з галоўных творчых дасягненняў нашага кіно за апошні час. Што да працы Нікіфарава на расійскіх тэлеканалах, то за яго аўтарствам выходзілі серыі многіх папулярных расійскіх праектаў кшталту "Убойная сіла", "Гібель імперыі", серыялы "Знахар", "Карусель" ды іншыя.  

Сустрэцца з Вячаславам Аляксандравічам для гутаркі было досыць проста: нягледзячы на пастаянную працу за мяжой, рэжысёр не збіраецца з'язджаць з роднай для яго Беларусі. Творчы лёс некалі прывёў маладога выпускніка ВГИКа ў Мінск, і ўжо сорак гадоў Нікіфараў - у нацыянальным кінамастацтве. Таму загадзя падрыхтаванае пытанне карэспандэнта "К" - якім рэжысёрам усё ж такі лічыць сябе Вячаслаў Нікіфараў: беларускім або расійскім? - адпала само сабой пасля першай фразы творцы.

- З "Беларусьфільмам" звязана ўся мая творчасць, - кажа Вячаслаў Аляксандравіч, - а з Беларуссю - жыццё. У Маскве я працую па замове тамтэйшых кінакампаній - і вяртаюся дамоў, у Мінск. На вялікі жаль, сваю апошнюю па часе карціну на Нацыянальнай кінастудыі - "Рэйнджар з атамнай зоны" - я стварыў яшчэ напрыканцы 1990-х. Але гэтыя гады я лічу толькі перапынкам, падрыхтоўкай да новых, цалкам беларускіх, праектаў. А пакуль для мяне прыемны той факт, што Мінск стаў Мекай расійскіх кінакампаній: заўсёды радуюся, калі здымкі маіх карцін хоць і часткова, але праходзяць у нас. Дарэчы, яшчэ напрыканцы васьмідзясятых мы з таварышамі па беларускім кінамастацтве прадбачылі менавіта гэты кірунак для эканамічнага развіцця нацыянальнага кінематографа. Потым, ужо ў дзевяностыя, я казаў расійскім калегам: "Чаму вы не здымаеце ў Мінску, дзе суадносіны "эканамічныя затраты - якасць" заўсёды - на карысць кінавытворцы?" На шчасце, жыццё само расставіла ўсё па месцах, і наша студыя сёння можа разлічваць на вытворчыя заказы з-за мяжы. Але гэта ўсё роўна не здымае праблемы існавання нашага кінематографа. У тым выглядзе, у якім ён мусіць існаваць, беларускага нацыянальнага кіно на сённяшні дзень, на жаль, на маю думку, не існуе...

- І ў часы росквіту нашай студыі, тым больш, у нашы дні, паняцце "нацыянальнае" - даволі ўмоўнае: кіно - самае "глабалізаванае" з мастацтваў. Якім чынам наогул можна вызначыць крытэрый "нацыянальны" ў свеце сучаснага кіно?

- Нацыянальнае - не значыць нешта замкнёнае, сканцэнтраванае толькі на сабе. На сённяшні дзень рэдкі праект абыходзіцца без удзелу грамадзян і кампаній іншых дзяржаў, але трэба дакладна вызначыць, які фільм можа прэтэндаваць на статус "нацыянальнага праекта", і, адпаведна, карыстацца фінансавымі прывілеямі. У Расіі, напрыклад, статус нацыянальных і, разам з тым, падатковыя льготы маюць стужкі, аўтары якіх (а гэта значыць - сцэнарыст, рэжысёр і кампазітар) з'яўляюцца грамадзянамі Расійскай Федэрацыі. Дзе і што пры гэтым здымаецца, не так важна: можна здымаць Шэкспіра і быць пры гэтым беларускім нацыянальным рэжысёрам. Памятаю, калі ў Маскве паглядзелі маю экранізацыю "Бацькоў і дзяцей" Тургенева, то сказалі: "Малайцы беларусы! Нават рускую класіку яны здымаюць па-свойму, "па-беламу". Гэта значыць - выдатна, са "знакам якасці". Хоць, безумоўна, здымаць у першую чаргу трэба сваё: сваю літаратурную спадчыну, сваіх гістарычных герояў, выяўляць праз іх нацыянальную сутнасць. Прычым нацыянальнае кіно павінна існаваць у выглядзе асобнай плыні: некалькі асоб творцаў і ўдалых стужак - гэта яшчэ не нацыянальнае кінамастацтва.

- З чаго ж тады павінна пачынацца адраджэнне або стварэнне нацыянальнага кіно?

- Я глыбока ўпэўнены, што пачынацца яно павінна з буйнога праекта, пажадана - на гістарычную тэматыку. Веру, у хуткім часе ён абавязкова з'явіцца. Трэба, нарэшце, перагледзець і структуру нашай кінавытворчасці, якая застаецца нязменнай цягам дзесяцігоддзяў. Між тым, змяніліся і эканамічныя ўмовы, і глядач, і нават сама сутнасць кінамастацтва як відовішча! Лічу, больш адэкватнай у нас можа быць схема, калі ўсю адказнасць за канкрэтныя праекты будуць несці асобныя кампаніі, у тым ліку, пры неабходнасці, філіялы замежных вытворцаў, а "Беларусьфільм" застанецца вытворчай базай. Неабходным бачу і з'яўленне асобнай структуры кшталту кінафонду або кінаінстытута, які будзе фінансаваць адпаведную вытворчасць, а не займацца замовай сцэнарыяў. Наогул, развіццё нацыянальнага кінамастацтва магчымае толькі з развіццём дзейнасці айчынных прадзюсараў, якіх пакуль не відаць. Калісьці, напрыканцы 1980-х, мы з калегамі па Саюзе кінематаграфістаў нават збіралі пад Мінскам у Стайках вялікія нарады спецыялістаў у розных галінах з мэтай распрацаваць мадэль развіцця айчыннага кіно ў новых умовах, якія тады выразна акрэсліваліся. На жаль, нашы распрацоўкі і па сёння існуюць на паперы... Між тым, у іх было шмат рацыянальных і карысных, нават на цяперашні час, рэчаў.

- У свой час вы здымалі стужкі паводле класічных твораў: "Бацькі і дзеці", "Дуброўскі"... А які беларускі пісьменнік, на ваш погляд, самы актуальны для экранізацыі ў нашы дні?

- Безумоўна, Уладзімір Караткевіч! Тое, што некалькі яго твораў ужо былі экранізаваны, нічога не значыць, бо такіх пісьменнікаў, як Караткевіч, трэба здымаць кожнае дзесяцігоддзе, каб іх творы былі выкладзены самай сучаснай кінамовай. Я быў асабіста знаёмы з Уладзімірам Сямёнавічам, разам мы планавалі працаваць над экранізацыяй яго рамана "Чорны замак Альшанскі". Лёс распарадзіўся такім чынам, што першым гэтую стужку зняў Міхаіл Мікалаевіч Пташук, але я за гэта не крыўдаваў на яго. Караткевіч заўсёды актуальны, таму да "Чорнага замка..." можна вярнуцца.

- Чвэрць стагоддзя таму на тэлевізійным экране з'яўляліся героі Пушкіна і Тургенева. У апошнія ж гады тэлепрадзюсараў цікавяць, бадай, адно крымінальныя сюжэты...

- Вы закранулі адразу дзве балючыя праблемы. Першая - хто ён, сённяшні герой: стваральная ці "разбуральная" асоба? Другая праблема: як паспяхова выйсці за межы нацыянальнага кіно і застацца цікавым для гледача? Няма нічога благога, калі малады беларускі рэжысёр таленавіта экранізуе Іянэска ці таго ж самага Шэкспіра, справа нават не ў сюжэце: таленавіты майстар знойдзе што зрабіць і з крымінальнай гісторыяй. Упэўнены, сталасць кінамастацтва краіны, яго глыбокі нацыянальны характар дапамагаюць падтрымаць высокі ўзровень у выпадку любой тэмы. Кіно з прычыны свайго сінкрэтызму залежыць ад знешных абставін. Нездарма кажуць: кіно - сума тэхналогій, асоб і асяроддзя. Якасць апошняга мае велізарнае значэнне.

- І якім чынам можна развіць або стварыць асяроддзе?

- Яго, як і асоб, што будуць у ім працаваць, трэба мэтанакіравана "гадаваць", даваць маладым кінематаграфістам магчымасць адчуць "смак" працы ў кіно. Няхай яны пад час навучання, хоць месяц у семестр, папрацуюць на студыі. Не важна, кім: асістэнтам ці проста рабочым-такелажнікам. Галоўнае, каб яны зразумелі сутнасць сваёй будучай прафесіі, "сутыкнуліся" з ёй як мага раней. Важным лічу і тое, каб будучыя кінематаграфісты знаёміліся з класікай кіно на вялікім экране, глядзелі стужкі з сапраўднай кінаплёнкі. Наколькі ведаю, на сёння на факультэце экранных мастацтваў Акадэміі мастацтваў такой магчымасці не існуе.

- Але на цяперашні дзень гаворка ідзе пра хуткі пераход і кінавытворчасці, і кінапракату на лічбавыя тэхналогіі...

- Я не з'яўляюся праціўнікам лічбавых тэхналогій у кіно, але пройдзе яшчэ пэўная колькасць гадоў, пакуль пераход да "лічбы" здзейсніцца канчаткова. Пакуль гэта адбываецца, трэба з павагай ставіцца да традыцыйнай кінаплёнкі. Канешне ж, лічбавая тэхніка вельмі моцна змяніла саму сутнасць кінамастацтва, працу ў ім. Тое, што раней было толькі ў смелай фантазіі рэжысёраў, сёння з лёгкасцю ўвасабляецца на экране з дапамогай камп'ютарных спецэфектаў.

- Апошнія моцна змянілі сутнасць кінамастацтва наогул. Нездарма фільмы, якія раней мелі структуру рамана, сёння амаль цалкам будуюцца на атракцыёнах з выкарыстаннем спецэфектаў...

- Цяпер пануе так званае кліпавае ўспрыняцце, і не толькі ў кіно. Адпаведна, кінематаграфістам трэба здымаць сваё кіно ў разліку на сучасную публіку, а яна, па статыстыцы, знаходзіцца ва ўзроставым дыяпазоне ад 15 да 30 - 35 гадоў. Дарэчы, няшмат хто з маіх беларускіх калег улічвае такія абставіны. Да апошняга моманту праца па высвятленні запытаў аўдыторыі на нашай студыі, у кінапракаце нават не вялася... Зрэшты, без якаснага сцэнарыя кіно ўсё роўна не атрымаецца. Па маладосці я быў упэўнены, што нават "слабы" сцэнарый можна годна ўвасобіць на экране, скарыстаўшыся рознымі рэжысёрскімі прыёмамі. Але... Менавіта добрых сцэнарыяў сёння бракуе нашай студыі, каб здымаць добрае кіно. І вырашыць гэтую праблему можна толькі з дапамогай падрыхтоўкі новых спецыялістаў, стварэння сцэнарных курсаў...

- А як вы ставіцеся да новай моды адраджаць вядомыя кінематаграфічныя "брэнды", такія, як "Іронія лёсу" ці "Белыя Росы"?

- Пры маёй павазе да арыгіналаў - копіі выходзяць заўсёды больш бляклыя. Ды і разлічваць трэба толькі на новую, сучасную публіку, арыентавацца на яе, а, значыць, добра яе ведаць, вывучаць. Поспех і будучыня нашага кіно- за гэтым!..

Фота Юрыя ІВАНОВА