"Прачытае вершы Захарэвіч-
Я прапаў: без жыта захварэю,
У палі спяшаюся, дзе рос..." -
так чвэрць стагоддзя таму трапна вызначыў квінтэсэнцыю і саму прыроду таленту актрысы Купалаўскага тэатра Марыі Захарэвіч народны паэт Беларусі Пімен Панчанка. Вершамі, радкамі драматычнага твора, - а найперш чулым сэрцам запамінаюцца нам ролі народнай артысткі краіны. Для кагосьці Марыя Георгіеўна - Ганна з мележаўскіх "Людзей на балоце", некаму запомнілася Паліна Іванаўна з быкаўскага "Апошняга шанцу", іншае пакаленне памятае яе Ганулю Зносчыху з купалаўскіх "Тутэйшых"...
А яшчэ- адзін таму доказ: "квадрат" ейных роляў у бягучым рэпертуары тэатра - "Паўлінка" Купалы, "Не мой" паводле Адамовіча, "Вечар" Дударава, "Я не пакіну цябе..." Саймана (у апошнім спектаклі яна яшчэ і рэжысёр). У кожным з дзясяткаў вобразаў глядач бачыць не толькі майстэрства пераўвасаблення, але і пазнае крыху... Марыю Захарэвіч. У чым сакрэт? Мусіць, у гранічнай адданасці прафесіі, дзе актрыса не проста "прапісалася". Захарэвіч - зжылася з ёю!
На здымках: Марыя Захарэвіч у сцэнах са спектакляў "Я не пакіну цябе...", "Тутэйшыя".