Салон з мецэнатамі

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Як “К” паведамляла раней, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў запланаваў адкрыць у сталіцы яшчэ адзін мастацкі салон — “Ад вучня да майстра”.

Праект, як зазначыў тады нашаму карэспандэнту прарэктар па інавацыйнай дзейнасці і мастацкай творчасці БДУКіМ Канстанцін Рэмішэўскі, прадугледжвае ўзаемадзеянне ўніверсітэта з апякунскім саветам мецэнатаў. Зразумела, канцэпцыя салона вымагае найперш экспанавання маладых мастакоў, студэнтаў, прычым - не толькі Універсітэта культуры і мастацтваў.

І вось 26 лістапада адбылося адкрыццё першай выстаўкі студэнта 4-га курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Канстанціна Плотнікава, які ў дваццаць гадоў мае на рахунку чатыры персанальныя выстаўкі. Наступнымі мяркуецца паказаць работы яшчэ аднаго чацвёртакурсніка - гродзенца Ягора Шакаладава, за чыімі плячыма таксама досвед экспанавання ў галерэях горада над Нёманам.