Блінцова-сонечны сінгл

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Паміж святам і “Тайнай”

/i/content/pi/cult/351/6644/8-5.jpg

Зіма яшчэ не пачалася, а дуэт "Аляксандра & Канстанцін" з ёй ужо, можна сказаць, развітаўся, бо днямі выпусціў максі-сінгл "Масленіца". Зазначым, сам сінгл як від музычнага рэліза ў нас не самая пашыраная з'ява.

- Усе астатнія святы, - пажартавала Аляксандра, - ужо "замацавалі за сабой" іншыя артысты. Таму нам засталося хіба гэтае. І мы ўсур'ёз думаем штогод адзначаць Масленіцу правядзеннем сольнага канцэрта. Пакуль жа абмяжоўваемся колам сяброў і вылазкай на прыроду, абавязкова - з блінамі і вясёлымі, шумнымі гульнямі. Леташнія святкаванні леглі ў аснову кліпа. Мы, канешне ж, ведалі, што нас здымаюць, але наўмысна не пазіравалі. Усё было натуральна, як заўжды. Для масленічнага чучала я ўвесь год збіраю разнастайныя стужачкі ды іншыя яркія, пярэстыя дробязі. Яно атрымліваецца такім прыгожым, што, бывае, і падпальваць шкада. Але ў час здымак кліпа мы так намерзліся, што марылі хаця б крыху сагрэцца - нават ад вогнішча...

Затое цяпер гэтая і іншыя выдадзеныя кампазіцыі саграваюць душу меламанаў. "Масленіца" і "Арол", што ўпершыню з'явіліся дзесяцігоддзе таму на першым кампакце "За ліхімі за марозамі", - новымі аранжыроўкамі з нечаканымі ўступамі і больш насычаным інструменталам. Дзве аўтарскія песні дуэта "Толькі для цябе" і "Тайна" - светлай рамантыкай пачуццяў. П'еса "Арыша-бугі", што была прысвечана сабаку Арыі, выратаванаму ад усыплення, і напісана, па словах аўтара і выканаўцы Канстанціна Драпезы, у стылі цыганскага джаза, - віртуознасцю гітарнага сола і асаблівай "ранішняй" энергетыкай: пад гэтую музыку, здаецца, усе справы будуць вырашацца лёгка і проста, лепш не прыдумаеш!..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"