Ноты Нёмана

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Музычную спадчыну Рэчы Паспалітай прадставілі ў Гродне.

Кампазітар Яўген Паплаўскі ў красавіку ўжо быў госцем горада як удзельнік праекта "Беларускія кампазітары - нашы землякі" ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы. Пад час той сустрэчы ён, наш выпускнік, падарыў установе нотныя выданні Н.Орды, М.Ельскага, Ю.І. і К. Крашэўскіх, А.Абрамовіча, К.Горскага, Ф.Міладоўскага. Таму прапанова зладзіць у Гродне прэзентацыю зборнікаў таксама знайшла падтрымку.

Падобная акцыя была чацвёртай па ліку. Перад Гроднам ноты атрымалі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Інстытут музыказнаўства Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве і Нацыянальная бібліятэка Украіны імя В.І. Вярнадскага ў Кіеве.

Яўген Паплаўскі захапляльна і глыбока апавядаў гісторыю напісання даследаваных ім музычных твораў нашых кампазітараў мінулага. І менавіта "сваю гісторыю", бо каб не ён, многія гэтыя рукапісы так і засталіся б у сховішчах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Імкнуліся адпавядаць вядучаму і гродзенскія музыканты. Пад кіраўніцтвам С.Калчанавай былі адабраны творы для ілюстрацыі большасці зборнікаў і знойдзены выканаўцы, пераважна- выкладчыкі і навучэнцы каледжа.

Будзем спадзявацца на далейшае супрацоўніцтва. А дзесяць нотных зборнікаў "Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай нацыянальнай бібліятэкі" - гэта ўжо рэальнасць, якая адкрывае яшчэ адну невядомую старонку гісторыі нашай краіны.

Аляксей САЛАДУХІН, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа