“Абноўкі” прачытання

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Леташні паспяховы дэбют Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму сёлета замацуецца чарговым, амаль тыднёвым, марафонам найвыбітнай класікі. А парадкавы нумар — Другі — дае заруку працягу, бадай, наймаштабнейшага на сёння праекта нашага Вялікага тэатра.

 

З 15 па 20 снежня форум, заснавальнікамі якога з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкам і ўласна Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета краіны, прадэманструе ўзровень айчыннай сцэны, замежнага мастацтва, а таксама тыя вынікі, што можа даць сумесная праца творцаў па "прачытанні" класікі.

Спецыяльна для адзінага паказу ў рамках ІІ Мінскага Каляднага (ён, дарэчы, і адкрые форум) прыбудзе спектакль "Травіята" Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі ў рэжысуры Аляксандра Цітэля. За дырыжорскім пультам чакаюць галоўнага дырыжора тэатра Фелікса Корабава, а ў галоўнай партыі - Хіблу Герзмаву - прымадонну маскоўскага тэатра, а таксама запрошаную зорку Парыжскай нацыянальнай оперы, нью-ёркскай "Метрапалітэн-опера" і Каралеўскай оперы "Ковэнт-Гардэн" у Лондане. Як зазначаюць у тэатры, у Мінск спявачка прыляціць адразу пасля выступлення ў Нью-Ёрку.

А вось наступнымі днямі меламаны атрымаюць магчымасць папрактыкавацца ў кампаратывістыцы. Для пачатку, 16 снежня, - параўнаць вакальныя трактоўкі "Аіды" (вядучыя партыі ў спектаклі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора нашага тэатра Віктара Пласкіны выканаюць салістка Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета Маквала Аспанідзэ, саліст Вялікага тэатра Расіі Алег Кулька, аўстралійская спявачка Луіза Калінан). Дырыжорскія "абноўкі" ў "Севільскім цырульніку" - новым спектаклі айчыннай трупы, пастаўленым Міхаілам Панджавідзэ ў жанры камедыі масак, - 18 снежня пакажа італьянец Джанлука Марчыяна, адзін з самых адораных еўрапейскіх дырыжораў новага пакалення. 19 снежня фэнтазійную "Снягурку" мінчане пачуюць з удзелам маладой зоркі Вялікага тэатра Расіі Венеры Гімадзіевай ды вядучага саліста Марыінскай трупы Яўгена Акімава.

Ну, а, бадай, самым ўражальным стане закрыццё форуму, што, як мяркуюць арганізатары, збярэ лепшых оперных салістаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Узбекістана, Азербайджана... Усяго ж за час, спадзяёмся, ужо традыцыйнага тыдня класікі тэатр прыме больш за 120 гасцей: артыстаў, кіраўнікоў калектываў, крытыкаў.