“Руны” над Нёманам

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

У Новым замку горада над Нёманам прайшла юбілейная, саракавая па ліку, персанальная выстаўка члена Беларускага саюза мастакоў, Ганаровага грамадзяніна Гродна Юрыя Якавенкі.

/i/content/pi/cult/352/6686/7-2.jpg

 Экспазіцыя пад назвай "Рэтраспектыва" адлюстроўвае плённы творчы шлях графіка цягам апошніх амаль 20 гадоў, за якія Якавенка атрымаў прызнанне свайго таленту не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Пацвярджэннем таму - больш за 30 узнагарод і дыпломаў прэстыжных міжнародных конкурсаў графікі. Так, сярод апошніх можна ўзгадаць Другую прэмію ХІV Міжнароднага біенале графікі малых форм і EXLIBRIS (г. Востраў-Вялікапольскі, Польшча).

На выстаўцы прадстаўлены работы з серыі "Руны" і "Аlfabeto" - праекта, прысвечанага алфавіту,- графічныя творы розных гадоў, а таксама кнігі з ілюстрацыямі Юрыя Якавенкі: рарытэтнае італьянскае выданне "Песні пра зубра" Міколы Гусоўскага і юбілейны том "Дзікага палявання караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча. Вялікую цікавасць уяўляюць выстаўленыя цынкавыя пласціны-матрыцы - менавіта з іх і робяцца адбіткі на паперы. Юрый Якавенка лічыць, што менавіта пласціны з'яўляюцца ягонай сапраўднай графікай, паколькі яны - першасныя творы, з якіх друкуюцца работы.

Мастак выкарыстоўвае такія складаныя і працаёмкія тэхнікі, як афорт, мецца-тынта і акватынта, дзякуючы чаму стварае непаўторны графічны свет, дзе сплятаюцца фантазійныя і рэальныя вобразы, сівая даўніна, казачныя матывы і рэальныя гістарычныя асобы розных стагоддзяў. Сярод іх - Бона Сфорца, Жыгімонт Стары, Хічкок... У бліжэйшых планах Юрыя Якавенкі - выданне папкі графічных работ, прысвечаных паэзіі Макcіма Багдановіча.

Дар'я ЧАРКЕС

Гродна