Абаранкі са Смаргоні

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Перанясёмся ўяўленнем у 1885 год, у сталіцу Расійскай імперыі Санкт-Пецярбург і пагартаем часопіс на польскай мове “Kraj”, дзе пад рознымі псеўданімамі часта друкаваўся будучы класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Акрамя цудатворнай паэзіі і прозы, ён займаўся яшчэ і журналістыкай і пакінуў нам у спадчыну цікавыя краязнаўчыя працы.

 /i/content/pi/cult/131/668/Abaranki.jpg
Вось першая цытата з Францішка-Бенедыкта, сына Казіміравага, Багушэвіча з Вільні: “… Напярэдадні і ў Дзень заступніка Літвы — святога Казіміра, 3 і 4 сакавіка, у Вільні, на Катэдральным пляцы збіраецца кірмаш, дзе прадаюць пераважна рознае начынне і драўляныя вырабы, вясковыя фабрыкаты з рэштак нашых пушчаў: куфры, мэблю, вазы, такарныя вырабы, дзіцячыя цацкі і розныя “кірмашовыя” прысмакі: бутрыманьскія пернікі, смаргонскія абаранкі і г. д.”.
І яшчэ ад нашага класіка, год той жа, 1885-ы:“… Непадалёк ад Жупранаў, у колішніх уладаннях графаў Пшэздзецкіх, была славутая, вядомая цяпер толькі іранічнаю назваю “Смаргонская акадэмія”, якую з-за недахопу выхаванцаў даўно ўжо зачынілі.”Ці ёсць нейкая сувязь паміж гэтымі двума абзацамі? Так, маецца. Бо абаранкі, гэтыя, можна сказаць, хлебныя “кансервы”, вынайшлі ў славутай смаргонскай цыганскай мядзведжай акадэміі — спачатку для мішак і іх павадыроў. А ўслед за імі абаранкі займелі, дзякуючы кулінарным фантазіям смаргонак, такую папулярнасць, што неўзабаве пачалі разыходзіцца па ўсім белым свеце. Ды так шырока, што нават стала забывацца, дзе ўпершыню іх сталі пячы. Аднавіў гістарычную справядлівасць выдатны навуковец з Падмаскоўя Вільям Пахлёбкін. У сваіх кнігах — кулінарных бестселерах — ён, у прыватнасці, занатаваў: “Слова “абаранак” паходзіць ад дзеяслова “абварыць”. Радзіма абаранкаў — горад Смаргонь у Беларусі, дзе з заварнога (абварнога) цеста ўпершыню пачалі рабіць вузкія жгуцікі і выпякаць з іх абваранкі (вырабы з абваранага цеста). Іх называлі абвараначкамі, абаранкамі і, нарэшце, баранкамі”.
Многія з нас памятаюць бліскучы фільм “Гусарская балада”, дзе ў вобразе галоўнай дзейнай асобы ўвекавечана гераіня Айчыннай вайны 1812 года Надзея Дурава. Яна была яшчэ і пісьменніцай, чый літаратурны дар высока ацаніў сам Аляксандр Пушкін. Дасюль патрыёты і ваяры зачытваюцца яе “Нататкамі кавалерыст-дзяўчыны”. Надзея Дурава ў складзе расійскага войска ўздоўж і ўпоперак прайшла нашу Беларусь. Да яе, як мне здаецца, ніхто з расійскіх пісьменнікаў не пакінуў пісьмовай згадкі пра беларускія абаранкі. Мабыць, яна была першай, хто запісаў ва ўспамінах: “…перад імістаяла кварта гарэлкі і ляжалі некалькі абаранкаў”.
А хто яшчэ казаў ці пісаў пра смаргонскія абаранкі? Аўтар гэтага артыкула некалі распавядаў пра іх у часопісах “Наука и жизнь”, “Работніца і сялянка”, “Гаспадыня”, “Беларуская думка” і ў шматлікіх рэспубліканскіх і мясцовых газетах. Дадам, што і сушкі таксама вынайшлі ў Смаргоні.Але вернемся да гісторыкаў і пісьменнікаў.
Адам Ганоры Кіркор (“Живописная Россия”, том І, стар. 172.): “Смаргоне, значнае казённае мястэчка, належала князям Радзівілам, якія атрымалі яго ў спадчыну ад Дэспатаў-Зяновічаў, потым жа Пшэздзецкім. Радзівілы заснавалі тут адмысловую школу для навучання прыручаных мядзведзяў. Школу гэтую жартам называлі смаргонскай акадэміяй. Мядзведзі гэтай школы славіліся паўсюль і дастаўлялі жыхарам прыбытковы промысел. Смаргоне і цяпер славяцца сваімі абваранкамі (маленькімі бублікамі)”.
Ён жа, і ў гэтай кнізе (стар. 217): “У Смаргонях, Ашмянскага павета, Віленскай губерні, ледзь не ўсё мяшчанскае насельніцтва занята выпечкай маленькіх бублікаў, або крэндзялькоў, якія карыстаюцца вялікай вядомасцю пад назвай смаргонскіх абваранкаў. Кожны праезджы абавязкова купіць некалькі звязак гэтых бублікаў; акрамя таго, іх развозяць у Вільню і іншыя гарады”.
Уладзіслаў Сыракомля (“З дарожнага дзённіка 1856 года”): “Добры дзень, горад старой акадэміі мядзведзяў, сталіца славутых на ўсю Літву абаранкаў, якія, аказваецца, і цяпер вунь прадаюць на станцыі, каля паштовага дома”.
Да майго здзіўлення, у кнізе “Памяць” Смаргонскага раёна няма артыкула, прысвечанага твору кулінарнага мастацтва продкаў. Знайшоўся ўсяго адзін невялічкі абзац, дзе гаворыцца, “што і сёння часам у крамах Варшавы і Масквы можна ўбачыць асартымент з надпісам “смаргонскія абаранкі”.
Шчыра кажучы, я не ведаю, ці адпавядаюць рэальнасці гэтыя словы, бо мой сябра — журналіст Анатоль Уголеў з Масквы ў сваім горадзе такіх абаранкаў аніразу не бачыў. Тое ж самае мае знаёмцы кажуць, калі прыязджаюць з Варшавы.
Пра абаранкавыя вырабы, іх вытворчасць, асартымент (простыя, цукровыя, цукровыя з макам, цукровыя з ваніллю, гарчычныя, здобныя, яечныя, “славянскія”, “чаркізаўскія” ды іншыя) можна распавядацьі распавядаць. Але шчыра скажу, што ў Смаргоні і Смаргонскім раёне мала робяць для аднаўлення і папулярызацыі абаранкаў. А мог бы ў гэтым горадзе паўстаць нават помнік смаргонскай абараначніцы, а таксама нейкі знак у памяць аб мядзвежай акадэміі…

Міхась МАЛІНОЎСКІ
Баранавічы