Тыгр нашага тэатра

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Валерый РАЕЎСКІ — з тых людзей, маштаб асобы якіх ніколі не вызначаўся адно толькі ўласнымі творамі.

 

Можна доўга пералічваць яго выбітныя спектаклі і тыя вышыні, што скарыліся Майстру. Але практычна заўсёды не менш важным для разумення таго, што ж хвалявала і рухала рэжысёра ў накірунку таго ці іншага яго спектакля, было ягонае светаадчуванне, той вугал, пад якім Валерый Мікалаевіч глядзеў на свет і бачыў навакольнае жыццё - як будзённае, так і мастацкае.

 Памятаю, як напярэдадні сямідзесяцігоддзя Валерыя Мікалаевіча мы з ім дамовіліся на трыццаціхвіліннае інтэрв'ю, а ў выніку прагаварылі... гадзін пяць. Не толькі і не столькі пра самога юбіляра, колькі - пра яго асабістае адчуванне сучаснага тэатра. І акурат зараз, развітваючыся з Майстрам, але не развітваючыся з тымі заваяванымі вяршынямі, якія сёння ўяўляюць асобны, важкі раздзел у гісторыі беларускага тэатра, хочацца згадаць адзін момант нашай размовы, які не ўвайшоў у тое, юбілейнае, інтэрв'ю.

- Валерый Мікалаевіч, калі паспрабаваць параўнаць тэатр з якой-небудзь жывёлінай, каго вы назвалі б?

- У кожнай паласе - свая фаўна... У нас няма сланоў, тыграў, хаця апошніх яшчэ і можна было б знайсці...

- Але ёсць зайцы, зубры, іншыя звяры...

- Наш тэатр- гэта... Я аддаў бы перавагу котцы. Лічыцца, што ў яе цэлых сем жыццяў. Яна грацыёзная, фізічна паўнацэнная і ў поўнай меры выкарыстоўвае гэтую сваю вартасць, прыгажосць. Котка валодае той самай сваёй "кашэчай" пластыкай, яна можа быць гуллівай, а можа стаць і жорсткай, калі даводзіцца абараняцца... Але галоўнае- у самых складаных сітуацыях котка вылучаецца сярод іншых істот тым, што заўсёды прызямляецца на ўсе свае чатыры лапы...

 Пахаваны Валерый Раеўскі на Усходніх могілках сталіцы.