“Подыум” для Алены Сяргееўны

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Ваш выхад, студэнты!

/i/content/pi/cult/351/6648/10-2.jpg

ХІІ Міжнародны фестываль тэатральных школ "Подыум" з 5 па 8 лістапада прайшоў у Маскве. Сёлета ў ім прымалі ўдзел і студэнты акцёрскага аддзялення тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Яны прадставілі ў рамках "Подыума-2011" свой вучэбны спектакль "Дарагая Алена Сяргееўна" па п'есе Людмілы Разумоўскай у пастаноўцы педагога Людмілы Кучарэнка. Мы сустрэліся з кіраўніком курса, дэканам тэатральнага факультэта БДАМ Уладзімірам МІШЧАНЧУКОМ, каб пацікавіцца, як выступілі нашы студэнты на гэтым міжнародным форуме тэатральнай моладзі.

 - Найперш мушу сказаць,- дзеліцца сваімі ўражаннямі Уладзімір Андрэевіч, - што ўжо сам удзел у сёлетнім "Подыуме" мы ўспрымаем як своеасаблівую творчую перамогу, няхай сабе яшчэ і невялікую. Таму што запрашэнню ў Маскву папярэднічаў аналіз заявак і прагляд спектакляў на дысках, у выніку чаго з сямнаццаці прэтэндэнтаў, якія даслалі свае прапановы, засталося толькі дзесяць тэатральных школ. У іх лік трапілі і мы, беларусы.

- Спектакль "Дарагая Алена Сяргееўна" ўжо мае пэўную фестывальную "біяграфію": ён быў прадстаўлены сёлета ў рамках Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа" ў Брэсце, Міжнароднага фестывалю тэатральных школ у Кішынёве...

- Нам са студэнтамі сапраўды пашчасціла паказаць свае работы на тых фестывалях. Але ж гэта - толькі вяршыня творчага "айсберга". Іншая, нябачная для астатніх, - тое, што сам спектакль ствараўся ў экстрэмальных умовах: з-за адсутнасці паўнавартаснай тэатральнай пляцоўкі - у сувязі з рэканструкцыяй Студэнцкага тэатра акадэміі - мы працавалі і выпускаліся літаральна ва ўмовах вучэбнай аўдыторыі. Ды і выхады "ў свет" таксама можна палічыць на пальцах. Пэўны экстрым зведалі нашы студэнты і ў Маскве: мы ігралі спектакль у дзень прыезду, так бы мовіць, "проста з калёс", без нашых дэкарацый і нават без адзінага прагону перад паказам. Аднак, нягледзячы на такую стомленасць і эмацыйную напружанасць, мы, лічу, паказаліся сярод сваіх калег годна.

- Існуе меркаванне, што сучасная сістэма выхавання акцёраў-"зорак", арыентавана, у першую чаргу, на медыйны поспех...

 - Вы маеце рацыю. Пра гэта, дарэчы, шмат гаварылася пад час "круглых сталоў" і абмеркаванняў спектакляў, якія ладзіліся ў часе фестывальных дзён. Як і пра тое, што гэткі тэатральны "глабалізм", акрамя пэўнай зручнасці, нясе ў сабе і заўважнае спрашчэнне стаўлення да самой акцёрскай прафесіі: маладыя творцы часам губляюць адчуванне таго, што праца над роляй - гэта не дзеянні, арыентаваныя на дасягненне знешняга эфекту, а, у першую чаргу, праца над сваім прафесійным "інструментам", над развіццём уласных творчых даных, пошукамі сугучнасці з той або іншай сваёй роляй, і толькі потым - на "эфект" у гледачоў. І ў гэтай сувязі магу сказаць, што многія з удзельнікаў і экспертаў фестывалю адзначылі высокі ўзровень тэатральнай культуры нашых студэнтаў і іх глыбокі, удумлівы падыход да сваіх сцэнічных работ, што нас, выкладчыкаў, канешне ж, не можа не радаваць.

Не толькі для нас, педагогаў, якія пад час "Подыума" мелі цудоўную магчымасць абмяняцца прафесійным вопытам з калегамі з іншых краін, але, у першую чаргу, для будучых акцёраў гэты фестываль стаўся магутным творчым штуршком, не толькі своеасаблівым "экзаменам на сталасць", але і тым прафесійным урокам, які яны атрымалі ад сваіх калег-равеснікаў. А яшчэ гэта - годны падарунак роднай Акадэміі, якая 12 лістапада адзначыла свой 66-ы дзень нараджэння.


 На здымку: сцэна са спектакля.