Значнасць віцебскага тэатра як мастацкай з'явы ў нацыянальнай мастацкай прасторы адзначыў у віншавальным адрасе Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. "Гісторыя станаўлення і творчых дасягненняў вашага вядомага тэатральнага калектыву заслугоўвае вялікай павагі і шчырых слоў удзячнасці. Найлепшыя старонкі дзейнасці тэатра заўсёды былі звязаны з нацыянальнай драматургіяй, сцвярджэннем высокіх маральных і эстэтычных ідэалаў у мастацтве. Менавіта на яго тэатральных падмостках упершыню ўбачылі святло рампы вядомыя п'есы беларускіх пісьменнікаў і драматургаў: Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы", - адзначаецца, у прыватнасці, у пасланні, якое зачытаў гасцям урачыстасцей першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі.
Таксама Прэм'ер-міністр пажадаў Коласаўскаму тэатру далейшых творчых дасягненняў і поспехаў.
Пад час мерапрыемства работнікам тэатра былі ўручаны Ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскага аблвыканкама і гарвыканкама. Граматай Нацыянальнага сходу краіны адзначаны адзін з вядучых акцёраў Коласаўскай трупы - Пётр Ламан.
Нагадаем, пра этапы развіцця тэатра, тых асоб, што ўпісалі сваю старонку ў яго гісторыю, "К" падрабязна пісала ў мінулым нумары.