Эцюд вандроўніка на Белым возеры

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Міхал Кулеша: у супрацьвагу многім “рамеснікам”…

/i/content/pi/cult/352/6655/Clip_4.jpgУспомнім яшчэ аднаго зусім забытага ў Беларусі цікавага мастака: Міхала Аляксандра Пятра Кулешу - такое яго поўнае імя, дадзенае пры нараджэнні 26 лістапада 1799-га - роўна 212 гадоў таму. Хаця існуюць версіі, што нарадзіўся ён ці то ў 1795, ці то ў 1800 гг. Ды і месца, дзе будучы творца з'явіўся на свет, таксама выклікае пытанні: у адных крыніцах значыцца горад Вільня, у іншых - Лідскі павет Гродзенскай губерні...

У Польшчы і Літве гэтага мастака ведаюць: там знаходзіцца большасць яго твораў жывапісу і графікі, і таму не дзіва, што ў кожнай з гэтай краін ён лічыцца "сваім", нацыянальным, мастаком. Яно зразумела: у Вільні ён нарадзіўся (калі прыняць гэты факт за аксіёму), там жа, у Віленскім універсітэце, вучыўся, а памёр - у Беластоку, дзе і пахаваны. Вось такое атрымліваецца кола жыцця... Але тое, што ўсё жыццё Міхала Кулешы працякала на этнічнай тэрыторыі Беларусі, адкуль ён практычна нікуды і не выязджаў, а ўсе свае творы так або інакш прысвячаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ды архітэктурным помнікам старажытнай Беларусі, у замежных даследаваннях сціпла замоўчваецца.

З беларусаў адзін толькі Леанід Дробаў на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя імкнуўся штосьці распавесці на дзвюх старонках у кнізе "Живопись Белоруссии XIX - начала XX в." пра славутага нашага мастака, але гэта, на жаль, у будучых дробаўскіх паслядоўнікаў-мастацтвазнаўцаў не выклікала ніякіх асаблівых эмоцый, каб прафесійна заглыбіцца ў тэму "Кулеша і Беларусь" з вывучэннем адпаведных архіваў, якія сёння знаходзяцца ў Літве і Польшчы. Прынамсі, пасля той кнігі Дробава (а мінула амаль 40 гадоў) нічога новага ў нашай мастацтвазнаўчай літаратуры і друку пра жыццё ды творчасць Міхаіла Кулеша я так і не сустрэў. Добра, што хоць у 8-м томе "Беларускай энцыклапедыі" змешчана маленькая біяграфічная даведка пра М.Кулешу, зноў жа, аўтарства Л.Дробава. Ды і ў Інтэрнэце сціплыя звесткі пра Кулешу "пазычаны" з той самай кнігі Дробава аж да коскі, праўда, без пазначэння крыніцы і яе аўтара. Мой сённяшні матэрыял ніяк не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі: я прадстаўляю чытачу проста невялічкі "эцюд" пра гэтага мастака і вандроўніка з нейкай надзеяй, што хтосьці з часам усё ж зможа стварыць сапраўдную поўную "карціну" пра нашага славутага земляка, сучасніка і сябра А.Міцкевіча, В.Ваньковіча, Я. Чачота, І.Дамейкі, Р.Слізеня, Т.Зана...

Разумею, Міхал Кулеша, па вялікім рахунку, застаўся ў "ценю" гэтых выдатных асоб, але гэта не яго віна: так склаўся лёс. Ён, канешне, далёка не такая легендарная харызматычная фігура, як, скажам, Міцкевіч, Ваньковіч або Дамейка; ён не "блукаў" па "еўропах", не прыцягваў увагу грамадства сваімі неадназначнымі ўчынкамі, жыў сціпла, а яго самыя дальнія творчыя "камандзіроўкі" абмяжоўваліся Крымам і Пецярбургам. Маляваў толькі тое, што яму было цікава, не прэтэндуючы на еўрапейскую славу мастака; пасля 1820-х гадоў - у гушчу палітычных падзей не ўлазіў, вёў жыццё простага працаўніка і вандроўніка па землях продкаў, імкнуўся ў сваіх творах паказаць, што калісьці адбывалася ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, і што засталося ў народнай памяці ад гадоў паўстання Тадэвуша Касцюшкі... Хіба гэтага мала?

Праз 30 гадоў пасля смерці Касцюшкі, у 1845-м, Кулеша прыехаў у вёску Мерачоўшчына Брэсцкай губерні, каб стварыць цыкл малюнкаў і жывапісных пейзажных эцюдаў родавага маёнтка Касцюшкаў - гэта за пару крокаў ад неагатычнага Косаўскага палаца. Тут у 30-я гады ХХ ст. яшчэ існаваў Дом-музей Касцюшкі, але ў 1942-м ён быў спалены ў час баявых дзеянняў. Я бываў у гэтых мясцінах у сярэдзіне 1980-х і бачыў на лузе камень у агароджы з надпісам на рускай мове: "В находившемся на этом месте доме родился Тадеуш Костюшко, видный политический деятель Польши". За той час многае змянілася. Касцюшка вярнуўся ва ўлонне беларускай гісторыі, а ягоны дом у 2004 годзе быў адноўлены. І ў гэтым не апошнюю роль сыграў мемарыяльны пейзаж Міхала Кулешы "Мерачоўшчына", выкананы ў тэхніцы літаграфіі. Мастак працаваў над ім халодным зімовым днём. З трубы аднапавярховага драўлянага дома, занесенага снегам, валіць густаваты дым. Перад фасадам дома, агароджаны нізкім штыкетнікам, стаіць моцны дуб з аголенымі раскідзістымі галінамі. Злева - зацярушаная камякамі снегу высокая стройная яліна. А на першым плане, справа, - маленькая чорная фігурка чалавека, які павольна набліжаецца да адчыненых дзвярэй дома. Хто гэты чалавек - невядома: можа, былы ветэран - салдат арміі Касцюшкі, можа- выпадковы падарожнік, што марыць знайсці тут часовы прытулак, а можа, і сам мастак, які разглядае "натуру", перш чым узяцца за аловак і зрабіць накід гэтай гістарычнай мясціны, дзе нарадзіўся слаўны сын беларускага народа, Герой ЗША і Францыі...

 ...Бацькі будучага мастака былі не вельмі багатыя шляхцічы, якія, аднак, мелі нерухомасць і ніколі не жылі ў беднасці. А сямейныя традыцыі, якія ў сям'і Кулешаў вельмі шанаваліся, дазволілі хлапчуку расці ў дабратворным, спрыяльным асяроддзі і атрымаць тыя першапачатковыя веды, якія хутка прывядуць яго ў цыстэрцыянскую школу ў невялічкім гарадку Трашкуны Уцянскага павета (цяпер - Цэнтральная Літва). Мястэчка Трашкуны вядомае з канца XVII ст. і да 1795 г. уваходзіла ў ВКЛ, пакуль не трапіла ў склад Расійскай імперыі. Менавіта тут на пачатку XIX cт. працавала вядомая ў рэгіёне каталіцкая школа цыстэрцыянцаў- членаў аднайменнага старажытнага манаскага ордэна (або ордэна бернардзінцаў, названага па імені аднаго з буйных яго дзеячаў - Бернарда з Клерва). Падрабязнасці прабывання тут Міхала невядомыя, але ўжо ў 1820 годзе ён - студэнт Імператарскага Віленскага ўніверсітэта. Праўда, да гэтага Кулеша паспеў панастаўнічаць у некаторых прыватных віленскіх школах, дзе вёў урокі рысавання і рускай мовы, а таксама - намаляваць колькі карцін ды эскізаў. Яны экспанаваліся на мастацкай выстаўцы студэнтаў універсітэта ў чэрвені 1820-га. На факультэце прыгожых мастацтваў Кулеша займаўся ў знакамітага прафесара Яна Рустэма - стваральніка Віленскай мастацкай школы, таленавітага рысавальшчыка, партрэтыста ды аўтара гістарычных кампазіцый, - і лічыўся адным з самых здольных вучняў. Наогул, усім студэнтам, хто знаходзіўся пад клапатлівым крылом Рустэма, проста пашанцавала. Ці жартачкі: Рустэм першым дабіўся права прымаць ва ўніверсітэт здатных маладых людзей незалежна ад іх сацыяльнага паходжання, таму побач з атожылкамі буйных землеўласнікаў і памешчыкаў вучыліся дзеці дробнай шляхты, гандляроў, рамеснікаў і нават дзеці прыгонных. Папулярнасць Рустэма сярод студэнтаў была надзвычайная. Дастаткова сказаць, што яго вучнямі ў розныя часы былі В.Ваньковіч, Я.Дамель, Ю.Аляшкевіч, Н.Орда, К.Русецкі, І.Хруцкі, Т.Шаўчэнка, Ю.Азямблоўскі. Яшчэ адзін вучань Рустэма і сябра Кулешы Адам Шэмеш пісаў: "У класе заўсёды стаяла глыбокая цішыня, таму што прысутнічаў Рустэм, якога ўсе паважалі. Ён любіў таварыства студэнтаў і даваў ім шмат каштоўных парад. Некаторых, асабліва таленавітых, вучняў ён запрашаў нават у сваю майстэрню (г. зн. дазваляў працаваць у майстэрні мэтра. - Б.К.)... Менавіта да такіх "асабліва таленавітых" належыў і Міхал Кулеша.

Усё пачыналася добра. Кулеша працаваў не складаючы рук: рысаваў пяром, рабіў эскізы складаных кампазіцый, капіраваў творы Рэмбранта і Веласкеса, захапляўся скульптурай і літаграфіяй. Але ў верасні 1823 года па загадзе сенатара-рэакцыянера М.Навасільцава ён быў нечакана арыштаваны разам са сваімі сябрамі І.Дамейкам, Ф.Малеўскім, Ю.Кавалеўскім, Ю.Яжоўскім, А.Сузіным, Т.Занам, Я.Чачотам, А.Міцкевічам ды іншымі членамі тайнага патрыятычнага і асветніцкага аб'яднання студэнтаў універсітэта- таварыства філаматаў. Усяго тады было арыштавана больш за сто чалавек: усіх іх выдаў студэнт Ян Янкоўскі. Восенню 1824-га многія былі прыгавораны да розных турэмных тэрмінаў альбо высланы ўглыб Расіі. Быў звольнены з пасады начальніка Віленскай вучэбнай акругі славуты граф Адам Чартарыйскі, і ягонае месца заняў той самы Навасільцаў. Палкі Іяхім Лелявель, прафесарвыкладчык гісторыі, таксама быў вымушаны пакінуць універсітэт.

Арыштаваны Міхал Кулеша нейкі час разам з Ча/i/content/pi/cult/352/6655/Clip_5.jpgчотам сядзеў у камеры былога касцёла місіянераў. На першым допыце мастак адмаўляў сваю прыналежнасць да філаматаў, дакладней, да гуртка "блакітных" - даччынай арганізацыі аб'яднання філаматаў, якую ўзначальваў Ян Чачот. Гэты сумленны чалавек пасля прысуду дзесяць гадоў адбыў у расійскай ссылцы, потым восем гадоў працаваў інжынерам на будаўніцтве Бярэзінскага канала ў Лепелі, пакуль у 1841-м, на сваё шчасце, не апынуўся ў Шчорсах у графа Адама Храптовіча, дзе стаў выдатным збіральнікам беларускага фальклору. А з Кулешам здарылася іншая гісторыя. Спачатку, пасля першых допытаў, яму як бы паверылі, адпусцілі на волю, але хутка зноў арыштавалі і пасадзілі ў былы францысканскі кляштар, бо з'явіліся неабвержныя факты яго дачынення да маладых рэвалюцыянераў. Захаваўся цікавы дакумент пад назвай "К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819 - 1823 гг. Варшава". "Общий именной список принадлежавших к тайному обществу филаретов, существовавшего в Вильне, между учениками Виленского университета равно оговоренных и неотысканных, учинен в Следственной комиссии 1824 года мая 13 дня" змяшчаў імёны найбольш актыўных дзеячаў таварыства філаматаў і філарэтаў. Сярод іх - "Михаил Кулеша, 23 лет, Гродненской губернии, Лидского уезда, нет за ним никакого имения". А вось што сказана пра Міцкевіча: "Адам Мицкевич, кандидат философии, бывший учитель Ковенского училища, 24-х лет, Гродненской губернии, города Новоградка, где имеет дом с землею. Он сознался, что находился членом в обществе филоматов, а не будучи якобы членом филаретов, бывал иногда на заседаниях их". Пра Яна Чачота: "Иван Чечот, канцелярский служитель прокуратории Радзивиловской, 27 лет, Гродненской губернии, Новоградского уезда, нет за ним никакого имения, проводник "голубого" союза"...

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"