Сцэнарый для канкурэнцыі

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Як прэзентаваць кінапраект “у адным пакеце”?

/i/content/pi/cult/352/6656/Clip_6.jpg"К" працягвае шэраг публікацый, прысвечаных праблемам развіцця айчыннага кінамастацтва. Сёння мы прапануем паразважаць над пытаннем найлепшай арганізацыі працэсу стварэння новых кінапраектаў. Не сакрэт, што мноства цікавых задум, ідэй і нават гатовых да рэалізацыі літаратурных сцэнарыяў, якія існуюць у нашых кінематаграфістаў, у выніку так і не дасягаюць стадыі актыўнай распрацоўкі, прытым, што нацыянальнаму кінамастацтву, па агульным, не раз агучаным, меркаванні, з года ў год бракуе якаснага сцэнарнага матэрыялу. Тлумачэнне гэтаму досыць простае: кіно - справа калектыўная, дзе задзейнічана мноства асоб і арганізацый, узаемадзеянне якіх адбываецца не заўсёды найлепшым ды самым эфектыўным чынам. Між тым, у практыцы сусветнай кінаіндустрыі існуе шэраг інстытуцый і механізмаў, з дапамогай якіх аўтары і тыя, хто замаўляе, вырабляе і распаўсюджвае стужкі, знаходзяць адно аднаго, атрымліваюць патрэбныя сродкі, дамаўляюцца аб вытворчасці і дыстрыб'юцыі будучага кінапраекта. Першая магчымая стадыя зладжанага кінапрацэсу - пошук партнёраў і фінансавання - пачынаецца з падрыхтоўкі да пачатковай распрацоўкі і прэзентацыі праекта. Пра пэўныя акалічнасці апошніх і пойдзе гаворка ніжэй. 

 

Пазвані мне, пазвані!

Чытачы памятаюць аб "эксперыменце", што рэдакцыя нашага выдання правяла ў студзені бягучага года, калі ў некалькіх нумарах газеты запар можна было прачытаць разгорнуты сінопсіс поўнаметражнага мастацкага гісторыка-прыгодніцкага фільма "Паціна", аўтарамі якога сталі журналісты "К" . На мэце гэтай акцыі было выклікаць цікавасць грамадскасці да кінапраектаў, скіраваных на абуджэнне гістарычнай свядомасці беларускай нацыі, ды праблему аховы культурнай спадчыны нашай краіны. Нягледзячы на пэўныя захады, якія былі зроблены для таго, каб зацікавіць ідэяй стужкі прадстаўнікоў беларускіх кінавытворцаў, праект спыніўся на стадыі апублікавання сінопсісу. Зразумела, пачынаючыя "сцэнарысты" не разлічвалі, што іх твор будзе адразу прыняты да пастаноўкі... Аднак ад зносін з тагачасным адпаведным прадстаўніком кінастудыі дакладных інструкцый і аналізу свайго твора мы таксама не атрымалі. Іншым аўтарам і гэтага не ўдалося: на слыху нашай кінаграмадскасці - адразу некалькі "вандроўных" кінапраектаў, якія існуюць толькі на паперы і ў фантазіі сваіх патэнцыйных пастаноўшчыкаў.

Днямі ў нашу рэдакцыю паступіла чарговая прапанова па стварэнні буйнога гістарычнага кінапраекта. У цэнтры яго - адна са знакавых постацей беларускай мінуўшчыны, што стаяла ля вытокаў дзяржаўнасці на нашых землях. Задума напісаць сцэнарый, па словах аднаго з яго аўтараў, узнікла яшчэ ў 2004 годзе, але пакуль усё абмежавалася менавіта стварэннем драматургічнага твора аб'ёмам амаль у сто старонак. Відавочна, сцэнарысты (вопытны беларускі кінематаграфіст і літаратар - папулярызатар беларускай мінуўшчыны, аўтар некалькіх бестсэлераў па гісторыі нашай краіны) прыклалі ўсе намаганні, каб зрабіць яго цікавым і дастойным экранізацыі. Але... Зноў-такі, далей за напісанне літаратурнай першакрыніцы справа пакуль не зайшла. Сцэнарый нельга лічыць шэдэўрам драматургіі, аднак з ім, як і з шэрагам іншых задум нашых кінематаграфістаў, пры жаданні, можна было б працаваць далей, прасоўваючы саму ідэю ў пошуку магчымых партнёраў. Прынамсі, "на кожны тавар знойдзецца свой пакупнік"...

Сцэнарый, які прынеслі ў рэдакцыю, мог бы знайсці сваё ўвасабленне, да прыкладу, у выглядзе тэлевізійнага серыяла - балазе якасць матэрыялу і яго аб'ём збольшага адпавядаюць таму бачанню мастацкага твора, што існуе на сённяшні дзень на тэлевізійных каналах. Аднак аўтары вымушаны звяртацца ў рэдакцыю перыядычнага выдання ў спадзяванні знайсці партнёраў праз сродкі масавай інфармацыі. Дарэчы, апісаны вышэй выпадак не адзінкавы: трохі раней з аналагічнай мэтай да нас прыходзіў аўтар падобнага праекта. Рэдакцыя "К", вядома, удзячная айчынным творцам за такую ўвагу да сілы друкаванага слова, але згаданыя выпадкі яскрава дэманструюць некалькі праблем нашага кінамастацтва.

Па-першае, аўтары літаратурных сцэнарыяў, не атрымаўшы хуткай зацікаўленай рэакцыі з боку адпаведных асоб, прыпыняюць пошукі іншых магчымых партнёраў і спрабуюць распачаць "піяр-акцыі" ў СМІ, разлічваючы на тое, што грамадскі розгалас дапаможа ім атрымаць дзяржаўныя сродкі на пастаноўку. Рэклама будучых праектаў на першапачатковай стадыі- гэта распаўсюджаная і шырокаўжывальная рэч у сусветнай кінаіндустрыі. Але звычайна прасоўваннем ідэі не знятай пакуль стужкі займаюцца зусім на іншым узроўні і іншымі спосабамі.

Па-другое, літаратурны сцэнарый фільма - безумоўна, неабходная першааснова любога кінапраекта. Але "ідэі лунаюць у паветры": абраць сабе тэму для будучай пастаноўкі і нават выкласці ўсе калізіі сюжэта на паперу - толькі палова справы. Ці не найважнейшым у сучасных абставінах кінавытворчасці з'яўляецца "прасоўванне" праекта да патэнцыйных партнёраў, тых, для каго важкім з'яўляецца не толькі сцэнарый, але і магчымасць яго рэалізацыі, папярэдне праведзеная творчая распрацоўка літаратурнай першакрыніцы, аб'ём патрэбнага фінансавання, мэтавая аўдыторыя і плануемая рэнтабельнасць праекта. Адным словам - "жыццяздольнасць" будучай стужкі.

Цікава, што з размовы з патэнцыйным рэжысёрам прадстаўленага ў рэдакцыю сцэнарыя можна было даведацца аб шэрагу цікавых акалічнасцей стварэння і абмеркавання рукапісу, зацікаўленасці да яго з боку кіраўніцтва аднаго з рэгіёнаў краіны, упэўненасці аўтара ў сваіх творчых здольнасцях. Але іншага ўвасаблення пажаданага праекта апрача літаратурнай першакрыніцы ўбачыць так і не давялося. Калі ўявіць сабе, што гэты або іншы сцэнарый трапіць на рабочы стол паспяховага прадзюсара або іншай уплывовай у кінаіндустрыі асобы, то яго аўтары моцна рызыкуюць дачакацца тэлефанавання з прапановай аб пастаноўцы праз вельмі працяглы тэрмін. Справа ў тым, што сучасныя стандарты ў падрыхтоўцы заявак такога кшталту патрабуюць да сябе куды большага, чым нават вельмі годна напісаны літаратурны твор.

 

Пачынаецца ўсё з заяўкі

Большага ў хуткім часе будуць патрабаваць і дзяржаўныя органы ў нашай краіне пры разглядзе заявак на фінансаванне кінапраектаў. Дагэтуль у Беларусі захоўвалася сістэма, пры якой мастацкімі і экспертным саветам Міністэрства культуры вялося абмеркаванне менавіта літаратурных сцэнарыяў будучых стужак, пасля чаго і прымалася рашэнне фінансавання пастаноўкі. Але цяпер разглядаць стануць не сцэнарыі, а належным чынам аформленыя праекты.

Як паведамілі карэспандэнту "К" у Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры, чакаецца, што на пачатку наступнага года зробяць шэраг заканадаўчых захадаў, якія карэнным чынам зменяць стаўленне да падрыхтоўкі кінапраектаў. У бліжэйшай будучыні аўтары стужкі, каб знайсці разуменне з боку дзяржавы і атрымаць частковае або - у пэўных выпадках - поўнае фінансаванне, будуць павінны надаваць куды больш увагі прэзентацыі свайго праекта. Такім чынам, становішча з новымі кіназадумамі можа прынцыпова змяніцца. Калі сёння дзяржава прапануе працу творцам, то праз пэўны час творцы стануць канкурыраваць за права прапанаваць свае праекты дзяржаве. І, відавочна, поспех у дзяржаўнай падтрымцы будзе ў першую чаргу належаць тым, хто прэзентуе свой праект найлепшым чынам. У прыватнасці, прапануе на разгляд экспертаў, апрача сінопсісу і літаратурнага сцэнарыя, максімум неабходнай і дадатковай інфармацыі: плануемы каштарыс і план фінансавання праекта з указаннем магчымых крыніц, пажаданы склад здымачнай групы і выканаўцаў галоўных роляў, магчымую творчую канцэпцыю і падтрыхтаваныя рэжысёрскія ды мастацкія распрацоўкі кшталту раскадровак, эскізаў касцюмаў, дэкарацый, відэаматэрыялы з месцаў будучых здымак... А самае галоўнае - давядзе мэтазгоднасць свайго кіно, яго грамадскую запатрабаванасць ды эканамічную рэнтабельнасць.

Тое, дарэчы, тычыцца не толькі канкурэнцыі за ўвагу дзяржавы: плануецца, што значную частку бюджэту будучай стужкі прадзюсары праектаў будуць знаходзіць у прыватных інвестараў. А тыя, да прыкладу, расійскія кінакампаніі, даўно прывыклі разглядаць толькі добра прапрацаваныя і належным чынам падрыхтаваныя заяўкі.

- Нашы кінематаграфісты пакуль вельмі слаба ўяўляюць сабе ўсе сучасныя патрабаванні пры падтрыхтоўцы прэзентацыі ўласнага кінапраекта, тое, якую вялікую працу трэба правесці, перш чым выйсці на пошук фінансавання, - кажа дырэктар РУП "Беларускі відэацэнтр" Юрый ІГРУША, які мае пэўны міжнародны досвед у прасоўванні сваіх праектаў на міжнародны рынак. - І тут важна не толькі дакладна ведаць, якім чынам афармляць дакументы, каб яны зрабілі найлепшае ўражанне на інвестара, але і выканаць некалькі абавязковых умоў, без чаго усе астатнія захады нават не будуць разглядацца. Па-першае, давесці годнасць ідэі сваёй карціны, таго, што менавіта яна выкліча водгук у гледача. Па-другое - асабістую матываваную зацікаўленасць у праекце. Калі справа датычыцца дакументальнай стужкі - прадэманстраваць фатаграфіі ці відэа з месца будучых здымак з запланаванымі героямі і гэтак далей. Калі гаворка - пра ігравое кіно, то там у апошнім пункце трэба быць яшчэ больш актыўным, прапанаваць добра прапрацаваную і належным чынам падрыхтаваную для прэзентацыі творчую канцэпцыю...

Відавочна, што пры новай схеме дзяржбюджэт павінен пазбавіцца выдаткаў, якія ідуць на прапрацоўку праектаў, што могуць потым не мець удалага працягу. Годныя ідэі будуць шукаць і рыхтаваць вытворчыя кампаніі, сярод якіх, як спадзяюцца ў Дэпартаменце па кінематаграфіі, з'явіцца ўсё больш і больш прыватных "гульцоў".

- Галоўную ролю ў падрыхтоўцы кінапраектаў, усведамляючы адказнасць і рызыку за іх увасабленне ва ўсім свеце, адыгрывае прадзюсар, - працягвае Юрый Ігруша. - Але ў беларускім кінематографе важнасць гэтай прафесіі пакуль недаацэньваюць. Калі прасцей, то сапраўдных прадзюсараў у нас... пакуль няма. Прадзюсар - гэта чалавек, які аб'ядноўвае ўсіх удзельнікаў праекта, адказвае за канчатковы вынік. У нас рознымі аспектамі вытворчасці стужкі займаюцца розныя людзі: рэжысёр - творчай часткай, галоўны бухгалтар і адміністратар - эканамічнай, і гэтак далей. Фактычна, функцыі галоўнага прадзюсара цяпер выконвае кіраўнік установы, дзе ствараецца стужка. Спадзяюся, запланаваныя змены ў заканадаўстве падштурхнуць нашу сістэму да таго, каб у ёй нарэшце з'явілася постаць кінапрадзюсара.

 

Што ў пітчынгу табе маім?..

Знайсці айчыннага прадзюсара або інвестара - праблема для беларускага кінематаграфіста даволі складаная. Асабліва калі справа датычыцца пошуку замежнага партнёра, як гэта можа спатрэбіцца аўтарам сцэнарыя, з якіх мы пачыналі дадзены матэрыял, бо падзеі іхняй стужкі маюць адбывацца на тэрыторыі адразу некалькіх сучасных дзяржаў. Так склалася ў свеце кіно, што ідэй фільмаў ды іх патэнцыйных стваральнікаў куды больш, чым грошай на кінавытворчасць. За мяжой склалася практыка правядзення так званых пітчынгаў (ад англійскага "pitch" - "выстаўляць на продаж") у выглядзе прэзентацый і абароны праектаў, на якіх аўтары будучых стужак у прысутнасці публікі даводзяць годнасць сваёй ідэі. Звычайна пітчынгі адбываюцца пад час правядзення міжнародных кінафорумаў, куды з'язджаюцца кінематаграфісты розных краін. Звонку пітчынг выглядае як прэзентацыя, на якой выступоўца ў сціслай форме апавядае пра арыгінальнасць уласнага праекта, дэманструе фотаі відэаматэрыялы. Часам глядзець такія выступленні не менш цікава, чым гатовыя карціны, бо творчыя асобы праводзяць іх адпаведным чынам, прапануючы журы пітчынгу і ўсім прысутным сапраўдныя шоу.

У Беларусі падобная форма конкурсу праектаў пакуль не праводзіцца. Праўда, на нядаўнім Мінскім міжнародным кінафестывалі ў рамках выязной сесіі Польскай акадэміі дакументальнага кіно "Dragon Forum" праводзіўся трэнінг для беларускіх кінематаграфістаў. Пад час яго ўдзельнікі якраз і вучыліся належным чынам рыхтаваць свае праекты і правільна паводзіць сябе на пітчынгу. Галоўны ж этап пітчынгу "Dragon Forum" праходзіць пад час Кракаўскага міжнароднага фестывалю дакументальных і кароткаметражных стужак. Сёлета паўдзельнічаць у яго беларускім "філіяле" маглі айчынныя дакументалісты.

- Я і мае калегі былі прыемна ўражаны задумамі сваіх беларускіх калег,- распавяла карэспандэнту "К" кіраўнік "Dragon Forum", прадзюсар Дарота РАЖКОЎСКА. - Узровень распрацоўкі іх праектаў быў значна вышэйшы, чым на аналагічным мерапрыемстве, якое мы нядаўна праводзілі ў Кіеве. Аднак тое датычыцца творчай часткі заявак. З эканамічнымі ж параметрамі праектаў амаль ніхто не разабраўся: як складаць бюджэт, што такое план фінансавання... Тым не менш, мы з вялікім задавальненнем будзем чакаць вашых творцаў на сваіх пітчынгах у Варшаве і Кракаве...

Магчымасцю прэзентаваць сябе і ўласны праект на сур'ёзным міжнародным пітчынгу колькі гадоў таму паспяхова скарыстаўся Віктар Аслюк, знайшоўшы замежнага прадзюсара і сродкі на свой праект "Рабінзоны з Манцісаары", які потым ахвотна дэманстравалі на прэстыжных дакументальных кінафорумах - ад Канады да экзатычнай Новай Каледоніі. Будзем лічыць, што за гэтым значным поспехам айчыннага дакументальнага мастацтва хутка падцягнецца і беларускае ігравое кіно, прадстаўнікі якога стануць удзельнікамі пітчынгаў на прадстаўнічых міжнародных кінафорумах. Дарэчы, менавіта конкурс праектаў - ігравых, дакументальных і анімацыйных - можа стаць "разыначкай" нашага "Лістапада". Бо ператварыць мінскі фестываль у прадстаўнічы кінафорум, на які кінематаграфісты з розных краін будуць не толькі дасылаць свае стужкі, але і прыязджаць, здольная толькі падзея адпаведнага маштабу, кшталту пітчынгу і конкурсу праектаў. А патэнцыйным аўтарам будучых кінематаграфічных шэдэўраў можна пажадаць не толькі плённай працы над сцэнарыямі, але і лепшай падрыхтоўкі да сустрэчы з тымі, ад каго залежыць лёс іх праектаў.

 

P.S. Што да праблемы адлюстравання герояў нашай гісторыі ў сучасных творах, то "К" плануе звярнуцца да яе ў адным з бліжэйшых нумароў.