“Квадрат” Марыі Захарэвіч

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з юбілеем народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч. “Сёння Вы — адна з самых яркіх зорак беларускага драматычнага тэатра, захавальніца лепшых традыцый нацыянальнай акцёрскай школы. Вашы вопыт і майстэрства з’яўляюцца для творчай моладзі выдатным прыкладам нястомнага служэння мастацтву і сваёй Радзіме”, — гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні. Як паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта, Кіраўнік дзяржавы пажадаў Марыі Захарэвіч цікавых роляў, незабыўных прэм’ер, радасных сустрэч са шматлікімі прыхільнікамі, а таксама моцнага здароўя, поспехаў, натхнення, шчасця і добрага настрою.

/i/content/pi/cult/353/6703/pic_16.jpg "Прачытае вершы Захарэвіч-

Я прапаў: без жыта захварэю,

У палі спяшаюся, дзе рос..." -

так чвэрць стагоддзя таму трапна вызначыў квінтэсэнцыю і саму прыроду таленту актрысы Купалаўскага тэатра Марыі Захарэвіч народны паэт Беларусі Пімен Панчанка. Вершамі, радкамі драматычнага твора, - а найперш чулым сэрцам запамінаюцца нам ролі народнай артысткі краіны. Для кагосьці /i/content/pi/cult/353/6703/pic_18.jpgМарыя Георгіеўна - Ганна з мележаўскіх "Людзей на балоце", некаму запомнілася Паліна Іванаўна з быкаўскага "Апошняга шанцу", іншае пакаленне памятае яе Ганулю Зносчыху з купалаўскіх "Тутэйшых"...

А яшчэ- адзін таму доказ: "квадрат" ейных роляў у бягучым рэпертуары тэатра - "Паўлінка" Купалы, "Не мой" паводле Адамовіча, "Вечар" Дударава, "Я не пакіну цябе..." Саймана (у апошнім спектаклі яна яшчэ і рэжысёр). У кожным з дзясяткаў вобразаў глядач бачыць не толькі майстэрства пераўвасаблення, але і пазнае крыху... Марыю Захарэвіч. У чым сакрэт? Мусіць, у гранічнай адданасці прафесіі, дзе актрыса не проста "прапісалася". Захарэвіч - зжылася з ёю!

На здымках: Марыя Захарэвіч у сцэнах са спектакляў "Я не пакіну цябе...", "Тутэйшыя".