Без спаму!

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

“Панарама”: пераняць, не блытаючы з “пазычыць”

/i/content/pi/cult/353/6702/pic_13.jpgУжо амаль тыдзень мы жывём без "Панарамы". І хаця за гэтыя дні ў нашай культуры адбылося шмат іншых падзей, застаецца адчуванне чагосьці няпоўнага. Настолькі, мабыць, "пратэатралілі" нас за гэтую восень, прапанаваўшы адно за адным Нацыянальную тэатральную прэмію, форум "ТЭАРТ" і, нарэшце, "Панараму", што развітвацца з такім багаццем цяжкавата. Дык што мы ўсё ж атрымалі ў выніку V Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва?

 

/i/content/pi/cult/353/6702/pic_15.jpgОпера-сімфонія паводле Дастаеўскага

Для тэатральнай грамадскасці фестываль шмат у чым завяршыўся "Ідыётам" Тэатра-студыі "Meno Fortas" Эймунтаса Някрошуса (Літва). Фінальны спектакль купалаўцаў "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл", жанрава азначаны як "нясвіжская арлекініяда", успрымаўся ў рамках форуму забаўляльным дадаткам пасля магутнай кульмінацыі.

Спектаклі Някрошуса не бываюць сціслымі. Але гэтая часавая быццам бы "расцягнутасць" запаўняецца напружанай, удумлівай працай гледача, калі "шчаслівыя гадзін не заўважаюць". Вектары разваг пра "Ідыёта" могуць быць самымі рознымі. Адзін з іх- трактоўка рамана і дзейных асоб. Бо ў цэнтры аповеду апынуўся не Князь Мышкін і нават не Настасся Філіпаўна, а- пошукі ісціны: што такое дабро і зло. Спектакль даказвае: прырода дабра і зла, само паходжанне гэтых супрацьлеглых паняццяў - у кожным з нас. І ў гэтай барацьбе з праявамі сусветнага зла пачынаць трэба з сябе самога.

Чорна-белая палітра сцэнаграфіі і касцюмаў (з дадаткам хіба колеру дрэва) аказалася надзвычай багатай на адценні, таму абсалютна натуральна спалучылася з адсутнасцю падзелу герояў на "чорных, калючых" і "белых, пухнатых". Кожны - мае і адначасова не мае рацыі, а мера - у наступствах, дакладней, у жаданні і магчымасці іх папярэдзіць.

Спектакль выклікаў разважанні і ўласна эстэтычнага кшталту. Чатыры дзеі адпавядалі чатыром часткам сімфанічнага цыкла. Вялізная першая - быццам класічная санатная форма. Дзве наступныя часткі - куды меншыя па памерах: спачатку - жанравае, часткова іранічна-"злое" скерца, потым - лірычная споведзь. Нарэшце, фінал, які канчаткова збірае тэмы ўсіх частак і звязвае іх у адзін вузельчык. Унутры ж частак, замкнёных па форме і таму быццам "самадастатковых", дзеянне разгортваецца па законах сучаснай опернай драматургіі і заснавана на чаргаванні не асобных нумароў, а вялізных развітых сцэн.

Уласна ж музычная партытура спектакля заснавана на мінімалізме: літальна дзве інтанацыі, што не выходзяць за межы знаменных распеваў, з перавагай струнных. У спалучэнні з прыродна-побытавымі гукамі, ашчадна і трапна выкарыстанымі стылізацыяй і цытатамі (ад царкоўных песняспеваў да рамантычнай пачуццёвасці і фольку) гэта дае безліч вобразных і каларыстычных рашэнняў. Запіс дапаўняюць натуральныя акустычныя гучанні: тут і "дзятлы-тэлеграфы", і "ледзь жывое" піяніна...

Рэжысёрскіх прыдумак - не злічыць. Вока гледача скіроўваецца не на экраны з перакладам з літоўскай, а на герояў, бо іх інтанацыі і рухі кажуць куды больш за словы. Месца дзеяння - Пецярбург - перададзены дзвюма скрынямі "ў ролі" развадных мастоў і папяровымі караблікамі, якія прасоўваюць паміж імі. Час - ХІХ стагоддзе - абмаляваны хіба даўжынёй, а не фасонамі сукенак. Бо галоўнае ў спектаклі- пульсуючая думка. Не адно на сцэне, але і, галоўнае, у зале - такі вось "інтэрактыў". Таму і акцэнтаваны ў сцэнаграфіі дзверы - бы ўваход у чысцец: не дзесьці "там", на Нябёсах, а ў душы кожнага чалавека.

 

На ўроках эканомікі і...

На любым фестывалі ўзнікае жаданне параўнаць: а як жа мы - на фоне іншых? Але калі ўпэўніваешся хіба ў тым, што "нашы - лепшыя", дык чаго варты такі форум? На "Панараме" наўмысна не было пакінута ніякіх падстаў для спаборніцтва: параўноўваць, пагадзіцеся, можна толькі штосьці падобнае, праграма ж была складзена на кантрасце і ўзаемадапаўняльнасці.

Замежных папраўдзе фестывальных (чытай: эксперыментальных) драмат ы ч н ы х спектакляў было тры: "Чайка", "Цырульніца", "Ідыёт " . Нашых, адпаведных сусветнаму ўзроўню і сучасным пошукам, - адзін, але лялечны: "Драй швэстэрн". Да ўсяго, ён ішоў у адзін вечар з "Пінскай шляхтай" Мікалая Пінігіна, увасобленай варшаўскім тэатрам "Рампа", дзе разам з палякамі ігралі (прычым - феерычна) нашы Віктар Манаеў і Мікалай Кучыц, - менавіта да гэтага "сумеснага праекта" была прыцягнута ўвага крытыкі. Гэтак жа не "рабіла надвор'я" расійская антрэпрыза- "Прысвячэнне Еве", - бо дэманстравалася адначасова з "Ідыётам". Апрыёры нефестывальнымі былі абодва спектаклі купалаўцаў: акадэмічны "Не мой" і забаўляльная "Уршуля...". А літоўскую "Анну Карэніну" можна параўноўваць хіба з пастаноўкамі нядаўняга Фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску.

/i/content/pi/cult/353/6702/pic_14.jpgЦяперашняя "Панарама" прапанавала іншы расклад, заснаваны на ўраўнаважванні: маўляў, што цікавага мы можам "падгледзець" у суседзяў? Чаму навучыцца і што пераняць, не блытаючы з "пазычыць"? Па-першае, уменню рабіць выбітныя спектаклі пры мінімуме сцэнаграфіі. Па-другое - рэжысёрскай фантазіі, уменню разнастайна абыгрываць сцэнічныя сітуацыі, выкарыстоўваць кожную дэталь пастаноўкі ў некалькіх кантэкстах і значэннях. Патрэцяе, захоўваць нацыянальныя асаблівасці пры звароце да замежнай культуры. Тая ж "Цырульніца" ніколі не была б такой яркай, каб не схільнасць венгерскіх акцёраў да абвострана-характарнай ігры, закладзенай глыбіннымі нацыянальнымі традыцыямі. У відавочна праваслаўным "Ідыёце" кідалася ў вочы дахрысціянскае, уласцівае літоўскай культуры, абагаўленне прыродных з'яў: вады, дрэва, вогнішча. У "Чайцы", увасобленай, зноў жа, літоўскай пастановачнай групай, адным з асноўных вобразаў-сімвалаў заставалася зменлівая рабізна возера, што асацыіравалася з марскімі краявідамі і палотнамі М.Чурлёніса.

Вымусіў фэст задумацца і над суадносінамі рэжысуры ды акцёрскай культуры. Наша "Пінская шляхта", перанесеная ў польскі тэатр, нават з часткай нашых артыстаў, атрымалася зусім іншым спектаклем. Каларытная шляхта, дзе кожны - асоба, зрабілася амаль масоўкай. Лірычныя ж героі, замест лёгкай іранічнай афарбоўкі, ператварыліся ў пару камічных старых, уласцівую новавенскай аперэце: уладалюбівая захавальніца хатняга агменю і хударлявы летуценнік. Цікава, што сталася б з замежнымі спектаклямі "Панарамы", калі б іх перанеслі на нашу сцэну?

 І яшчэ. Што сталася з нашымі гледачамі? Паўнюткія залы на фестывальных спектаклях "Панарамы" падтрымліваліся за кошт вялікай колькасці запрошаных. На Някрошуса, які зрывае аншлагі па ўсім свеце, калегі без праблем набылі ў касе білеты перад самым пачаткам: балкон Дома афіцэраў заставаўся практычна пустым. Дык справа ў кошце (а ў тым жа лялечным - ён зусім невялікі) ці ў самой наяўнасці тэатральнай публікі? Тады яе трэба выхоўваць! Прычым не толькі наступнымі "Панарамамі", але і бягучым рэпертуарам нашых тэатраў. І - абавязкова - тэатральнай крытыкай. Чым больш будзе ўдумлівых, сур'ёзных рэцэнзій, а не адно анонсаў ды пераказаў сюжэту з пералікам пастаноўшчыкаў і артыстаў, тым большай увагай (і павагай!) будзе карыстацца тэатр. На "Панараме" ж у апошні момант адмянілі нават выніковы "круглы стол"... А вынікі прагаварыць усё ж было б варта.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

На здымках: сцэны са спектакляў "Пінская шляхта", "Драй швэстэрн" і "Ідыёт".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"