РАЕЎСКІ Валерый Мікалаевіч

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванне з прычыны смерці рэжысёра-пастаноўшчыка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народнага артыста Беларусі Валерыя Раеўскага яго родным, блізкім і калегам. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

/i/content/pi/cult/352/6683/3-2.jpg

Беларускае тэатральнае мастацтва панесла цяжкую страту. 19 лістапада 2011 года пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны, рэжысёр і педагог Валерый Мікалаевіч Раеўскі.

На працягу трыццаці пяці гадоў Валерый Раеўскі ажыццяўляў мастацкае кіраўніцтва Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы.

За час творчай працы выдатны рэжысёр толькі на Купалаўскай сцэне стварыў больш за 35 спектакляў паводле твораў айчыннай, рускай і замежнай драматургіі. Сярод іх - спектаклі, якія сваёй яркай мастацкай формай, філасофскім асэнсаваннем з'яў грамадскага жыцця вызначылі перспектывы развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва на многія гады: "Што той салдат, што гэты" паводле Б.Брэхта, "Бура" У.Шэкспіра, "Рэвізор" М.Гогаля, " Тры сястры" А.Чэхава, "Запіскі з падполля" Ф.Дастаеўскага, "Лес" А.Астроўскага, "Трыбунал" і "Пагарэльцы" А.Макаёнка, "Брама неўміручасці" Кандрата Крапівы, "Апошні шанц" В.Быкава, "Чалавек з легенды" Я.Шабана, "Парог", "Радавыя", "Апошні журавель", "Вечар" А.Дударава, "Мудрамер" М.Матукоўскага, "Страсці па Аўдзею" У.Бутрамеева ды іншыя. Гэтыя сцэнічныя работы сталі сапраўднымі ўзорамі нацыянальнай рэжысуры, зрабілі моцны ўплыў на тэатральнае жыццё Беларусі.

 Валерый Мікалаевіч Раеўскі нарадзіўся 20 чэрвеня 1939 года ў Мінску. У 1967-м скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1968 года працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы (з 1973-га- як галоўны рэжысёр, з 1991 года - як мастацкі кіраўнік). Адначасова Валерый Раеўскі распачынае сваю выкладчыцкую дзейнасць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (з 1996-га- прафесар).

Творчасць Валерыя Раеўскага вызначалася паэтычнасцю, метафарычнасцю, спалучэннем выразнай сцэнічнай формы з дакладнай распрацоўкай характараў. Спектаклі, пастаўленыя Валерыем Мікалаевічам, станавіліся ўдзельнікамі і прызёрамі шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх тэатральных фестываляў. Ён ажыццявіў шэраг паспяховых пастановак па п'есах беларускіх і рускіх аўтараў за мяжой: "Зацюканы апостал" М.Матукоўскага - у Славенскім нацыянальным тэатры (Рэспубліка Славенія), "Паўлінка" Янкі Купалы - у Кіеўскім акадэмічным тэатры імя І. Франка (Украіна), "Парог" А.Дударава - у "Лурык-тэатры" Белфаста (Ірландыя), "Рэвізор" М.Гогаля - у Беластоцкім драматычным тэатры імя А.Венгеркі (Рэспубліка Польшча), "Надзея Путніна" І.Малеева - у Маскоўскім тэатры на Малой Броннай (Расійская Федэрацыя), "Рэвізор" М.Гогаля- у Нацыянальным тэатры Эстоніі ў Таліне (Эстонія), "Характары" В.Шукшына - у Санкт-Пецярбургскім тэатры імя Акімава (Расійская Федэрацыя), "Чорная панна Нясвіжа" А.Дударава - у тэатрах Цюмені і Уфы (Расійская Федэрацыя). На творчым рахунку рэжысёра - дзясяткі пастановак, ажыццёўленых на сцэнах тэатраў Беларусі ў Гомелі, Віцебску, Гродне, Маладзечне і на пляцоўках іншых абласных драматычных тэатраў. На Беларускім тэлебачанні Валерый Мікалаевіч паставіў спектакль "Па шчасце, па сонца" паводле твораў Я.Купалы (у 1971 годзе) і фільм-спектакль "Апошні шанц" па аднайменнай аповесці Васіля Быкава (у 1981-м).

За заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва Валерыю Мікалаевічу Раеўскаму ў 1976 годзе было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР", а ў 1998-м - званне "Народны артыст Беларусі". Пастаўленыя ім спектаклі ("Радавыя" А.Дударава ў 1985 годзе і "Мудрамер" М.Матукоўскага ў 1988-м) адзначаны, адпаведна, Дзяржаўнымі прэміямі СССР і Беларусі. У 2004 годзе за значны асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаванні творчай моладзі рэжысёр быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Валерый Раеўскі доўгі час з'яўляўся прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і выхаваў вялікую колькасць акцёраў і рэжысёраў, якія працуюць сёння ў розных тэатрах нашай краіны.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, тэатральная грамадскасць глыбока смуткуюць з прычыны смерці народнага артыста Беларусі Валерыя Мікалаевіча Раеўскага.

 Светлая памяць пра Валерыя Мікалаевіча Раеўскага, чалавека шчодрага таленту, адданага тэатральнаму мастацтву Беларусі, назаўсёды застанецца ў сэрцах родных, блізкіх, калег, сяброў.

ЛАТУШКА П.П., АКРУЖНАЯ С.А., АРЛОВА Г.А., АЎСЯННІКАЎ Г.С., АНІСЕНКА В.Д., ГАРБУК Г.М., ГЕРАСІМОВІЧ Э.І., ДУДАРАЎ А.А., ЗАХАРЭВІЧ М.Г., КАВАЛЬЧЫК С.М., КАРАЧЭЎСКІ У.М., КІРЫЧЭНКА М.М., КЛЕБАНОВІЧ В.М., КОКШТЫС Т.А., МАНАЕЎ В.С., МІЛАВАНАЎ А.Л., ПАЛЯКОЎ П.І., ПАМАЗАН А.К., ПІНІГІН М.М., СУХАВЕЙ С.І., ТАЛКАЧОВА Г.С., ТКАЧОНАК А.Л., ШАЦЬКО Р.І., ЯНКОЎСКІ Р.І., ЯФРЭМАЎ А.В.