Цэнтр размясціўся ў раёне Вілянаў, непадалёк ад беларускага Пасольства. Нагадаем, у Вілянаўскім музеі-палацы літаральна колькі тыдняў таму, пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны, была адкрыта выстаўка, прысвечаная М.К. Агінскаму.
Што да Беларускага культурнага цэнтра, то цягам трох гадоў установа паспяхова працавала ў Беластоку, дзе яна была выпрабавана як пляцоўка для правядзення дзясяткаў культурных мерапрыемстваў, у тым ліку - беларусаў Польшчы. Прадстаўнікі дыяспары прынялі ўдзел і ва ўрачыстым адкрыцці ўстановы ў Варшаве.
Свята адбылося з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Віктара Гайсёнка, акрэдытаваных у Варшаве замежных дыпламатаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый дзвюх краін. Гэтым днём у Беларускім культурным цэнтры прайшло адкрыццё фотавыстаўкі БелТА пад назвай "Незвычайная Беларусь", а таксама - канцэрт гурта "Купалінка" Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Нагадаем, Міністэрства культуры ўжо неаднойчы агучвала неабходнасць стварэння падобных культурных устаноў у замежных краінах. Так, цэнтры па вывучэнні беларускай мовы і культуры ўжо плённа працуюць у Кіеве, Баку, падобны мяркуецца стварыць і ў Кішынёве.