Расшыфроўка “Kodex`а”

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Версія, абвеяная венецыянскімі вятрамі

/i/content/pi/cult/352/6685/7-1.jpg

Пра Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь на 54м Венецыянскім біенале гаварылі ды пісалі ўжо шмат. Але ж убачыць яго "ў арыгінале" на ўласныя вочы пашчасціла хіба нямногім нашым суайчыннікам. 15 лістапада "аўра эксклюзіўнасці" была развеяна. Мастацкі праект "Kodex" перабраўся ў Мінск, праўда, не зусім у арыгінальным выглядзе...

 Апрача саміх твораў, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва дэманструецца і арыгінальны банер, абвеяны венецыянскімі вятрамі. Але артэфакт, варты статуса музейнага прадмета, утрымлівае і дапісанае ўжо ў Мінску слова "Версія".

 Зайшоўшы ў невялічкую залу музея, адразу разумееш, чым яно матывавана. "Паўтарыць" праект на новай пляцоўцы, на жаль, не атрымалася. Немалая паводле сваіх памераў карціна Віктара Пятрова, якая "сустракала" гледачоў на парозе павільёна ў Венецыі, цяпер ад іх нібыта "адвярнулася", маркотна пазіраючы кудысьці ў акно. Не ў самым лепшым стане аказалася і скульптура Канстанціна Касцючэнкі, якая пад час біенале дэманстравалася на вольным паветры, на беразе аднаго з каналаў.

У Мінску каналаў амаль няма, а звышсціплыя прасторавыя характарыстыкі экспазіцыйных плошчаў музея пакінулі куратарам небагата магчымасцей для выпрацоўкі альтэрнатыўных рашэнняў. Таму наступным разам пры пераносе падобнага маштабнага праекту варта, думаецца, рабіць версію на адпаведнай па габарытах пляцоўцы.

З іншага боку, вядома ж, выставачны праект - гэта не толькі арганізацыя прасторы, але, перадусім, самі творы. Задачай іх аўтараў было стварэнне ілюстрацый да кнігі, змест якой, па вялікім рахунку, застаўся ўтоеным: каб захаваць інтрыгу і даць гледачу магчымасць узнавіць яго самастойна.

Выбар куратара павільёна Міхаіла Баразны ад пачатку падаваўся "загадкавым". Прыкладам, з той прычыны, што ў спіс удзельнікаў трапіў такі "няпрофільны", здавалася б, аўтар, як Дзяніс Скварцоў. Зрэшты, адгадка не прымусіла сябе чакаць. Як ні дзіўна, менавіта гэты стваральнік эпічных ваенных стужак у вольны ад іх час спарадзіў ці не самы адметны ўзор айчыннага "іншага кіно" (пры жаданні, яго можна назваць і відэаартам). Трансгрэсіўны аўтарскі наратыў поўнасцю адпрэчвае класічны прынцып адзінства часу, месца і дзеяння, дазвання руйнуючы мяжу паміж рэальнасцю і мроямі. Прычым рэжысёр робіць гэта незвычайна вынаходлівым спосабам: багемныя філасофскія размовы ў рытме кліпавага мантажу чаргуюцца са сцэнамі нейкіх баявых дзеянняў - знятымі з размахам ды веданнем справы (аўтару ўсё ж прыдаўся ягоны досвед баталіста!), але абсурднымі паводле сваёй сутнасці.

Яшчэ адзін "неспадзяваны" ўдзельнік павільёна- Юрый Алісевіч - дагэтуль быў вядомы найперш як таленавіты афарміцель кніг (перадусім- дзіцячых). Яго запрашэнне ў дадзены праект можна было патлумачыць хіба самой куратарскай і "агульнабіенальнай" канцэпцыяй. Аднак гэтым разам аўтар адкрыў сябе ў зусім неспадзяваным ракурсе. Даткліва замалёўваючы гелевай асадкай сваё паўсядзённае асяроддзе і "расфарбоўваючы" яго з дапамогай... назваў колераў, Алісевіч спарадзіў някідкі, але густоўны ўзор сінтэзу "традыцыйнай" графікі і канцэптуальнага мастацтва, з яго даўняй схільнасцю замяняць візуальнае вербальным. Подпіс "Тут можа быць любы краявід", зроблены на месцы акна з краявідам, лаканічна адлюстроўвае такі падыход.

 А вось наяўнасць у павільёне саламянай рэплікі "Таемнай вячэры" наўрад ці можа выклікаць недаўменні. Скульптура Артура Клінава з матэматычнай выверанасцю цэліць "у яблычак", выяўляючы тыя адзінствы супрацьлегласцей, якія ўжо не першы год лічацца актуальнымі ў сучасным мастацтве: нацыянальная адметнасць і глабальны дыскурс, іронія і сур'ёзнасць, традыцыя і эксперымент... Рэфлексаваць на заяўленыя ў гэтай сціплай рабоце тэмы можна да бясконцасці.

Перформансы Віктара Пятрова, наадварот, да разумовых рэфлексій наўрад ці прыдатныя: іррацыянальныя паводле сваёй сутнасці, але адметныя ў візуальным аспекце дзеі належыць менавіта ўспрымаць. Відэа і фотадакументацыя, прадстаўленыя на выстаўцы, наўрад ці можа лічыцца адэкватным адпаведнікам жывога працэсу. Затое, яна здатная заахвоціць гледача прыйсці на чарговы паказ гэтага аўтара.

...Дык пра што, уласна, гаворыцца ў тым таямнічым "Kodex'е", які супольна "ілюстравалі" згаданыя вышэй аўтары? Адказы на пытанне, вядома, могуць быць рознымі, і залежаць яны шмат у чым ад інтэнцый саміх рэцыпіентаў. Не ўмею чытаць чужыя думкі, але падазраю, што куратар праекта пісаў сваю "кнігу" пра ўзровень беларускай мастацкай школы і яе адкрытасць да эвалюцыі. Пра тое, што акадэмічная адукацыя зусім не шкодзіць выяўленню самастойнай аўтарскай пазіцыі, а "тэхнічныя" навыкі мастака вельмі важныя і ў такой сферы, як contemporary art, бо дазваляюць аўтару ўвасобіць уласныя задумы ды інтэнцыі больш дакладна.

Як падаецца, тэкст на гэтую тэму атрымаўся ў куратара даволі пераканаўчым. З ілюстрацыямі, кожная з якіх уяўляе цікавасць і сама па сабе.