Аўтар мінулагодняй пераможц
ы "Лістапада" - карціны "Шчасце маё" - Сяргей Лазніца якраз гэтымі днямі завяршае здымачны перыяд новага праекта, удзел у якім прымае Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". Як у свой час пісала "К", чарговай работай кінематаграфіста стала экранізацыя аповесці Васіля Быкава "У тумане". Здымкі праходзяць у памежнай з Беларуссю Латгаліі, галоўную ролю ў карціне выконвае беларускі акцёр, выпускнік ГИТИС-РАТИ Уладзімір Свірскі. А гукааператарам выступае наш знакаміты прафесіянал Уладзімір Галаўніцкі.
- Стужка будзе створана ў скупой, стрыманай манеры, - паведаміў рэжысёр. - Эмоцыя, калі нават яна і прысутнічае ў некаторых эпізодах, у сваіх праявах, у акцёрскай ігры, будзе стрыманай. Карціна - як нацягнуты нерв. Адзіную магчымасць разрыву гэтага скупога палатна карціны я дазволю сабе напрыканцы фільма...
Сяргей Лазніца здымае кіно з 2003 года. Ён - лаўрэат прэмій "Ніка" і "Лаўр", уладальнік дзясяткаў міжнародных узнагарод, у тым ліку МКФ у Карлавых Варах, Аберхаўзене, Лейпцыгу, Парыжы, Мадрыдзе, Таронта. Аўтар мантажнай карціны "Блакада", заснаванай на хроніцы блакаднага Ленінграда. Прэм'ера першай ігравой стужкі Лазніцы "Шчасце маё" адбылася ў рамках праграмы "Асобы погляд" Канскага фестывалю.
- Я назіраю за тым, як развіваецца попыт на фільмы Лазніцы ў Еўропе і свеце ўжо колькі гадоў, - кажа нямецкі прадзюсар Хайна ДЭКЕРТ. - Карціны Лазніцы - як каштоўнае віно, цана на іх расце год ад года. І цяпер мы атрымліваем шмат запытаў па новым праекце, які ствараецца высілкамі кінематаграфістаў шасці еўрапейскіх краін, у тым ліку Беларусі... Спадзяёмся, што Сяргей Лазніца будзе госцем урачыстай цырымоніі закрыцця "Лістапада" сёлета, а фільм "У тумане" ўпрыгожыць сабой конкурсную праграму "Лістапада-2012".
На здымках: Сяргей Лазніца (справа) кіруе здымачным працэсам; кадры з будучага фільма.
Фота прадастаўлена Сяргеем Лазніцам