Два выпадкі з жыцця дырыжора

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Сярод самых знаных удзельнікаў ІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, які доўжыўся ў Беларусі з 17 па 23 верасня, а завершыцца ў Боне 31 кастрычніка, — сусветна вядомы музыкант, галоўны дырыжор Бонскага сімфанічнага аркестра і Бонскай оперы Раман КОФМАН. Менавіта яму выпаў гонар адкрыць фестываль, стаўшы за пульт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі.

 /i/content/pi/cult/131/670/Subsustrechy.jpg
— Я вельмі ўдзячны арганізатарам фестывалю за гэтае запрашэнне. Мне цяжка было вырвацца са звыклага распарадку на гэтыя некалькі дзён, але я ўжо больш як 20 гадоў не быў у Мінску. Таму вельмі хацелася сюды трапіць, сустрэцца з калегамі: з тым жа Гідонам Крэмерам — першай, не пабаюся гэтага слова, скрыпкай свету (хаця я і не люблю падобных словазлучэнняў: “першы ў свеце”, “самы-самы” і г. д.).
— І якім вы ўбачылі Мінск праз столькі гадоў?
— Пытанне, я б сказаў, філасофскае. Бо калі наведваеш памятныя для сябе месцы, дык узгадваеш і параўноўваеш не месца, а сябе самога — тагачаснага і цяперашняга. Але ж я разумею, што вы хочаце пачуць. Тым не менш, не буду гаварыць пра тое, як змяніўся горад, — пра гэта, спадзяюся, вам кожны гаворыць па тры разы на дзень.
— Ды ўсё ж, мабыць, штосьці вас здзівіла, прыемна ўразіла? Тым больш, што вы ж не толькі музыкант, але і літаратар, нават паэт.
— Ніколі не паверыце: супрацоўнікі Міністэрства культуры.
— ?!— Разумееце, гэта другі выпадак у маім жыцці.
— Які выпадак?
— Аднойчы ў Боне, калі я прыехаў туды працаваць, нейкая дама абагнала мяне на машыне, спынілася, падышла і сказала прыблізна наступнае: маўляў, я вельмі хвалююся за сённяшні канцэрт. Ці здолеюць музыканты выканаць усё так, як вы задумалі? Я спачатку не зразумеў, у чым справа. А яна працягвала: трэці валтарніст захварэў, таму замест яго вымушаны іграць іншы музыкант — з адзінай рэпетыцыі. Але самым дзіўным была нават не сама прамова, а тое, кім аказалася гэтая дама.Дык вось, яе пасада была — штосьці накшталт адказнай за аддзел культуры адной з партый Германіі. Для мяне такое разуменне тонкасцей музычнага выканальніцтва і, галоўнае, такі клопат прадстаўнікоў улады былі навіной. Яна ж падкрэсліла: “Я вельмі хвалююся” — уяўляеце, як гэта гучала? І ў Мінску — другі падобны выпадак. Я быў надзвычай уражаны, што ваш начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры, з якім я непасрэдна кантактаваў, як аказалася, ведае ледзь не ўсіх аркестрантаў музычных калектываў па імёнах. Не проста вядучых салістаў, а менавіта аркестрантаў!
— Асабіста для мяне гэта зусім не дзіўна, бо Міхаіл Казловіч, пра якога вы гаворыце, — найвыдатны музыкант, даследчык, кандыдат мастацтвазнаўства. І ён не выключэнне. Сярод супрацоўнікаў міністэрства шмат знаных спецыялістаў менавіта той галіны, у якой яны працуюць. А першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Рылатка і дасюль кан-цэртуе, а таксама выкладае ігру на альце ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
— Дык вось хто ў вас струннікаў вучыць! Я вельмі рады, што літаральна з першай секунды ў нас усталяваўся добры кантакт з аркестрантамі, усе працавалі з энтузіязмам. Ведаеце, яшчэ да прыезду мяне папярэджвалі, што ваш Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр — так званага “пугачоўскага духу”, у сэнсе — аркестр-бунтар. Але, прабачце, нічога эксклюзіўнага ў гэтым няма. На мой погляд, усе аркестры свету працуюць “у стылі” Сцяпана Разіна ці Емяльяна Пугачова. Таму важна не даводзіць справу да крыві і не секчы галовы. Дадам, што на музыкантах аркестра ў перадфестывальныя дні ляжала падвойная нагрузка: акрамя праграмы адкрыцця фестывалю Юрыя Башмета, яны рэпеціравалі таксама адкрыццё філарманічнага сезона з Аляксандрам Анісімавым. Таму рэпетыцыі адбываліся двойчы на дзень. Дадатковай складанасцю было і тое, што літаральна напярэдадні канцэрта мне давялося ад’ехаць у Бон, каб правесці спектакль у тамтэйшай оперы.
— Што гэта быў за спектакль, калі не сакрэт?
— Вы будзеце здзіўлены: “Сарочынскі кірмаш” Мусаргскага.
— А ў якой рэдакцыі?— Наконт вашага пытання я раскажу пра адзін выпадак. На Захадзе, як вы, пэўна, ведаеце, вельмі распаўсюджана экстрэмальная рэжысура. Класічныя оперы, бывае, не пазнаць, настолькі змяняюцца ў іх час і месца дзеяння, дый самі характары герояў. Таму я дамогся ў Бонскім оперным тэатры, каб не падпісвалі дамовы з рэжысёрам, пакуль я не сустрэнуся з ім асабіста і ён не раскажа мне сваю канцэпцыю. Бо трэба ўсё ж-такі неяк абараняць кампазітарскія задумы! На “Сарочынскі кірмаш” тэатр запрасіў Тоні Пальмера — знакамітага англійскага рэжысёра, які паставіў больш чым 70 спектакляў і фільмаў. І ў нас усё ніяк не атрымлівалася з ім сустрэцца: надта ж заняты ён чалавек. А потым мне кажуць, што званіў Тоні Пальмер і запытваўся, у якой рэдакцыі пойдзе опера: Чарапніна ці Шабаліна. Пачуўшы гэта, я сказаў: “Падпісвайце дамову”. Бо калі чалавек задае такое пытанне, значыць, ён вельмі дасведчаны ў музыцы і, у прыватнасці, у творчасці Мусаргскага, які пакінуў гэтую оперу толькі ў клавіры.
— Але ж вы так і не адказалі, якую аркестроўку выкарыстоўвалі?
— Мы паставілі ў традыцыйнай рэдакцыі Шабаліна, у якой гэтая опера ішла ў былым Савецкім Саюзе і на Украіне. Спецыяльна дзеля гэтага спектакля былі запрошаны рускамоўныя спевакі: расійскі тэнар з Венскай оперы, мецца-сапрана з Вялікага тэатра Масквы. Для мяне было важна захаваць сам дух Гогаля, чый сюжэт пакладзены ў аснову. Так што опера карыстаецца вялікім поспехам, трэба спадзявацца, не толькі таму, што там віруе сапраўдны кірмаш з жывымі конямі і парсючкамі (праўда, парсючкі такі несапраўдныя).
— А што яшчэ ідзе ў Бонскай оперы? Наколькі вы як галоўны дырыжор (і як оперны рэжысёр — была ў вас такая практыка) уздзейнічаеце на фарміраванне рэпертуару тэатра?
— Штогод у Бонскай оперы адбываецца шэсць прэм’ер. Паводле кантракта, дзве з іх павінен ажыццяўляць я, над астатнімі працуюць запрошаныя дырыжоры. У свой першы сезон працы ў Бонскай оперы я ажыццявіў такія пастаноўкі, як “Макбет” Вердзі і “Лулу” Берга.Другі сезон у мяне прайшоў, можна сказаць, пад славянскім і нават рускім знакам: я паставіў “З мёртвага дома” Яначака (паводле Дастаеўскага) і “Яўгенія Анегіна” Чайкоўскага. У трэці сезон, наадварот, — звярнуўся выключна да нямецкай і аўстрыйскай класікі: гэта была адзіная опера Бетховена — “Фідэліё”, а таксама аперэта Іагана Штрауса “Лятучая мыш”. Гэты геніяльны твор, на жаль, быў сапсаваны шматлікімі пастаноўкамі ў тэатрах аперэты. У мяне была даўнішняя мара паставіць “Лятучую мыш” менавіта з опернымі спевакамі. Бо толькі такое выкананне дазваляе раскрыць усю прыгажосць гэтай музыкі. Нарэшце, у мінулым сезоне, акрамя згаданага “Сарочынскага кірмашу”, я зноў паставіў вердзіеўскі шэдэўр — на гэты раз, “Атэла”. Цяперашні сезон там у мяне апошні, таму я будуставіць толькі адну оперу: на 1-е чэрвеня 2008 года запланавана прэм’ера “Пікавай дамы” Чайкоўскага. Увогуле, у Боне працаваць вельмі цікава. Па-першае, гэта горад Бетховена і Шумана, там усё дыхае іх музыкай, светаадчуваннем. Дый сам Бонскі аркестр мае 100-гадовыя традыцыі, ім у свой час кіравалі такія сусветна знаныя кампазітары, як Рыхард Штраус, Макс Брух, Пауль Хіндэміт. Сёння гэты калектыў (пры тым, што ў адной Германіі больш за 130 сімфанічных аркестраў) уваходзіць у лік 13-ці лепшых аркестраў найвышэйшай катэгорыі. Але, як бы яно ні было ўсё выдатна, кіраўніцтва Бонскай операй — папраўдзе надта вялікая нагрузка, і хочацца пабыць “вольным мастаком”: выступаць па ўсім свеце, але сувязей з родным Кіевам не парываць.
— З-за пачуцця патрыятызму? Ці дзеля прапаганды ўкраінскага мастацтва?
— У свой час я арганізоўваў Кіеўскі міжнародны фестываль “Раман Кофман і яго сябры”, міжнародны арт-праект “Гранды мастацтва ў Львоўскай оперы”. Зараз атрымаў права пражываць у Германіі, але Кіеў не кіну, бо з ім у мяне звязана ўсё. Там пахаваны мае бацькі. У Бабіным Яры загінула 11 маіх сваякоў, уключаючы бабулю і дзядулю. Дый сям’я мая — наскрозь дырыжорская — жыве на Украіне. Жонка — хормайстар, заснавальнік знакамітага дзіцячага хору “Шчэдрык”, які з’яўляецца ўладальнікам ажно чатырох міжнародных Гран-пры. Дачка — таксама хормайстар гэтага калектыву, на конкурсе ў Ватыкане атрымала спецыяльны прыз журы як лепшы дырыжор. Зяць — мой былы студэнт і аспірант. Ён родам з Казахстана, выйграў конкурс на мастацкае кіраўніцтва сімфанічным аркестрам Львоўскай філармоніі. А яшчэ ў Кіеве мяне і дасюль трымаюць студэнты. Праўда, студэнцкі аркестр, з якім я працаваў суцэльнае 30-годдзе, давялося перадаць іншаму кіраўніку, а ў класе оперна-сімфанічнага дырыжыравання Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны я выкладаю і зараз.
— Мабыць, маглі б падзяліцца вопытам і з нашымі маладымі дырыжорамі?
— З вялікім задавальненнем! Калі будуцьпрапановы, з радасцю пагаджуся на майстар-класы, адкрытыя ўрокі і іншыя формы творчых зносін.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА