“Здаровая” мода

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

На гэтым тыдні ў сталіцы і рэгіёнах краіны стартуюць шматлікія мерапрыемствы, прымеркаваныя да 1 снежня — Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу.

 

Пра мінскі кантэкст акцый, што шчыльна паяднаюць сферы аховы здароўя і культуры, распавёў на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў. Ён зазначыў, што ў сталіцы з нагоды Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу пройдзе больш за 130 мерапрыемстваў. Зразумела, тэматыка іх скіравана, у першую чаргу, на маладзёжную аўдыторыю, што і вызначае мэты акцыі: сфарміраваць моду на здаровы лад жыцця, заклікаць адмовіцца ад шкодных звычак... Паводле слоў Сяргея Мядзведзева, мерапрыемствы адбудуцца ў кожным адміністрацыйным раёне горада.

Да акцыі плануецца актыўна падключыць гарадскія ўстановы культуры. У прыватнасці, Белдзяржцырк правядзе акцыю "Чырвоная стужка - знак надзеі", а таксама інфармацыйную выстаўку "Мы выбіраем жыццё!". Пад гэткай жа назвай мае адбыцца і імпрэза для непаўналетніх з групы рызыкі (гаворка - пра тых юнакоў і дзяўчат, хто стаіць на розных відах уліку) у Нацыянальнай школе прыгажосці . Свой унёсак у пашырэнне інфармацыі пра небяспеку ВІЧ/СНІДу зробяць і іншыя ўстановы культуры сталіцы: дзіцячыя школы мастацтваў, бібліятэкі, кінатэатры...

На Магілёўшчыне ж цэнтрам падрыхтоўкі да Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу стаў Бабруйск. На гэтым тыдні тут адбылося мерапрыемства "Дзейнасць па праблеме ВІЧ за 2010 - 2011 гады" ў рамках працы Міжканфесійнай місіі "Хрысціянскае сацыяльнае служэнне". Як паведамляюць у Магілёўскім аблвыканкаме, удзел у праекце ўзялі больш за 60 прадстаўнікоў хрысціянскіх цэркваў Беларусі розных канфесій, прадстаўнікі грамадскіх і дзяржаўных арганізацый. Удзельнікі мерапрыемства распавялі пра розныя формы і метады працы цэркваў Беларусі ў нацыянальнай стратэгіі зніжэння пагрозы распаўсюджвання ВІЧ.

Дарэчы, менавіта сёлета споўнілася 30 гадоў з часу абвяшчэння глабальнай эпідэміі СНІДу і пачатку шырокай барацьбы з распаўсюджваннем хваробы.