Перад гледачом - спроба своеасаблівага аналізу псіхалогіі чалавека ў горадзе і горада ў чалавеку. У работах Вольгі Бубіч Мінск паказаны не такім, якім яго малююць на паштоўках. Горад тут можна ўбачыць вачыма сучаснай моладзі, што актыўна ўзаемадзейнічае з прасторай сталіцы: кідае выклік і марыць, дасягае і страчвае, атрымлівае асалоду ад цішыні паркаў ці акунаецца ў тлум плошчаў...
Фотапраект "Горад унутры"- пра людзей і горад, пра пошук гармоніі ў стасунках паміж імі і выяўленне асабліва тонкіх абрысаў гэтай гармоніі, якую фатограф паспрабавала паказаць праз дыптыхі: псіхалагічны партрэт чалавека і месца, якое ён лічыць сваім любімым.