Анімаёўка: у другое дзесяцігоддзе

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Ніколі не надакучвае глядзець на агонь, ваду… і добрую анімацыю”. Слушнасць гэтага выслоўя, выказанага падчас закрыцця Х Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка — 2007”, мог пацвердзіць як кожны з удзельнікаў юбілейнага фэсту, так і любы з аматараў мульцікаў, якому пашчасціла патрапіць на фестывальныя паказы.

Кадр з мультфільма "Снягурка".
 /i/content/pi/cult/131/669/Animaevka1.jpg
 Кадр з мультфільма "Гара самацветаў".
Фестываль — справа наогул адказная, а юбілейны — тым больш. Тут неабходна не толькі здзівіць, знайсці нешта новае, нейкую адмысловую
“фішку”, але і, падводзячы вынікі пад пэўным этапам, вызначыць напрамак далейшага развіцця. Гэты няпросты іспыт сёлетняя “Анімаёўка” вытрымала годна, не расчараваўшы нікога з той арміі сваіх прыхільнікаў, якую фестываль паспеў набыць за гэтыя дзесяць гадоў. Захоўваючы шэраг знакавых для фестывалю рэчаў, такіх, як, напрыклад, “Крыштальныя алоўкі” ў якасці галоўных прызоў, “Анімаёўка” паказала гатоўнасць рухацца далей, не спачываючы на лаўрах адзінага ў краіне фестывалю анімацыі.
Гэтым разам імпрэза праходзіла цягам пяці дзён — з 11 па 15 верасня. Па другое, “Анімаёўка — 2007” удвая перакрыла “нарматыў” для міжнароднага статуса фэстывалю: сёлета колькасць краін-удзельніц дасягнула дванаццаці — гэта на тры краіны больш, чым у 2006 годзе.
Упершыню ў магілёўскім свяце анімацыі прынялі ўдзел мульцікі з Грузіі, Польшчы і Сербіі. Акрамя іх, за пяць “Крыштальных алоўкаў” змагаліся стужкі з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Расіі, Узбекістана, Украіны і Эстоніі. Тое, што агульная колькасць мультфільмаў у конкурснай праграме ў параўнанні з мінулым годам зменшылася, таксама можна палічыць плюсам фэсту: сёлетняя праграма выглядала больш збалансаванай, анімацый, якія відавочна ні на што не прэтэндавалі, амаль не было. Зрэшты, і сёлетнія чатыры дзесяткі конкурсных работ таксама не проста было паглядзець і ацаніць.
Прынамсі, змястоўнасць і насычанасць праграмы паставіла няпростую задачу перад членамі
 /i/content/pi/cult/131/669/Animaevka2.jpg

 Кадр з мультфільма "Раба".

міжнароднага журы на чале з нашым аніматарам Міхаілам Тумелям. Прызоў было відавочна менш, чым вартых самых высокіх узнагарод анімацый. Таму прысуджэнне ажно васьмі спецыяльных дыпломаў было выклікана імкненнем не пакінуць без увагі адметныя творы, а не — даць усім сястрыцам па завушніцы.
І ўсё ж, нягледзячы на “няпростыя” ўмовы, журы адпрацавала бездакорна. Сапраўды, хто больш варты прыза “Майстру”, чым Аляксандр Татарскі, легенда савецкай і расійскай анімацыі, які, на жаль, не так даўно пайшоў з жыцця? Каму ўручаць галоўны прыз, як не Івану Максімаву, культавай постаці ў сённяшняй анімацыйнай іерархіі? Як было не адзначыць традыцыйна моцную і складаную праграму для дарослых эстонскіх аніматараў?
Вядома, фестываль — гэта не толькі конкурсныя прагляды: у рамках “Анімаёўкі” прайшлі шматлікія творчыя мерапрыемствы — выстаўкі дзіцячых малюнкаў, сустрэчы з пераможцай дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне — 2005” Ксеняй Сітнік, заслужанай артысткай РСФСР Наталляй Крачкоўскай, паказ фільмаў “Стары і мора” і “Маё каханне” аскараноснага Аляксандра Пятрова і шмат што яшчэ.
 /i/content/pi/cult/131/669/Animaevka3jpg.jpg
 Кадр з мультфільма "Снягурка".
Да святкавання свайго першага сур’ёзнага юбілею “Анімаёўка” падышла, як кажуць спартсмены, у найлепшай форме. Таму пажадаем фэсту новых творчых перамог і рэкордаў.Падзяліцца ўражаннямі ад фэсту мы запрасілі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры РБ Максіма Буданава:
— Я ўпершыню прыехаў на фестываль і магу засведчыць, што ён пакінуў у мяне вельмі радаснае адчуванне. Перадусім, відаць, што “Анімаёўку” ў Магілёве любяць і чакаюць. З любоўю і неабыякавасцю да яе ставяцца і ўлады горада, і ягоныя жыхары.
Хацелася б адзначыць надзвычай якасную конкурсную праграму фэсту, у якой кожны аматар анімацыі мог знайсці нешта на свой густ незалежна ад узросту. Натуральна, прыемна, што і сярод гэткіх сур’ёзных канкурэнтаў беларускія мультфільмы не згубіліся і годна прадставілі наша кінамастацтва. “Крыштальны аловак” у намінацыі “Лепшы дзіцячы фільм” атрымала наша Марына Карпава за стужку “Мядзведжыя гісторыі”, якая была зроблена на маскоўскай студыі “Пілот”. Спецыяльнымі дыпломамі адзначаны стужкі вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “Залатыя падковы” (рэж. І.Кадзюкова) і “Чароўная лаўка” (рэж. А.Пяткевіч).
Хочацца пажадаць фестывалю доўгага жыцця і каб яму заўжды была ўласціва тая чароўная атмасфера кінематаграфічнага свята і няўрымслівай творчай энергіі, якую мы адчувалі ў Магілёве ўсе гэтыя дні. 

Анатоль ВАЛОДЧАНКА  

Прызы Х Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў "Анімаёўка - 2007" 
Гран-пры “Лепшы мультфільм фестывалю” — “Дождж зверху ўніз” (рэжысёр — Іван Максімаў, Фонд сацыяльна-культурных праграм “Губернія”, г. Масква);
“Лепшы дзіцячы фільм” — “Мядзведжыя гісторыі” (рэжысёр — Марына Карпава, студыя “Пілот”, г. Масква);
“Лепшы эксперыментальны фільм” — “Патаемны сход” (рэжысёр — Хардзі Волмер, студыя “Нукуфільм”, г. Талін);
“Прыз глядацкіх сімпатый” — “Раба” (рэжысёр — Рыгор Малышаў, студыя “А-фільм”, г. Екацерынбург);
Спецыяльны прыз “Майстру” прысуджаны Аляксандру Татарскаму (пасмяротна).