“Канструкцыя” з закручаным сюжэтам

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

У сярэбранай раме — дыплом “Панараме”

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў Прывітанні гасцям і ўдзельнікам фестывалю, якое зачытаў на яго адкрыцці міністр культуры краіны Павел Латушка, адзначыў "Панараму" як "...адзін з найбольш цікавых і дэмакратычных творчых форумаў на постсавецкай прасторы". Сапраўды, арганізатары "Панарамы" - Міністэрства культуры краіны, Мінгарвыканкам і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы - клапоцяцца, каб фестываль быў цікавы як спецыялістам, так і шырокаму колу тэатральных прыхільнікаў. Паўнюткія залы (дарэчы, першымі былі прададзены білеты на... беларускія спектаклі: публіка імкнецца паглядзець работы, вылучаныя Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміяй і ўключаныя ў "Панараму"). Выключная цішыня ў час спектакляў. Гарачы прыём кожнага з іх: апладысменты пераходзяць у авацыі. Так што калі вядучыя выносяць удзельнікам дыпломы фестывалю (а ўганараванне пасля кожнага прагляду - традыцыя ўсіх пяці "Панарам"), узнагароджанымі пачуваюць сябе не толькі артысты, але і гледачы. А якая творчая атмасфера пануе на штодзённых творчых сустрэчах у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў! Зала не можа змясціць усіх ахвотных, студэнты сядзяць на прыступках і літаральна закідваюць зорак пытаннямі, шукаючы адказы на свае творчыя ваганні. Свае пытанні пасля гэтых своеасаблівых майстар-класаў рэжысёрам ды акцёрам задаў і карэспандэнт "К", атрымаўшы эксклюзіўныя адказы. Іх мы друкуем сёння. Карацей, усё гэта сведчыць: дыплом "За правядзенне свята" заслужыла сама "Панарама".  

 Заўтра "Панарама" завяршаецца. Але ўжо зараз можна падвесці некаторыя вынікі, даўшы агляд трох першых "гасцявых" спектакляў. Наперадзе - п р а д с т а ў н і ч а я беларуская праграма і паказы іншых тэатраў - гасцей сталіцы...

 

/i/content/pi/cult/352/6662/Clip_10.jpg Жыла-была "Чайка"

"Чайка" - самая, бадай, загадкавая п'еса А.Чэхава. Літоўскі рэжысёр Ёнас Вайткус, паставіўшы гэтую п'есу разам з суайчыннікамі-аднадумцамі ў Тэатры-фестывалі "Балтыйскі дом" у Санкт-Пецярбургу, здзівіў не толькі неверагодным сінтэзам усяго і ўсялякага, але і надзвычай стройнай "канструкцыяй" пастаноўкі, заснаванай на сістэмах "двайнікоў", лейтматываў, супрацьлеглых "парных вобразаў".

Калі ёсць белы раяль "Чайка" як сімвал мастацтва, дык будзе і "аднайменная" лодка як сімвал побыту. З'явіўшыся на відэаэкране, чайка ажыве і паўстане вытанчанай, гібкай гімнасткай - збалелай душой не столькі Зарэчнай, колькі закаханага ў яе Трэплева. Зарэчная і Аркадзіна, жонка і дачка кіраўніка маёнтка Шамраева, Траплёў і Трыгорын, Трэплеў і Сорын - быццам люстэркавыя адбіткі адно аднаго, але з варыяцыямі "ў розных пакаленнях". Нават звычайнае паваротнае кола набывае тут сімвал кругавароту жыцця. Каб замкнуць тое кола канчаткова, рэжысёр, нічога не рэдагуючы ў чэхаўскім тэксце, выводзіць на сцэну яшчэ аднаго персанажа, пазначанага ў праграмцы як Доктар Дорн у маладосці. Дзіўнаваты хлапчына з іранічнай усмешкай і ружова-чырвонымі акулярамі ўспрымаецца ўвасабленнем самога Д'ябла - таго самага, чые чырвоныя вочы запальваюцца ў п'есе Трэплева. Беражліва данесеная класіка раптам злучаецца з галівудскага тыпу апакаліпсісамі - і набывае яшчэ большую актуальнасць, звяртаючыся да самай шырокай аўдыторыі. Трэплеў сыходзіць з жыцця не з-за Ніны, якая нягледзячы ні на што кахае Трыгорына, а з-за... свайго дзядзькі Сорына. Рэплікі апошняга знікаюць у Чэхава ў сярэдзіне апошняй дзеі: той засынае. Паводле ж Вайткуса - памірае ў сне, і першым гэта заўважае Трэплеў, тым самым страчваючы апошнюю апору ў сваім жыцці. Дык гэтая п'еса - пра канфлікт пакаленняў ці іх еднасць, якую мы не хочам заўважаць?

У спектаклі ёсць і яркае відовішча, і літаральна аголеная псіхалогія абсалютна кожнага героя, ажно да кухара, слугі і пакаёўкі. Абсалютная дакладнасць тэксту - і бязмежны палёт думкі. А галоўнае - неабсяжнасць розных сэнсавых пластоў: ад гіперрэалізму (на нашых вачах, акурат на авансцэне, натуральную моркву дзяруць на тарцы і выціскаюць з яе сок) да сюррэалізму, сімвалізму, постмадэрна. І - невыпадковасць, асацыятыўная абумоўленасць кожнай дэталі: ад фанасферы да сцэнічных строяў ды колеру ценяў над вачыма.

 

Ах, Анна-Анна! /i/content/pi/cult/352/6662/Clip_12.jpg

"Анна Карэніна" Тэатра танца Анжалікі Холінай з Вільнюса выклікала сапраўдны фурор у публікі, сярод якой было шмат нашых балетных артыстаў. І гэта найлепшым чынам дэманстравала, як знудзіліся гледачы па сумесі неакласікі з сучаснай пластыкай.

Мабыць, я надта прыдзірлівы крытык, але іншыя балетныя прачытанні гэтага рамана, якіх зроблена было багата, уяўляліся мне больш цікавымі. Адметнасцю цяперашняга стаўся зварот да жанру харэадрамы, дзе літаратурны сюжэт паслядоўна і пунктуальна пераказваецца на мове іншага віду мастацтваў. І той пераказ не выходзіць за межы аднойчы і назаўсёды расстаўленых акцэнтаў. У спектаклі - шмат цікавых пластычных знаходак, але ўсе яны датычацца жанравых замалёвак, а не ўзаемаадносін галоўных герояў. І замест цэласнай аўтарскай канцэпцыі перад намі паўстае набор харэаграфічных мініяцюр - ілюстрацый да асобных старонак рамана. А вось ідэя спалучэння ў трупе дзяўчын з харэаграфічнай адукацыяй і мужчын з акцёрскай і дасягненне сапраўднай гармоніі паміж рознымі "школамі" адпавядае самым найноўшым тэндэнцыям.

 

Згуляем у "малатком па галаве"?

"Цырульніцу" Тэатра імя М.Чаканаі можна лічыць сумесным венгерскарасійскім праектам: сучасную п'есу С.Мядзведзева пра расійскую "чарнушную" рэчаіснасць увасобіў масквіч В.Рыжакоў, зрабіўшы пастаноўку, сцэнаграфію, касцюмы і падбор музыкі. Квартэт венгерскіх артыстаў, выконваючы ролі ледзь не дзясяткаў персанажаў, даказаў, што тэатр зачароўвае гульнёй, якая можа быць не менш віртуознай за проста акцёрскую ігру.

/i/content/pi/cult/352/6662/Clip_11.jpgМ і н і м у м сродкаў: абклееная газетамі сцяна (як высв я т л я е ц ц а пазней, з акенцамі ) , ануча для падлогі, вёдры з вадой, стары "спісаны" веласіпед, пажарны рукаў, лесвіца, пластмасавыя кветкі, чатыры падрапаныя крэслы, празрысты мяшок для смецця. Самым "каштоўным" у гэтым сцэнаграфічным наборы аказваецца... сапраўдны сакавіты кавун. Ён выступае спачатку "ў ролі" матацыклетнага шлема, а потым - уласна кавуна, які смакуюць героі. Сок яго асацыіруецца з кроўю, а палова, прыціснутая да жывата, сімвалізуе зараджэнне новага жыцця - "маёй крывіначкі". Сентыментальна-крымінальная гісторыя (цырульніца, прагнучы жаночага шчасця, у лепшых традыцыях "выратавальніцы" аддае сваё сэрца і кватэру былому забойцы, які вяртаецца з турмы, а той яе - малатком па галаве ды ў стог сена) пазбаўляецца побытавай тынкоўкі - і ўзнікае прытча. Без маралізатарства, у гуллівагульнёвай форме: смех у зале не змаўкае - акурат да "малаточка". Але потым узнікае з новай моцай - як-ніяк, поўны хэпі-энд: "прыстукнутую" выратоўвае закаханы ў яе пажарнік і ўсынаўляе ейнае немаўля, названае ў гонар... забойцы. Толькі ўвесь гэты "закручаны" сюжэт - на другім плане. На першым - гульня. Артысты гуляюць у сваіх персанажаў, прымерваючы на сябе то адну, то другую ролю - без усялякіх пераапрананняў, адно сваім папраўдзе фантастычным талентам. Паміж імі быццам узнікае нячутны дыялог - па мове позіркаў і ўсмешак: "Што, гэтая роля "не твая"? Давай тады памяняемся. Во, так лепш!"...

На здымках: сцэны са спектакляў "Чайка", "Цырульніца", "Анна Карэніна".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"