Піраты на рацэ Серабранка

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Шклоў: тры “прапіскі” аднаго горада

/i/content/pi/cult/353/6697/pic_3.jpgНе будзе адкрыццём той факт, што за сваё жыццё чалавек можа змяніць не адно месца жыхарства. Аказваецца, гэта ў пэўным сэнсе характэрна і для... гарадоў. І калі сёння ў навуковым асяродку не сціхаюць спрэчкі наконт першага месцазнаходжання Мінска, то не так даўно дакладным фактам сталі ажно тры "прапіскі" Шклова.  

Па словах загадчыка Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук Вольгі Ляўко, напачатку папярэднік будучага горада размяшчаўся на тэрыторыі сённяшняй вёскі з сімвалічнай назвай Стары Шклоў, якая размешчана за чатыры кіламетры ад сучаснага райцэнтра. Відавочна, казаць пра існаванне паўнавартаснага горада тады не даводзілася. І тым не менш, гэта было досыць вялікае паселішча, якое з'яўлялася цэнтрам племені. Сёння гэтая тэорыя пацвярджаецца археалагічнымі артэфактамі, знойдзенымі як на тэрыторыі самога гарадзішча, так і на прылеглых да яго ўчастках. Як адзначыла Вольга Ляўко, матэрыял збіраўся некалькі гадоў, у тым ліку пры падтрымцы мясцовых краязнаўцаў.

Сёлета, да прыкладу, на гэтай тэрыторыі працавала група студэнтаў на чале з загадчыкам кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова, доктарам гістарычных навук, прафесарам Ігарам Марзалюком. У выніку грунтоўнай працы было выяўлена некалькі новых селішчаў, што адносяцца да І тысячагоддзя нашай эры. Да слова, першыя знаходкі на гарадзішчы, што адносяцца да трэцяй чвэрці І тысячагоддзя, былі выяўлены яшчэ ў 1968-м доктарам гістарычных навук Георгіем Штыхавым.

 Разам з тым, усё больш шырокія плошчы, якія даследуюцца вучонымі, даюць падставы пераканацца: паселішча было дастаткова пастаянным. Больш за тое: з канца Х і па ХІ ст. паселішча пачало выконваць функцыю месца збору даніны па Дняпры. І ў сувязі з гэтым важна разумець, што такія пункты не абавязкова павінны былі знаходзіцца на асноўных, буйных рэках, якія злучалі княствы. З улікам небяспекі быць разрабаваным тагачаснымі піратамі выбіраліся месцы на маленькіх рэках, такіх, як шклоўская Серабранка, якая хоць і знаходзілася не навідавоку, але, у той жа час, неўзабаве ўпадала ў Дняпро. Трэба сказаць, што сярод існуючых мясцін збору даніны гэтага перыяду на Магілёўшчыне вядомыя толькі два аб'екты: уласна каля Шклова і ў Горацкім раёне на рацэ Быстрыца, што ўпадае ў Сож.

Па звестках Вольгі Ляўко, з моманту ўтварэння самастойных дзяржаўных фарміраванняў такія паселішчы хоць і пачалі змяняць свой статус, але не спынялі развіццё, з'яўляючыся цэнтрамі навакольных земляў. Не выпадкова, як сведчаць, у тым ліку і сёлетнія, археалагічныя даныя, клоўскае паселішча функцыянавала да сярэдзіны ХVІ ст., а апошнім уладальнікам Шклоўскага маёнтка з цэнтрам у Старым Шклове быў Альбрэхт Гаштольд, які быў сваяком князёў Друцкіх. Калі род Гаштольдаў змарнеў, маёнтак перайшоў да графа Іераніма Хадкевіча, які ў сярэдзіне ХVІ ст. пераносіць цэнтр маёнтка ў іншае месца. Сказаць, з чым гэта звязана, дакладна пакуль немагчыма. Як бы там ні было, але з дазволу тагачаснага караля Рэчы Паспалітай Хадкевіч будуе замак на беразе Дняпра, але не на тым месцы, дзе сёння размяшчаецца горад Шклоў, а за некалькі кіламетраў на поўдзень ад яго - на скрыжаванні водных плыняў Серабранкі і Дняпра. Можа падацца дзіўным, але доўгі час замак Хадкевічаў (а дакладней - тое што ад яго засталося) быў абсалютна не вядомы айчынным гісторыкам. Да апошняга часу хадзілі толькі розныя версіі пра месца яго магчымага знаходжання. Што і казаць, нават дакумент з каралеўскім дазволам на будаўніцтва не вытлумачваў сітуацыю.

А таму прасцей за ўсё было лічыць, што сучасны Шклоў знаходзіцца на руінах старога замка. Аднак гэтая версія не пацвердзілася, калі ў 90-я пачалі аднаўляць гарадскую ратушу, і выявілася, што культурны пласт адлюстроўвае толькі канец ХVІІІ - ХІХ стст. Канчаткова ж гісторыкі пераканаліся ў гэтым у 2000-м, у час падрыхтоўкі горада да Рэспубліканскага свята "Дажынкі", калі Шклоў быў уздоўж і ўпоперак перакапаны рамонтна-будаўнічай тэхнікай. У траншэях, як адзначыла Вольга Ляўко, не было ніякіх намёкаў на артэфакты, ранейшыя за канец ХVІІІ ст.

Адпаведна, справядліва ўзнікла пытанне: куды ж падзеліся два з паловай стагоддзі? Бясследна зніклі? Але такога не магло быць, бо засталося вельмі шмат пісьмовых крыніц са згадкамі Шклова ХVІ - ХVІІ стагоддзяў, падрабязнымі апісаннямі замка і яго в/i/content/pi/cult/353/6697/pic_4.jpgаколіц.

І толькі ў 2002-м Вользе Ляўко пашанцавала выявіць першапачатковае знаходжанне замка. З улікам звестак польскіх даследчыкаў, стала зразумела, што так званае старое месца Шклова размяшчалася на поўдзень ад самога горада. У прыватнасці, мясцовы краязнаўца Аляксандр Грудзіна паказаў вучоным меркаванае месца замчышча каля вёскі Рыжкавічы. І сапраўды: гэтая версія - спраўдзілася. Толькі за першы год даследавання было выяўлена багата каштоўных артэфактаў менавіта ХVІ - ХVІІ стст.

На думку Вольгі Ляўко, калі глядзець на абраную мясцовасць, то нават тапаграфічна ўсё вельмі добра чытаецца: тут і старажытнае рэчышча ракі Серабранкі, якое ў ХVІІІ стагоддзі было зменена, і запруда, што была перад замкам, маецца цяпер і роў вакол рэзідэнцыі Хадкевічаў. А самае галоўнае - можна вызначыць усе контуры замка. Больш за тое: засталіся і асобныя валы з падмуркамі вежаў, што акружалі старадаўні горад, звесткі пра якія можна сустрэць у інвентарах ХVІІ ст.

У апошнія гады археолагамі быў знойдзены падмурак вежы, які, нягледзячы на драўляныя сцены, быў цагляны. Пры гэтым, выяўлены некалькі ўзроўняў падмурка. Цікава, што апошні з іх быў створаны ў час вайны 1654 - 1667 гг. войскам Маскоўскага Княства пасля захопу і разбурэння Шклова па загадзе цара Аляксея Міхайлавіча. Былі выяўлены і фрагменты спаленай драўніны ад самой вежы.

Але які ж "сур'ёзны" замак мог існаваць без уязной брамы? Паводле архіўных звестак, шклоўскі іх меў ажно дзве: першая была з паўднёвага боку, другая, больш позняя, размяшчалася з боку горада.

Як паведаміла Вольга Ляўко, пазалетась на заходнім вале праходзіў пошук уязной брамы XVII ст. У выніку была знойдзена зброя, у тым ліку баявыя сякера і кап'ё, фрагмент арбалета, што непасрэдна адносяцца да 1580 г., калі маскоўскія войскі ўпершыню штурмам захапілі замак. Таксама ў гэтым жа месцы знойдзены больш позні гістарычны слой. Выявіліся і рэшткі цаглянай кладкі, што маглі быць на месцы брамы. І, нарэшце, пацвярджаюць гэтую версію і чатыры знойдзеныя штыры, на якія навешваліся дзвярныя петлі. Цікава, што на гэтым участку было знойдзена вельмі шмат манет ХVІІ - пачатку ХVІІ стст. Відаць, ужо тады ўезд на тэрыторыю адметнага архітэктурнага аб'екта быў платны.

Сёлета ж адбыўся пошук і больш ранняй уязной брамы - на паўднёвым вале замка. Першае, што было выяўлена, - адсутнасць вялікага кавалка грунту. Па словах Вольгі Ляўко, археолагі, каб не марнаваць дарэмна час, вымушаны былі прыцягнуць да супрацоўніцтва геафізікаў. Апошнія з дапамогай спецыяльных прыбораў зрабілі электразандаж і падказалі, на якім месцы лепш за ўсё пачынаць раскопкі. Тэхніка не падманула: археолагі выйшлі якраз на колішні праезд, што вёў у браму, а таксама выявілі адпаведны культурны слой. У прыватнасці, знайшлі больш за трыццаць манет, а таксама старадаўнія падковы.

Далейшыя раскопкі адказалі на пытанне, чым была абумоўлена адсутнасць часткі грунту. Як аказалася, у XVIII ст. частку рэчышча ракі прысыпалі зямлёй з тэрыторыі замка. У самім жа насыпе знайшлі дэкаратыўныя цвікі з арнаментам, якія выкарыстоўваліся для абівання карэт. Да таго ж, каля праезду даследчыкі выявілі рэшткі цаглянага будынка, а таксама развал тамтэйшай печы і рознага начыння, у тым ліку вельмі цікавыя фрагменты кафлі, посуду, шкла.

Чаму ж Шклоў у трэці раз змяніў сваё месцазнаходжанне? Як сведчаць дакументы, апошні ўладальнік Шклоўскага графства Адам Чартарыйскі ў сувязі з пажарам, пад час якога выгарэла 300 гарадскіх дамоў і быў істотна пашкоджаны замак, перанёс сваю рэзідэнцыю ў тое месца, дзе сёння і знаходзіцца Шклоў.

Што ж да практычнага выкарыстання вынікаў археолагаў... Думаецца, калі расчысціць роў, аднавіць валы, правесці ўсю падрыхтоўчую работу, то ў выніку на Беларусі можа з'явіцца ўнікальны археалагічны, а дакладней - турыстычны аб'ект пад адкрытым небам у вельмі маляўнічых мясцінах.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"