Старонка з “Кнігі майстроў”

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Самая кранальная і запамінальная

/i/content/pi/cult/351/6649/10-3.jpg

17 лістапада ў Тэатры-студыі кінаакцёра адбыўся юбілейны творчы вечар актрысы тэатра і кіно Анжэлы Караблёвай - адной з самых кранальных і запамінальных асоб айчыннага экрана і сцэны. Мерапрыемства стала "разыначкай" у серыі спектакляў тэатра з удзелам актрысы, што завершыцца 26 лістапада "Вельмі простай гісторыяй" Марыны Ладо.

 Паўтара дзесяцігоддзя таму на здымкі сваіх новых стужак у Мінск прыехаў вядомы галівудскі прадзюсар і рэжысёр Менахем Голан. За плячыма мэтра была праца з такімі зоркамі, як Сільвестр Сталонэ, Шэран Стоўн, Жан-Клод Ван Дам, але беларускую актрысу Анжэлу Караблёву вопытны кінематаграфіст вылучыў адразу і ўжо не мог абысціся без яе прафесійных здольнасцей на здымачнай пляцоўцы. "Ты- цуд!" - казаў ён нашай актрысе перад пачаткам і напрыканцы кожнай здымачнай змены.

"Цуд" - менавіта такім, ёмкім і крыху пафасным, словам можна азначыць тое мастацтва, што стварае на экране ды сцэне Анжэла Караблёва. Тое добра разумеюць айчынныя і замежныя рэжысёры: дзясяткі запамінальных вобразаў, якія стварыла актрыса за трыццаць гадоў актыўнай працы ў тэатры і кіно, сведчаць самі за сябе. Цікава, што ў большасці выпадкаў, апрача Караблёвай, гэтыя вобразы зрабіць такімі ўдалымі не здолела ніводная іншая актрыса...

Ганна з фільма "Мы ідзём глядзець "Чапаева", Дыяна з "Філумены Мартурана", Мадам Грыцацуева з "Дванаццаці крэслаў" і Карова з "Вельмі простай гісторыі" - сцэна відавочна "любіць" Анжэлу Караблёву, а тая адказвае ёй узаемнасцю. Што да кіно, то здымацца актрыса пачала яшчэ студэнткай. Ейнае імя- у цітрах такіх знакавых і гучных стужак, як "Кіроўца аўтобуса" і "Культпаход у тэатр", "Паскораная дапамога" і "Кніга майстроў". Караблёва - гэта адно з сучасных абліччаў "Беларусьфільма", бо яна стала знаходкай для стваральнікаў "Павадыра", "Дунечкі", "Пяшчотнай зімы", "Інсайту". Дарэчы, назва адной з апошніх карцін, дзе здымалася Анжэла Міхайлаўна, мае такую прыемную і, спадзяёмся, "гаваркую" назву: "Я шчаслівая!".

Лёс шмат разоў даваў Анжэле Караблёвай магчымасць змяніць не толькі прафесію, але і краіну. Частка ейнага жыцця звязана з Балгарыяй, але вяртанне ў Беларусь было перадвызначана, таксама, як і тады, калі яна напрыканцы сямідзясятых паступала адначасова ў наш Тэатральна-мастацкі інстытут і Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Яна без ваганняў абрала родны горад і... засталася беларускай актрысай, няхай і запатрабаванай замежнымі майстрамі. Некалькі гадоў працы ў тэатрах Плоўдзіва і Вяліка-Тырнава пакінулі выдатнае веданне балгарскай мовы, але што можа быць больш родным за сваю сцэну?.. На сцэну Тэатра-студыі кінаакцёра яна выходзіць у "Востраве нашай любові і надзеі" паводле Генадзя Салоўскага, "Пігмаліёне" Бернарда Шоу, апошнім "хіце" - "№ 13" Рэя Куні...

Мы патэлефанавалі Анжэле Міхайлаўне напярэдадні юбілею, каб даведацца, якое сваё творчае дасягненне яна лічыць найважнейшым. "Больш за ўсё я ганаруся нараджэннем дзіцяці. А што да тэатра і кіно, то абсалютна ўсе спектаклі і фільмы для мяне - найважнейшыя! Прынамсі, кожны з іх для мяне - гэта пэўная падзея", - адказала актрыса. Што ж, можна толькі пазайздросціць энергіі і аптымізму адной з самых пазнавальных беларускіх актрыс і пажадаць Анжэле Караблёвай самых яркіх і цікавых роляў у бліжэйшы час!..

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА