Дзе ахоп — там хіп-хоп

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Сёння ўвечары стануць вядомыя пераможцы нацыянальнага конкурсу “IFMC2011” — ХХІV Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску.

 

Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі адзначыў пад час форуму, што поспех фэсту - відавочны, і фестываль будзе надалей атрымліваць дзяржаўную падтрымку.

 Сапраўды, дзякуючы гэтаму форуму ў нас пачала актыўна развівацца сучасная харэаграфія, калектываў становіцца ўсё больш. З чатырнаццаці дасланых заявак прыдзірлівыя арганізатары пакінулі толькі дзевяць калектываў. Многія з іх ужо добра вядомыя не толькі айчыннаму гледачу: гродзенскі "ТАД", сталічныя "D.O.Z.SK.I.", "Каракулі", ансамбль БДУКіМ ды іншыя сталі заўсёднікамі міжнародных форумаў, у тым ліку ў замежжы. Кола канкурсантаў папоўнілася новымі назвамі: гэта магілёўская "Алеся" і мінскі "Бармаглот".

Журы, паводле традыцыі, узначальвае народны артыст СССР Валянцін Елізар'еў. А сярод замежных гасцявых калектываў - "Кіеў Мадэрн-Балет" на чале з выхаванцам маэстра Раду Паклітару, прадстаўнікі Расіі, Польшчы, Іспаніі, Канады. Апошнія, дарэчы, уразілі віцябчан хіп-хопам, натуральна сплеценым з неакласікай, мадэрнам і, галоўнае, філасофскай канцэпцыйнасцю свайго балета.

Акрамя спектакляў, гала-канцэртаў, конкурсных выступленняў, у праграме фестывалю, як заўсёды, - шматлікія майстаркласы, відэапрагляды, фотавыстаўкі. І, вядома, - кулуарныя абмеркаванні, нягледзячы на тое, што секцыя крытыкаў сёлета практычна ўлілася ў склад журы. Відавочна адно: прыхільнікаў мадэрна не толькі становіцца больш - яны яшчэ і маладзеюць. Сімвалічна, што заўтра фестываль завяршаецца дзіцячай праграмай. Можа, з цягам часу і конкурс будзе падзяляцца на ўзроставыя катэгорыі?..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"