Інтэрактыўная пяцёрка

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Важным крокам у кірунку таго, каб прывабіць у музей усю сям’ю, стала рэалізацыя ўнікальнага праекта, які аб’яднаў літаратурныя музеі беларускай сталіцы, — “5 музеяў за 5 тыдняў”.

 

У акцыі, якая праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прымаюць удзел літаратурныя музеі Петруся Броўкі, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і Музей гісторыі беларускай літаратуры. Акцыя разлічана менавіта на сямейную аўдыторыю. Папярэдне былі створаны разнастайныя займальныя і пазнаваўчыя маршруты для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў, а таксама для дарослых.

Праект ажыццяўляецца ў незвычайным фармаце: самастойнае падарожжа з інтэрактыўным даведнікам, які распрацаваны асобна ў кожным музеі. Выканаць заданні з даведніка наведвальнікам мае дапамагчы сама экспазіцыя. Сямейную вандроўку можна пачаць з любога музея, далейшы парадак наведвання - таксама свабодны.

Пасля праходжання маршруту ў кожным музеі наведвальнік атрымае невялікі падарунак, а ў апошнім музеі ўдзельнікі падарожжа ўзнагароджваюцца дыпломам. Па заканчэнні праекта будзе разыграны галоўны прыз. Які - пакуль трымаецца ў сакрэце.

 Ул. інф.