"Клімат" часу

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Пра “матэрыяльнасць” аркуша

/i/content/pi/cult/351/6640/7-4.jpg

 

У выставачнай зале Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь - персанальная экспазіцыя твораў Рыгора Сітніцы.

 Усе 15 графічных аркушаў аб'ядноўваюць тры серыі "Шпацыр уздоўж паркана", "Гаспода" і "Суб'ектыўная рэчаіснасць"- лічу, гэта найлепшыя творы мастака, створаныя ім за апошнія гады.

Рыгор Сямёнавіч - не толькі таленавіты графік, ні на каго не падобны, які рана знайшоў свой шлях як тонкі стыліст, арыгінальны філосаф, фантазёр, што адчуваў духоўны "пульс" сваёй зямлі. Ён яшчэ- цудоўны паэт.

Калі паспрабаваць раскрыць паняцце "індывідуальнасць мастака", варта казаць пра вынік яго дзейнасці - творы, што ўвабралі ў сябе ўласцівасці мыслення, адчуванні, уяўленні, яго перакананні і прыхільнасці, тэмперамент і густ. Але дзе шукаць карані, якія нарадзілі і ўзгадавалі тое своеасаблівае ў мастаку? Якія тыя, схаваныя не толькі ад гледача, але і ад самога аўтара, працэсы, што адбываюцца ў яго свядомасці, прымушаючы адгукацца на пэўныя з'явы? Што дапамагае здабыць сваю стылістыку, сваю пластыку, сваю выяўленчую мову? Канешне ж, многае вызначае сукупнасць прыроджаных і набытых рыс: характар, акалічнасці жыцця, вопыт, традыцыі, уплыў нацыянальнага і сацыяльнага асяроддзя, "клімату" часу./i/content/pi/cult/351/6640/7-3.jpg

 Рыгор Сітніца, народжаны на гомельскім Палессі, выхаванец Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, больш за 30 гадоў - у мастацтве. І хто ведае яго ранейшыя творы - "Покліч матчынай песні", "Горкі смак палыну", "Верасень на Палессі", "Чым больш сыходзіць дзён..." (гэтая работа вельмі падабалася Уладзіміру Караткевічу), - альбо цыкл "Ратаванне Грэцыі", той знойдзе тыя карані, з якіх вырасла зялёнае дрэва яго таленту.

Можна з аднолькавым поспехам гадаць, якая "прастора" дамінуе ў аркушах мастака. Сітніца не намагаецца спаборнічаць з "натурай", добра разумеючы, што адноўленае ілюзорнае асяроддзе - такі ж умоўны спосаб адлюстравання ў адносінах да "аўтэнтыкі", да спрадвечнай натуры, як і ўсялякі іншы ў мастацтве. Ён вядзе толькі да жыццепадабенства, якое аддалена ад сапраўднай праўды, праўды творчай. І Сітніца пераарганізоўвае рэальную прастору ў замкнёную, што валодае фантастычным прыцяжэннем - у "матэрыяльнасці" аркуша. Тут ён пераўтварае ўсё праз уласнае стаўленне, дзе чуллівая добрасардэчнасць, здольнасць ажывіць неадушаўлёнае адкрываюць за прадметным, бачным, светам глыбокую асацыятыўнасць, тонкі, паэтычны духоўны пласт мастака. Талент гэты не часта сустракаецца ў творцаў.

Сітніцу не "ўціснуць" у якую-небудзь пэўную мастацкую плынь. Ён - "рэч у сабе". Але ўсё ж рызыкну аднесці яго творчасць да своеасаблівага постканцэптуалізму: асацыятыўнасць, жорсткая логіка пабудовы, элемент інтрыгі і, адначасова, нацыянальная прыналежнасць да духоўнага свету, у якім жылі нашы продкі і ў якім мы жывём сёння, з настальгіяй па мінулым...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"