Дэтэктыў Скарыны

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Арыгіналы таямніц першадрукара

/i/content/pi/cult/352/6690/14-4.jpg

Даследаванне беларускай кніжнай культуры не адно дзесяцігоддзе з'яўляецца актуальнай і запатрабаванай шырокай грамадскасцю тэмай, якая патрабуе грунтоўнага падыходу да кожнага кніжнага артэфакта, а часам - і сапраўднага дэтэктыўнага расследавання. Менавіта такі падыход характэрны і да кніг нашага першадрукара Францыска Скарыны, на старонках якіх захоўваецца шмат неразгаданых загадак. І, відавочна, толькі сумеснымі намаганнямі даследчыкаў можна дасягнуць ісціны.

 Зусім нядаўна на старонках "К" (№ 37 за 2011 г.) быў апублікаваны артыкул "Белая лістота на тытуле Бібліі" гомельскага даследчыка Мікалая Палкоўнічанкі, прысвечаны Францыску Скарыну і незвычайнай тэхніцы выканання яго выданняў. У першую чаргу, трэба аддаць належнае аўтару за ягонае імкненне ў чарговы раз звярнуць увагу на гэтую эпахальную, знакавую фігуру беларускага Адраджэння.

У згаданым артыкуле справядліва адзначана, што выданні Францыска Скарыны да нашага часу не перастаюць здзіўляць сваімі таямніцамі, на разгадку якіх часам даводзіцца ахвяраваць гады працы ў архівах і бібліятэках. Аднаму з адкрыццяў Скарынавых таямніц і прысвяціў сваю ўвагу гомельскі даследчык. На яго думку, славуты дрэварыт тытульнага аркуша "Бібліі рускай" друкаваўся з трох клішэ ў тры фарбы, адна з якіх мяжуе з практычнай нябачнасцю./i/content/pi/cult/352/6690/14-5.jpg

Каб на свае вочы пераканацца ў слушнасці гэтай тэорыі альбо абвергнуць яе, давялося пад час апошняга візіту ў Маскву завітаць у Расійскую дзяржаўную бібліятэку, дзе захоўваюцца два арыгінальныя экзэмпляры Скарынавай "Кнігі Быцця", у якой, як і ў першай кнізе "Бібліі", быў змешчаны аналізаваны тытульны аркуш. Трэба адзначыць, што ў зборах беларускіх бібліятэк гэтае выданне, на жаль, адсутнічае. Паводле падлікаў вучоных, у свеце захавалася не менш за 18 экзэмпляраў "Кнігі Быцця" Ф.Скарыны, прычым самым вялікім зборам валодае менавіта Расійская дзяржаўная бібліятэка.

 Праца з арыгіналамі пацвердзіла мае падазрэнні. У першым экзэмпляры не было ніякай выявы на верхнім шчыце гравіраванага тытула. Аркуш наогул аказаўся наватворам (быў створаны пасля выхаду ў свет выдання, узамен страчанага). Аднак пры праглядзе аркуша на святло станавіліся бачнымі фрагменты гравюры "Тройца", надрукаванай на адваротным баку аркуша. У выніку стваралася ўражанне наяўнасці на верхнім шчыце "амаль нябачнай выявы". Цікава, што пры праглядзе аркуша на прасвет пасярод пустога шчыта аказваецца акурат выява трохаблічнага Бога: Бога Айца, Бога Сына і Бога Духа Святога. Другі экзэмпляр (а менавіта яго рэпрадукцыю, мусіць, даводзілася бачыць у перавыданнях гомельскаму даследчыку) на тым жа шчыце ўтрымлівае рукапісныя малюнкі ці запісы чарнілам, якія з часам крыху расплыліся. Відавочна, гэтая выява і была ўспрынята даследчыкам у якасці надрукаванай Скарынам амаль нябачнай лістоты.

Алесь СУША, вучоны сакратар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралогіі

 На здымках: прагляд фрагмента тытульнага аркуша на святло;

тытульны аркуш другога экзэмпляра "Кнігі Быцця" Ф.Скарыны з рукапіснымі малюнкамі на верхнім шчыце.