Лялечнікі: каб патэнцыял не застаўся патэнцыялам

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Што — ёсць, чаго — няма паводле УНІМА?

/i/content/pi/cult/353/6699/pic_6.jpg28 лістапада ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася чарговая, VI Канферэнцыя грамадскага аб'яднання "Беларускі цэнтр міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек" (УНІМА). Лялечнікі з усёй краіны, якія сабраліся гэтым днём у сталіцы, акрамя вырашэння справаздачна-выбарчых пытанняў, вялі зацікаўленую размову пра сённяшні "карпаратыўны" стан прафесіі, а таксама пра тыя кірункі дзейнасці, што бачацца на дадзены момант найбольш актуальнымі.  

 

Дваістасць сітуацыі?

Саветнік УНІМА, дырэктар Брэсцкага абласнога тэатра лялек Міхаіл Шавель у сваім справаздачным дакладзе адзначыў тое, наколькі важную ролю ў паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнага становішча айчынных тэатраў лялек адыграла Рэспубліканская праграма рэканструкцыі і пераабсталявання дзяржаўных тэатраў лялек Рэспублікі Беларусь на 2004 - 2013 гады. Дзякуючы ёй праведзены рамонты тэатральных будынкаў у Мінску, Маладзечне, Магілёве, Гомелі, у актыўнай стадыі работы ў Брэсце, Гродне, Віцебску. Гэта дазволіла калектывам выйсці на сучасны ўзровень работы з гледачамі, што, канешне ж, не магло не паўплываць і на творчыя вынікі тэатраў.

На гэтым фоне тэатралы з імпэтам сустрэлі падпісаны Прэзідэнтам краіны Указ № 457 "Аб падтрымцы асобных арганізацый культуры і ўнясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 1999 г. № 770" ад 3 верасня 2010 года, які ініцыявала Міністэрства культуры. У адпаведнасці з ім стварэнне ўмоў для эфектыўнага развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва прадугледжвала ўстанаўленне мясцовымі органамі кіравання нарматыву колькасці работнікаў і нарматыву паказу спектакляў (у адрозненне ад мінулых гадоў, калі апошняя лічба выводзілася шляхам павелічэння, адштурхоўваючыся ад плана папярэдняга года). Здавалася б, гэткае "спыненне" колькаснай гонкі павінна было найлепшым чынам паўплываць на працу тэатраў і якасць абслугоўвання гледачоў. Аднак на справе мясцовыя арганы кіравання адначасова з гэтым давялі да тэатраў і план па даходах ад культурнай дзейнасці (замест адмененага плана платных паслуг), які акурат і вылічваецца з нарастаючым вынікам ад дасягнутага за мінулы год. Так што палёгка аказалася ілюзорнай: для таго, каб выконваць гэты паказчык, калектыў усё роўна мусіць іграць ад 300 спектакляў за год. І гэтая дваістасць сітуацыі, на думку лялечнікаў, безумоўна, мусіць быць пільна вывучана.


Лічбы і факты

Якую ўдзельную вагу ў нацыянальным тэатральным жыцці адыгрываюць тэатры лялек? Пытанне гэтае зусім не рытарычнае. Наадварот, яно заклікае да таго, каб, сутыкнуўшыся з лічбамі, пазбавіцца ад пэўных стэрэатыпаў, што існуюць датычна гэтага віду мастацтва ў многіх людзей.

Статыстыка - рэч упартая, і вельмі часта менавіта яна здольная выявіць і прадэманстраваць тую або іншую сітуацыю ў яе сапраўдным абліччы. Сярод 27 дзяржаўных тэатраў у Беларусі 7 - тэатры лялек, а гэта значыць, што іх - роўна чвэрць! І, нягледзячы на тое, што, згодна са сваім штатным раскладам, у іх працуе значна менш людзей, чым у драматычных альбо музычных, чацвёртая частка нацыянальнага тэатральнага поля "апрацоўваецца" менавіта імі. Уражвае?

Яшчэ адна лічба, якая мусіць уразіць нашмат больш: за апошнія пяць гадоў айчынныя лялечнікі выступілі са сваімі спектаклямі на 149 міжнародных тэатральных фестывалях! І гэта доказ таго, што наш тэатр не толькі дынамічна развіваецца, але і дэманструе рэальную канкурэнтаздольнасць на міжнародным узроўні, прапагандуючы нацыянальную культуру ў сучасным яе абліччы і рэальна ўзнімаючы імідж нашай дзяржавы за мяжой. Але пры гэтым далёка не заўсёды атрымлівае фінансавую падтрымку з боку сваіх заснавальнікаў - аблвыканкамаў ды іншых зацікаўленых арганізацый.

 

Ніша для бутафора

Пра знівеліраваны статус лялечных труп, на думку членаў УНІМА, сведчыць і той факт, што пад час Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі тэатры лялек не былі вылучаны ў асобны конкурс. І, цалкам пагаджаючыся з высновамі ўдзельнікаў "круглага стала", праведзенага па выніках Прэміі ў рэдакцыі "К", яны не толькі прызнаюць неабходнасць размежавання розных відаў мастацтва, але ж і выступаюць з прапановай аб уключэнні УНІМА ў шэрагі заснавальнікаў Прэміі, поруч з Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў і Беларускім саюзам літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Балазе канструктыўны ўдзел у арганізацыйнай рабоце прафесіяналаў заўсёды дадае вагі і самім вынікам працы.

Увогуле, тэма папулярызацыі і элементарнага піяру ўласнай дзейнасці была адной з дамінуючых пад час сустрэчы лялечнікаў. Шмат гаварылася пра тое, што "раскрутка" ўласных дасягненняў - гэта такая ж важная і важкая справа, як і яны самі. Мы ж на сённяшні дзень так і не маем актуальнай гісторыі беларускага тэатра лялек, якая не завяршалася б на 1970 - 1980-х гадах мінулага стагоддзя, а адлюстроўвала б і сённяшні дзень. Больш за тое: няма нават якога-кольвечы агульнага зборніка з базай даных па тэатрах лялек, што ўключала б у сябе адрасы, тэлефоны, іншыя тэхнічныя ды творчыя звесткі пра калектывы. І гэта - тая праца, ажыццяўленне якой магчымае, у тым ліку, з дапамогай мясцовых энтузіястаў-краязнаўцаў. Калі ж не надаваць ёй належнай увагі, то ўжо праз пяць-дзесяць гадоў выканаць яе будзе нашмат цяжэй.

Гарачым аказалася і кадравае пытанне, якое ў тэатрах лялек з-за іх спецыфікі стаіць, бадай, яшчэ вастрэй, чым у драматычных. Калі ніша гукарэжысёраў у апошнія гады пачала паступова запаўняцца за кошт таго, што Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў рэгулярна набірае студэнтаў па гэтай спецыяльнасці, то абсалютна правальнымі на сённяшні дзень застаюцца такія прафесійныя кірункі, як мастак тэатра лялек, бутафор, мастак па святле, а таксама загадчык пастановачнай часткі. Разумеючы, што праз колькі гадоў ужо сыдуць і тыя, хто сёння яшчэ мог бы заняцца падрыхтоўкай і навучаннем змены, лялечнікі ў адзін голас выказалі неабходнасць выхаду на Міністэрства культуры з прапрацоўкай варыянтаў падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў. Зрэшты, УНІМА, са свайго боку, таксама можа паспрыяць павышэнню прафесійнага ўзроўню з рэкамендацыяй на вучобу ў Міжнародным інстытуце марыянетачнага мастацтва ў Шарлевілі-Мезьеры (Францыя), а таксама для ўдзелу ў разнастайных профільных семінарах.

 

■ ■ ■

Зрэшты, галоўнай высновай канферэнцыі УНІМА - і высновай надзвычай пазітыўнай - сталася тое, што генеральны курс сустрэчы не скіроўваўся ў бок "камланняў" аб уласным бядотным стане ды бясконцых просьб на адрас дзяржавы, а датычыўся, у першую чаргу, канструктыўных ідэй адносна таго, як будаваць уласную працу, каб вынікі яе не заставаліся незаўважнымі. І каб шматлікія магчымасці для сумеснай напрацоўкі на развіццё нацыянальнай тэатральнай культуры з усімі зацікаўленымі структурамі і арганізацыямі з катэгорыі "патэнцыйных" больш актыўна пераходзілі ў шэрагі "рэальных".