Дэнс і хор

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

1 снежня ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў сваіх сяброў збірае народны ансамбль танца “Радуга”.

Нагода для сустрэчы- 55-годдзе знанага калектыву, прычым сёння гэта менавіта маладзёжны ансамбль, сярэдні ўзрост удзельнікаў якога - 20 гадоў. Важкія і найноўшыя дасягненні калектыву. З апошніх па часе перамог- сёлетнія званне лаўрэата I ступені III Міжнароднага конкурсу "Кубак Еўропы" ў намінацыі "Народны танец", а таксама Ганаровыя граматы і дыплом удзельніка Міжнароднага фестывалю "Folkmoncao" ў Партугаліі ды Іспаніі.

Праграму лацінаамерыканскіх танцаў "Радуга" пакуль не прапануе, аднак не менш запальнымі маюць стаць беларускія, якія калектыў пад кіраўніцтвам Арэста Звіра дбайна захоўвае, а таксама малдаўскія, цыганскія, украінскія, рускія ды іншыя харэаграфічныя нумары.

Дарэчы, сёлета такую ж круглую дату адзначае, як і "Радуга", яшчэ адзін ансамбль установы - Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь "Харавая капэла Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў". Яго канцэрт адбудзецца ў Белай зале РПКП 15 студзеня наступнага года.