Журавіны ў Альманах

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Століншчына: рэалізацыя сцэнарыя са старонак “К”

/i/content/pi/cult/352/6693/13-2.jpg

У Столінскім раёне Брэсцкай вобласці распачалі незвычайнае Свята журавін. З вялікім поспехам яно прайшло ў адным з аграгарадкоў раёна - Альманах.

Ідэя зладзіць Свята журавін наспела даўно. Сцэнарый да яго напісала метадыст РАМЦ аддзела культуры Ніна Будкевіч. Дарэчы, менавіта з ім яна перамагла ў леташнім "Конкурсе сцэнарыстаў", аб'яўленым нашай газетай. Ураджэнка Альманаў, яна з дзяцінства ведае, якое значэнне маюць журавіны ў жыцці вяскоўцаў. Акрамя таго, што ягады валодаюць гаючай сілай, журавіны- гэта яшчэ і крыніца дадатковага прыбытку і, калі хочаце, лад жыцця альманцаў, іх своеасаблівы брэнд.

Свята адкрылася масавым шэсцем па вуліцы Савецкай. Наперадзе ўрачыстай калоны ехала на возе Балотная гаспадыня- Журавіна, - а таксама мяхі з цудадзейнай ягадай. Дзяўчаты ў народных строях неслі ручнікі і палотнішча з сімвалам-выявай свята, іх суправаджалі музыканты, некаторыя мастацкія калектывы, жыхары вёскі.

Пад'ехаўшы да плошчы, Балотная гаспадыня (дзяўчына ў жоўта-зялёнай вопратцы, упрыгожанай галінкамі і лісцем, у вянку з розных ягад) узышла на сцэну і распавяла прысутным пра вёску Альманы, дзе бясконца цягнуцца таямнічыя балоты, а восенню спее цудоўная ягада - журавіна. Народны фальклорны калектыў "Журавачка" Адвержыцкага дома фальклору выканаў ягадныя і баравыя песні, а ўдзельнікі народнага тэатра "Пагарынне" Столінскага ГДК паказалі эцюд пра паходжанне назвы вёскі.

У гонар свята ўсіх прысутных пачаставалі пірагом з журавінамі і журавінавым морсам.

Побач з галоўнай пляцоўкай свята размясціліся выстаўкі страў "Ягадная асалода". Іх падрыхтавалі педагогі мясцовай сярэдняй школы і дзіцячага садка. Тут былі пірог і морс, бліны і піражкі, жэле і запечаныя яблыкі - і ўсе стравы з журавінамі, а яшчэ багатая падборка рэцэптаў. Працаваў фітабар "У Мачульскай знахаркі", дзе напоямі з лекавых зёлак гасцей свята частавала Ніна Дабрынец. Сваю выстаўку вязання і саломкапляцення дэманстравала Праскоўя Палукошка, медык мясцовай урачэбнай амбулаторыі. Бондарскія вырабы прывёз на свята майстар з Адвержыч Антон Даневіч, а гліняныя вырабы - Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная.

Галіна ГАШЧУК

На здымках: урачыстае шэсце ўдзельнікаў свята ў Альманах.

Фота аўтара