“Не трэба вешаць на тэлебачанне ўсіх тараканаў”

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Кожны, каму больш-менш рэгулярна даводзіцца трымаць у руках тэлевізійны пульт, мусіць, пагодзіцца з тым, што самы малады агульнанацыянальны канал “ЛАД” не толькі актыўна шукае, але і спакваля знаходзіць сваё месца ў эфірнай прасторы. Таму і шкадаванні з прычыны страты расійскай “Культуры” ўжо не такія моцныя.

 /i/content/pi/cult/131/665/LAD.jpg

“Сямейны тэлеканал”, якім “ЛАД” сябе пазіцыянаваў ад пачатку, цяпер прызначаны не толькі для хатніх гаспадынь, дзяцей і пенсіянераў, хоць, вядома, ён ні ў якім разе не пагарджае і гэтымі мэтавымі групамі. Сваё месца ў яго эфірнай сетцы знаходзяць і праграмы, здатныя задаволіць тых, хто спрабуе не адставаць ад імклівага рытму сучаснасці ды мае адпаведныя патрабаванні і да тэлебачання, што спрыяе павелічэнню рэйтынгу і, адпаведна, рэкламных прыбыткаў. У новым сезоне, які пачынаецца 8 кастрычніка, такога эфірнага прадукту паболее.
У сферы інтарэсаў канала цяпер і медыцына, і
псіхалогія злачынстваў, і нават сексалогія, прычым большасць праграм мае не толькі пазнавальны, але і “ўжытковы” характар, робячыся для гледачоў свайго кшталту віртуальнай кансультацыяй спецыяліста.
Хочацца верыць, што пэўны “прырост”—
як колькасны, так і якасны, — спазнае сёлета і “культурны” сегмент эфіру. Скажам, сапраўдным зрухам у тэлеасвятленні гэтай тэматыкі мае стаць прысвечанае пытанням культуры (у тым ліку і культуры побыту) ток-шоу, першае ў гісторыі айчыннага тэлебачання. Кіраўніцтва канала ўжо сёння не хавае тэму, з якой гэтыя “Жарсці па культуры” распачнуцца: “Чаму беларусы лаюцца матам?”. Абновяцца і “Навіны культуры” — яны будуць выходзіць штодня па буднях. А тэлежурналіст Алесь Матафонаў, які ўжо паспеў займець “сваю” (ды немалую) аўдыторыю, парадуе новым праектам блуканняў па “Лабірынтах” беларускай гісторыі.
Анонс гэтых праграм, ацаніць якія мы здолеем неўзабаве, можна было пачуць з вуснаў кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі і непасрэдна
“ЛАДу” на прэс-канферэнцыі ў туркомплексе “Лагойск”. Журналісты сабраліся там дзеля таго, каб у святочнай атмасферы праводзіць “ладаўскую” каманду ў новае “плаванне” па эфірных хвалях.
Сярод “шумнага балю” генеральны
прадзюсер “ЛАДу” Сяргей КУХТО знайшоў час, каб адказаць на пытанні карэспандэнта “К”, падрыхтаваныя на аснове заўваг, прэтэнзій, пажаданняў, датычных адлюстравання культурнай тэматыкі на тэлебачанні, што досыць часта гучаць з вуснаў дзеячаў культуры і ў лістах нашых чытачоў.
Першае пытанне заканамерна тычылася
ўласна з‘яўлення “ЛАДу” — балазе, нават сам старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі прызнаўся, што яму спадарожнічалі не абы-якія непаразуменні.
— Не маю нічога супраць тэлеканала “Культура”, — запэўніў С.Кухто. — Але… Як беларускаму грамадзяніну мне было крыўдна, што
расійскіх акцёраў, мастакоў, музыкантаў мы ведаем куды лепей, чым нашых. І каб праславіцца ў сябе на радзіме, творца мусіў ехаць у тую ж Расію— згадайма хаця б Курэйчыка. Спрабуючы ўсвядоміць прычыну гэтай сітуацыі, я прыходзіў да пэўных высноў. Глядзіце, “Культура” не прасіла грошай за трансляцыю на тэрыторыі Беларусі — у той час, як стварэнне тэлепрадукту “ЛАДу” вымагае іх нямала. Так, прапаганда ўласнай культуры каштуе багата, аднак скнарнічаць тут нельга.
Зараз вы мне задасце слушнае пытанне: “А
якога плёну вы дасягнулі?”. Ці не так?

— Менавіта.

— Адным махам усё не зробіш, і прычыны тут зразумелыя. Імёны нашых творцаў, на жаль, яшчэ не сталі свайго роду “брэндамі”, а пары-тройкі знакамітасцей кшталту Цэслера для цэлага канала недастаткова. А лішне ж казаць, што менавіта гучныя імёны прыцягваюць гледачоў.

— Але ж задача “раскруткі” ляжыць менавіта на тэлебачанні. Іначай атрымліваецца “зачараванае кола”.

— Беларускамоўная “Проста праграма”, героі якой шырокай аўдыторыі невядомыя, першыя 6— 8 месяцаў свайго існавання вяшчала “для космасу” — па вялікім рахунку, ніхто яе не глядзеў. А цяпер ужо можна сказаць, што глядач і праграма знайшлі адно аднаго. Значыць, да сваёй мэты мы пакрысе, крок за крокам, прасоўваемся — хай сабе гэтыя крокі і не сямімільныя. А мэту гэтую можна лаканічна сфармуляваць такім чынам: зрабіць нашых творцаў пазнавальнымі. Каб іх кнігі, карціны, фільмы выклікалі ў людзей такі самы гонар, як і дасягненні беларускіх спартсменаў. Натуральна, гэта справа не аднаго года.

— Ад вядомых дзеячаў культуры мне вельмі часта даводзілася чуць скаргі на брак увагі да іх з боку тэлебачання — пры тым, што гэтай увагі яны, безумоўна, вартыя.

— Мне таксама даводзілася чуць такія скаргі ад людзей, якія з’яўляюцца на экране... часцей за іншых. Чалавека творчага лёгка пакрыўдзіць, і зараз я рызыкую гэта зрабіць. Аднак усё ж нагадаю, што ўвагі заслугоўваюць не толькі дзеячы культуры, але і навукі, прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі…
У наступным сезоне мы зробім канкрэтныя
захады, каб такіх нараканняў было менш. “Жарсці па культуры” прызначаны менавіта для таго, каб творчыя людзі маглі прыйсці ў тэлестудыю і выказаць свой пункт гледжання, каб яны часцей з’яўляліся на экране.
І яшчэ. Напішыце кнігу, якая б атрымала папраўдзе гучны рэзананс, — паверце, мы не абмінём яе ўвагай. Але ж праблема ў іншым. Калі вы апошні раз бачылі чаргу па беларускую
кнігу? Ці можаце вы назваць імя маладога літаратара, якое сапраўды прагрымела ў апошнія гады?

— А чаму б гэтае імя не стварыць — скажам, абвясціўшы літаратурны конкурс для моладзі?

— Сапраўды, бытуе меркаванне, нібы мы павінны рабіць усё і адначасова. Уяўляеце: ужо пачалі вінаваціць тэлебачанне ў няўдачах нашых футбалістаў! Сябры, гэта абсурд! Мы не можам ствараць падзеі або ўплываць на іх ход — мы толькі адлюстроўваем рэчаіснасць. І з гэтай сваёй функцыяй, пагадзіцеся, бадай, спраўляемся.
Так, наша задача — папулярызаваць дзеячаў мастацтва, але… Дайце нам для гэтага нагоду! “Узарвіце” Мінск класным спектаклем, прагрыміце на ўсю Беларусь сваёй выстаўкай, мюзіклам, канцэртам. І тады мы наляцім на гэтую
падзею, бы пчолы, і зробім з яе стваральнікаў сапраўдных герояў.
Таму не трэба вешаць усіх тараканаў на тэлебачанне і чакаць, што мы возьмем на свае
плечы культурны працэс. Так, мы пакліканы прапагандаваць лепшыя ўзоры айчыннай культуры, дапамагаць “прабіцца” маладым. Але вырашаць усе пытанні культурнага жыцця — гэта, даруйце, занадта. Ды і грошай у нас на гэта не хопіць— бо ўсё, што мы зарабляем, укладаецца ў нерэнтабельны прадукт: дзіцячыя і адукацыйныя праграмы.

— Як не ўсё тое золата, што блішчыць, так і наадварот — далёка не ўсё вартаснае становіцца сенсацыйным. Скажам, некаторыя спектаклі не “ўзрываюць”, але прымушаюць задумацца. Ці гэтага мала? Дарэчы, пра нястачу іх тэлеверсій неаднаразова пісалі ў сваіх лістах нашы чытачы.

— Паводле сваёй адукацыі я тэатральны рэжысёр, ды і пэўны досвед працы ў тэатры паспеў займець. Таму мая думка не галаслоўная: для таго, каб напоўніцу зведаць сілу ўздзеяння спектакля, трэба быць у глядзельнай зале. Форма тэлеспектакляў не знікла з нашых экранаў, але… маральна яна даўно састарэла, ды і аптымальнай яе не назавеш. Да таго ж, сёння няма праблемы пры жаданні прыехаць у Мінск ды ўбачыць пастаноўку ў “арыгінальным фармаце”.
Таму задачу тэлебачання я бачу прынцыпова іншай: паведаміць жыхару Віцебска, што ў Купалаўскім або Рускім ідзе шыкоўны спектакль, і
прапусціць яго нельга ні ў якім разе. А не спрабаваць задаволіць глядацкі “апетыт” тымі ад сілы 30-ццю працэнтамі паўнавартаснага ўражання, якія можа забяспечыць тэлеверсія. Чым спажываць “кансервы”, лепей не шкадаваць часу і грошай на харчаванне натуральнымі прадуктамі.
Ды і ўвогуле… Знайсці прычыну, каб у нечым папікнуць тэлебачанне, можна вельмі лёгка. Але зразумейце адно: мы — не панацэя ад
усіх бед. А чамусьці некаторыя людзі лічаць, што калі яны сутыкнуліся з нейкай праблемай скажам, у ваннай цячэ кран, — павінна прыехаць тэлебачанне і разабрацца. Многія забываюцца на тое, што рамантаваць краны — гэта кампетэнцыя не тэлевізійшчыкаў, а сантэхнікаў.

— Тэлекультуру, з яе часам празмернай увагай да поп-шоу, часта супрацьпастаўляюць культуры сапраўднай, называюць яе сурагатам. Ці можна ўнікнуць гэтага супрацьстаяння на агульную карысць?

— Азнаёміўшыся з праграмай перадач нашага канала, вы самі пераканаецеся ў тым, што на “ЛАДзе” дамінуе менавіта класічнае мастацтва, а зусім не поп-культура, у “навязванні” якой тэлебачанне не папракае толькі лянотны.
Што да згаданага вамі супрацьстаяння…
Кожная асоба — шматгранная. І часам нам хочацца паслухаць Бетховена, а часам — паспяваць легкадумныя застольныя песні. На свае вочы бачыў, як цудоўныя акадэмічныя музыканты
танчылі пад дыскатэчныя рытмы. І калі б з тэлебачання цалкам знікла “папса” — упэўнены, што мы выклікалі б неверагодны шквал абурэнняў.
Паўтаруся: тэлебачанне паклікана даваць
інфармацыю. Паведамляць пра тое, што заўтра адбудзецца той ці іншы канцэрт, балет, спектакль. Нагадваць, што музыка бывае розная: класічная, джазавая, рокавая, папулярная… А якую абярэш ты — гэта твае справа і права.

 Гутарыў Ілля СВІРЫН

 

Ад рэдакцыі. Гэтае інтэрв’ю дае пэўную інфармацыюаб планах тэлеканала “ЛАД” у новым сезоне. Інфармацыя сама па сабе — рэч аб’ектыўная, “нейтральная”. Аднак жа тое, што ў ёй выказана, выклікае тыя ці іншыя эмоцыі, уражанні і нават спрэчкі і дыскусіі. Урэшце, і фактура, выкладзеная кіраўніком канала “ЛАД”, можа абмяркоўвацца патэнцыяльнымі гледачамі, бо, скажам, пазіцыяніраванне ім культурнай праблематыкі на канале падаецца не бясспрэчным.
І гэта яшчэ раз пацвярджае намер “К” у самы бліжэйшы час правесці “круглы стол” па пытаннях
месца і падачы тэмы культуры на TV.