Сеціўны піяр патрабуе кадраў

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Добрушчына: 3D-устаноўка — добра, а кінатэатр — лепш

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Новы этап развіцця сяла: сацыякультурны срэз

Добрушскі раён Гомельскай вобласці знакаміты не толькі тым, што на яго тэрыторыі размяшчаецца знакаміты манумент Дружбы народаў Беларусі, Расіі і Украіны. Тут нарадзіліся таленавітыя беларускія пісьменнікі Іван Шамякін і Паўлюк Прануза, рэжысёр Мікалай Калінін, а ў сшытках "Добрушскай папяровай фабрыкі" пісаў, як сведчыць статыстыка, кожны сёмы школьнік Савецкага Саюза... А ў чыім хатнім сервізе няма цудоўнага добрушскага фарфору? Калі ж весці гаворку пра найноўшыя здабыткі мясцовай сферы культуры, дык іх багата. Гэта і шматлікія раённыя мерапрыемствы, і зладжаная праца ў кірунку развіцця народнай творчасці. Ды і план платных паслуг, які ніхто для добрушскіх культработнікаў сёлета не адмяняў, таксама выконваецца. Хапае тут, натуральна, і праблем. Адна з іх - кадравая. Ад Гомеля да Добруша - усяго 25 кіламетраў, і, зразумела, шмат хто з таленавітай моладзі раёна з'язджае ў абласны цэнтр. Датычыцца гэта і культработнікаў. Так, на сёння ў аддзеле культуры - 16 вакансій. Больш за ўсё не хапае акампаніятараў, кіраўнікоў народных калектываў, рэжысёраў, балетмайстраў... У сувязі з названай праблемай паўстае і іншая. Аддзел культуры пакуль не здолеў стварыць знакавага, сапраўды брэндавага фестывалю і "прапіярыцца" праз яго на рэспубліканскім узроўні... У першую чаргу такое становішча склалася менавіта з-за названай ужо кадравай праблемы. Па перакананні кіраўніцтва райвыканкама, стварэнне брэнда краю і яго раскрутка - самая актуальная і надзённая задача, якая павінна быць вырашана культработнікамі. Менавіта пра пошукі крэатыву ды стварэнне цікавых піяр-акцый і вялася гутарка на райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К".

 Народ пытаецца і прапануе

"Калі будзе рэканструкцыя?"

 Праблемы сацыякультурнага жыцця Добрушчыны ў нашым традыцыйным апытанні акрэслілі не толькі жыхары раёна, але і работнікі культуры. Марына, студэнтка-завочніца, г. Добруш:

- Ведаю, што ўжо доўгі час вядзецца гаворка пра рэканструкцыю мясцовага кінатэатра. Шэраг памяшканняў ва ўстанове ўжо адрамантавалі. А калі ж дойдзе чарга да самага важнага для спажыўца - глядзельнай залы?..

 Кацярына Малахава, мастацкі кіраўнік СДК аграгарадка "Насовічы":

 - Я малады спецыяліст, езджу кожны дзень на працу з Гомеля ўжо цягам года. Вельмі падабаецца тут, ёсць усе магчымасці, каб праявіць свае творчыя здольнасці. Шкада, што ў аграгарадку культработнікам не прадастаўляюць ні інтэрната, ні службовага жылля. Каб было вырашана гэтае пытанне, абавязкова засталася б тут працаваць. А так, напэўна, пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі буду шукаць працу ў Гомелі...

Станіслаў Жыхараў, дырэктар СДК аграгарадка "Насовічы":

 - Апаратура для правядзення канцэртных і дыскатэчных мерапрыемстваў у нас добрая. Адно што не стае ноўтбука. Пакуль што наш дзі-джэй прыносіць з дому свой, але ж хацелася б набыць такі і для ўстановы...

Намеснік старшыні Добрушскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Мікалай ЛЫСЕНКА заступіў на пасаду крыху больш за тры месяцы таму. А да гэтага часу працаваў у галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама, таму з сацыякультурнай сферай Добрушчыны ён знаёмы не з чужых слоў. Мае, натуральна, свой погляд на перспектывы развіцця галіны культуры, таму з ахвотай пагадзіўся прыняць удзел у традыцыйнай райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". На ёй прысутнічаў і начальнік мясцовага аддзела культуры Рыгор КОЗЫРАЎ. Рыгор Пятровіч раней ужо працаваў на гэтай пасадзе, а да нядаўняга часу быў намеснікам старшыні райвыканкама. Таму вопыту яму, як кажуць, не займаць.

/i/content/pi/cult/350/6623/12-3.jpgЮрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Мікалай Васільевіч, наколькі паспяхова, на вашу думку, працуе аддзел культуры? Як ацэньваеце яго працу?

 Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Яшчэ ў час працы ў Гомельскім аблвыканкаме ведаў пра Добрушскі раён шмат добрага. І самае, мне падаецца, галоўнае вось што: тут вельмі моцныя творчыя калектывы, асабліва тыя, якія маюць званні "народны" і "ўзорны". Да таго ж, добрушская зямля ўзгадавала шмат самародкаў, таленавітых людзей, якія працуюць у сферы культуры не першы год і з'яўляюцца прафесіяналамі сваёй справы. Напрыклад, баяніст з аграгарадка "Насовічы" Фёдар Грыневіч - унікальны чалавек, пра якога можна доўга гаварыць, але лепш яго ўбачыць і паслухаць, як ён грае. Ды і выдатных народных майстроў, напрыклад, разьбяроў па дрэве, на Добрушчыне таксама хапае.

Рыгор КОЗЫРАЎ:

- У верасні праводзілі мерапрыемствы ў Карме, дзе, як вядома, нарадзіўся Іван Шамякін. Там таксама выступалі творчыя калектывы. Яны атрымалі высокую ацэнку мінскіх гасцей, якія прыехалі на свята. Гэта, натуральна, вельмі прыемна і сведчыць: ансамблі працуюць на даволі высокім узроўні.

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Ёсць, натуральна, у сферы культуры і праблемы. Адна з іх - недастатковае фінансаванне. Тых сродкаў, якія выдаткоўваюцца з райбюджэту, нам, на жаль, не стае. Таму ёсць пытанні па матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстаноў культуры Добрушскага раёна, асабліва на сяле, бо, натуральна, хочацца ўзняць планку тых устаноў культуры, дзе створаны выдатныя творчыя калектывы.

Рыгор КОЗЫРАЎ:

 - На бягучы год з райбюджэту на сферу выдаткавана пяць мільярдаў рублёў, але асноўная частка сродкаў - гэта зарплата культработнікаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але на аказанні платных паслуг аддзел культуры зарабляе няблага...

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Так, і хачу зазначыць, што гэта адбылося з прыходам на пасаду Рыгора Пятровіча. Па выніках года мы, спадзяюся, выйдзем на запланаваныя паказчыкі.

 Рыгор КОЗЫРАЎ:

- Будзем да гэтага імкнуцца. Даём цяпер шмат абменных канцэртаў, аб'ездзілі ўжо ўсе суседнія раёны, нават да Калінкавічаў дабраліся, - і план, я ў гэтым перакананы, выканаем.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:/i/content/pi/cult/350/6623/12-2.jpg

 - Калі весці гаворку пра паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, дык не магу не запытацца пра рэканструкцыю мясцовага кінатэатра. Пэўны рамонт там праведзены, але засталося яшчэ шмат што зрабіць.

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Так, мы ўжо адрамантавалі фасад установы культуры, давялі да ладу шэраг унутраных памяшканняў. Паводле абласной інвестыцыйнай праграмы, рэканструкцыя кінатэатра запланавана на 2013 - 2014 гады. Гэта значыць, што ўжо налета нам прыйдуць сродкі на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі. Але цяпер мы робім пэўныя захады, каб ссунуць гэтыя тэрміны на больш ранні час. Дарэчы, на сёння "Добрушкінавідэасетка" мае 3D-відэаўстаноўку, што карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі ў райцэнтры.

Рыгор КОЗЫРАЎ:

- Супрацоўнікі кінатэатра абслугоўваюць з яе дапамогай і аграгарадкі раёна, і нават усю Гомельшчыну, выконваючы такім чынам план платных паслуг.

Мікалай ЛЫСЕНКА:

 - Згаданую 3D-устаноўку ўзялі ў арэнду ў прыватніка. І кошты білетаў на нашы кінасеансы меншыя, чым у тым жа Гомелі: 10 - 15 тысяч. Устаноўка карыстаецца вялікім попытам у насельніцтва, таму цяпер думаем над тым, каб арандаваць яшчэ адзін камплект абсталявання.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А чым плануецца насычаць абноўлены кінатэатр?

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Там будзем не толькі паказваць фільмы, але і абсталюем памяшканне для правядзення дыскатэчных мерапрыемстваў. Таксама ў праекце запланавана барная стойка. Так што, думаю, моладзь на нашы танцавальныя вечары будзе прыходзіць абавязкова. Але гэта таксама ў планах, бо цяпер усё ўпіраецца ў рамонт глядзельнай залы кінатэатра.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Адно з галоўных пытанняў для раёна - кадравае: не хапае акампаніятараў, кіраўнікоў народных калектываў, у аддзеле культуры наогул шмат вакансій... Як плануеце выходзіць з гэтай праблемнай сітуацыі?

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Вакансіі запоўніць можна, але ж не хапае сапраўды кваліфікаваных кадраў. Нягледзячы на гэта, супрацоўнікі сферы культуры ладзяць шмат цікавых мерапрыемстваў на вельмі высокім узроўні, працуюць з поўнай аддачай.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А што з прадастаўленнем жылля маладым спецыялістам? Напрыклад, у аграгарадку "Насовічы" менавіта з-за жыллёвай праблемы мастацкі кіраўнік установы пасля адпрацоўкі плануе шукаць працу ў абласным цэнтры...

Мікалай ЛЫСЕНКА:

 - Калі нам той або іншы спецыяліст будзе вельмі патрэбны, дык мы прыкладзём усе намаганні, каб вырашыць гэтую праблему. Пакуль што канкрэтна па ўсіх выпадках я казаць не стану, але кожнае пытанне будзе намі разглядацца абавязкова! У вырашэнні ж кадравай праблемы, па маім перакананні, варта рабіць стаўку на гадаванне сваіх, мясцовых, спецыялістаў.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Мікалай Васільевіч, думаецца, у Добрушскім раёне не стае свайго брэндавага фестывалю, праз які жыхары маглі б распавесці пра сябе ўсёй Беларусі. Ці ёсць зрухі ў гэтым кірунку? Я разумею, што, магчыма, сітуацыя склалася з-за таго ж кадравага пытання, ды і ваш раён, на жаль, не ўключаны ў "Зататое кольца Гомельшчыны". Але няўжо няма што паказаць таму ж турысту?.. Чаго варты толькі добрушскі фарфор! Уявіце толькі, якую фестывальную канцэпцыю і бізнесплан можна прапісаць пад гэты вядомы дзесяцігоддзямі брэнд!

Мікалай ЛЫСЕНКА:

 - Ёсць, ёсць што паказаць і айчыннаму, і замежнаму турысту. Але галоўная праблема - у райцэнтры няма гасцініцы. А без яе казаць пра маштабны фестываль, на які могуць прыехаць шматлікія госці, пакуль не выпадае. Зразумела, мы гатовы прадставіць цікавую культпраграму, зладзіць экскурсіі ў тыя ж унікальныя мясціны раёна... Але гэта будзе праграма, разлічаная на адзін дзень, чаго, пагадзіцеся, не дастаткова. Да таго ж, аварыя на Чарнобыльскай АЭС таксама аказала свой негатыўны ўплыў на развіццё раёна. Больш за дзясятак вёсак Добрушчыны быў адселены... І, да прыкладу, вёска Дзям'янкі, дзе размешчана ўнікальная сядзіба - помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, - куды можна было б ладзіць экскурсіі для турыстаў, знаходзіцца ў зоне адсялення.

 Рыгор КОЗЫРАЎ:

 - Калі казаць пра турызм, дык у нас сапраўды шмат цікавага: ёсць народныя майстры, разьбяры па дрэве, якія, дарэчы, працуюць не ў райцэнтры, а ў сельскай мясцовасці. Таксама мы вырабляем арыгінальныя сувеніры з дрэва, гліны, саломкі... Ды і нашы калектывы, калі будзе ў гэтым патрэба, могуць на платнай аснове паказаць народны абрад ці прадставіць праграму з народных песень...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Бяспрэчна, пэўныя напрацоўкі ў аддзеле культуры ёсць, але варта задумвацца пра большае... Ваш раён суседнічае з Расіяй і Украінай - гэта своеасаблівыя ўязныя вароты ў Беларусь, таму і імідж Добрушскай зямлі павінен быць на вышыні...

Рыгор КОЗЫРАЎ:

 - На Дзень горада, што ладзіўся ў верасні, да нас прыязджалі дэлегацыі з чатырох раёнаў Расіі, Украіны... А мы, у сваю чаргу, пастаянна гастралюем з нашымі ансамблямі за межамі раёна: наведваем не толькі Рагачоў, Ветку, Гомель, але і Расію ды Украіну, дзе нашы калектывы таксама ведаюць і заўсёды цёпла прымаюць.

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Усё гэта так, але, на мой погляд, у кожным раёне павінна быць свая "разыначка"- тое, па чым яго будуць пазнаваць на культурнай карце Беларусі. Гэта, безумоўна, адна з тых задач, якія стаяць сёння перад аддзелам культуры. Бо хоць я тут і новы чалавек, але мне вельмі хочацца, каб Добрушскі раён стаў чымсьці адметны, каб у ім было тое, чаго няма ў іншых рэгіёнах Беларусі. А для таго, каб стварыць такі брэнд, варта дэталёва і дакладна акрэсліць накірунак, у якім мы маглі б быць цікавыя нашым гасцям.

Рыгор КОЗЫРАЎ:

- На нашай тэрыторыі знаходзіцца манумент Дружбы, дзе кожны год адна з краін- Беларусь, Расія, Украіна - прымае гасцей з трох дзяржаў. У 2012-м праводзіць мерапрыемствы будзе наша краіна, і, натуральна, сілы культработнікаў Добрушчыны будуць кінуты на падрыхтоўку да гэтага свята.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: /i/content/pi/cult/350/6623/12-1.jpg

- Хацелася б пагутарыць і вось яшчэ пра што. "К" прыязджала на Добрушчыну тры гады таму. І з таго часу, падаецца, практычна ніводнай інфармацыі з раёна на старонках нашай газеты не з'яўлялася...

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Трэба, Рыгор Пятровіч, больш шырока рэкламаваць свой рэгіён і праз сродкі масавай інфармацыі, і праз Інтэрнэт... І займацца гэтым павінны менавіта культработнікі. Я вельмі ўдзячны "К", якая, выязджаючы ў рэгіёны і распавядаючы пра тыя або іншыя паселішчы Беларусі, дапамагае іх "раскрутцы".

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Калі мы ўжо загаварылі пра Інтэрнэт, дык, як я лічу, варта задумацца і пра стварэнне асобнага сайта аддзела культуры... У некаторых іншых рэгіёнах Беларусі падобныя сайты ёсць і карыстаюцца стабільным попытам у наведвальнікаў Сусветнага павуціння...

Рыгор КОЗЫРАЎ:

 - Інфармацыя пра аддзел культуры і пра нашы калектывы размешчана на сайце райвыканкама...

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Але трэба пачынаць працу па стварэнні асобнага сайта аддзела культуры. Увогуле, тэма гэтая - цікавая. Бо, да прыкладу, нашы калектывы выдатна працуюць, ладзім цікавыя мерапрыемствы ў раёне, але чамусьці саромеемся пра гэта распавесці праз СМІ, Інтэрнэт. Трэба абавязкова вырашаць гэтую праблемную сітуацыю: выходзіць са сваімі творчымі напрацоўкамі на старонкі рэспубліканскіх газет, актыўна задзейнічаць Сеціва... Праводзіць аддзел культуры нейкае ме-рапрыемства- абавязкова пра гэта трэ-ба даць інфармацыю ў друк. І рабіць так рэгулярна. На жаль, дадзеная праблема - недастатковы піяр свайго рэгіёна, - характэрная не толькі для Добрушчыны, а і для ўсёй Гомельшчыны, ды і бадай, для Беларусі. Мы ўжо неаднаразова абмяркоўвалі гэтую тэму на райвыканкамаўскіх планёрках, і таму ў хуткім часе, упэўнены, сітуацыя павінна змяніцца.

Рыгор КОЗЫРАЎ:

- Так, будзем паступова развіваць і гэты кірунак сваёй дзейнасці. Бо ў нас ёсць людзі, якія могуць займацца гэтым, інфармацыя, што мы можам размясціць у Сусветным павуцінні. Але, напрыклад, з тым жа Інтэрнэтам у нас ёсць пэўныя праблемы: старонкі доўга не загружаюцца, "віснуць". Карацей, трэба пераходзіць на бяздротавы Інтэрнэт, а не выкарыстоўваць тэлефонныя лініі. Бо калі цяжка загрузіць web-старонку, дык пра стварэнне свайго сайта думаць яшчэ зарана.

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- На жаль, гэта сапраўды так. Цяпер ёсць рэспубліканская праграма па падключэнні абласных цэнтраў да хуткаснага Інтэрнэта. Чакаем, калі такая ж праграма запрацуе і ў дачыненні да райцэнтраў. Бо гэта рэаліі сённяшняга дня. Карыстальнікі камп'ютараў цяпер у нас, як кажуць, "прасунутыя", таму іх наяўная хуткасць загрузкі інтэрнэт-кантэнту не задавальняе... І калі той або іншы сайт "падвісае", дык гэты чалавек сыдзе з нашай установы і звернецца туды, дзе яму змогуць прадаставіць больш якасны доступ да web-старонак.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- І гэтая сітуацыя не толькі ў бібліятэках аграгарадкоў, дзе ўсталяваны камп'ютары з Інтэрнэтам, а і ў райцэнтры?

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Таму цяпер мы марым пра хуткасны Інтэрнэт. Бо тыя ж відэа, фота інфармацыю без Wi-Fi перадаць складана.

Рыгор КОЗЫРАЎ:

- Дарэчы, гэта магла б быць мэтавая праграма, напрыклад, ініцыяваная Міністэрствам культуры.

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Зрэшты, ў абласных цэнтрах і ў некаторых раёнах гэтая праблема не актуальная, але ў шэрагу райцэнтраў, падобных на наш, яна, на жаль, усё яшчэ стаіць досыць востра.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А што з камп'ютарызацыяй у горадзе і на сяле? Як я ведаю, камп'ютары ў вас усталяваны толькі ў бібліятэках аграгарадкоў... Пра іншыя бібліятэкі і СДК з камп'ютарамі і падключэннем да Інтэрнэта казаць зарана?

Рыгор КОЗЫРАЎ:

 - Так, гэта таксама праблема, бо камп'ютары з Інтэрнэтам павінны цяпер быць усюды: у аддзеле культуры, у метадычным цэнтры, ва ўсіх СДК - там, дзе ў іх ёсць патрэба...

 Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Увогуле, я перакананы, што ў будучым няблага было б ствараць лакальныя сеткі з базамі даных і па калектывах, і па метадычных распрацоўках, і па мерапрыемствах, што прайшлі ці чакаюцца ў тым або іншым раёне цягам года. Мы з задавальненнем давалі б усю неабходную інфармацыю для такой віртуальнай сеткі. Яе цэнтр мог бы быць у Мінску, напрыклад, пры Інстытуце культуры Беларусі. Тады ўсе ахвотныя ведалі б і пра нас, а мы маглі б дазнацца пра працу культработнікаў з усёй краіны. Падобная сетка дапаможа і турысту сарыентавацца ў тым, куды, на якое мерапрыемства завітаць. Там жа можна было б размясціць і кошты платных паслуг, якія аказваюць нашы калектывы, з відэаматэрыялам аб іх, фотаздымкамі, - і, я ўпэўнены, нейкі прадпрымальнік абавязкова з намі звязаўся б, каб запрасіць на сваё мерапрыемства. Карысць ад гэтага супрацоўніцтва была б узаемная.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Гэта цалкам магчыма зрабіць з дапамогай Інтэрнэта. Прадставіць усю інфармацыю аб паслугах клубных работнікаў на сайце аддзела культуры, а пра дзейнасць бібліятэкараў распавесці на сайце Цэнтральнай раённай бібліятэкі. А ЦРБ пакуль што ў Сусветным павуцінні, на жаль, таксама не прадстаўлена...

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Безумоўна, гэта таксама варта рабіць. Можна, напрыклад, выкласці ў Сеціве пералік платных паслуг нашай Цэнтральнай раённай бібліятэкі, можна за плату прадастаўляць доступ да бібліятэчных баз даных, рабіць электронныя заказы на кнігі праз Інтэрнэт або замаўляць электронную версію таго або іншага выдання. Усё гэта, безумоўна, будзем развіваць і ўводзіць у паўсядзённы ўжытак.

Рыгор КОЗЫРАЎ:

- Каб усё гэта зрабіць, патрэбны вялікія матэрыяльныя ўкладанні. Як вядома, цяпер камп'ютарная тэхніка патрабуе пастаяннай мадэрнізацыі...

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- Так. Дадам, што на ўкараненне камп'ютарных тэхналогій патрабуецца не разавая фінансавая падпітка, а пастаянная. Да таго ж, сёння вельмі дорага каштуе ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне. Існуюць, напрыклад, праграмы для запісу фанаграм, якія мы з задавальненнем выкарыстоўвалі б у студыі гуказапісу раённага Дома культуры. І гэта нам цяпер вельмі неабходна, калі мы кажам пра якасць тых канцэртаў, што ладзяцца сіламі нашых культработнікаў. Але ж на закупку праграмнага забеспячэння трэба выдаткаваць вялізныя сродкі.

Рыгор КОЗЫРАЎ:

 - Пакуль студыя гуказапісу пры РДК працуе на тым абсталяванні, што набылі колькі гадоў таму з дапамогай прадстаўнікоў швейцарскага горада-пабраціма Іцігена. Але хочацца развівацца і далей...

Мікалай ЛЫСЕНКА:

- ...І ўсе сілы, Рыгор Пятровіч, прыкласці для стварэння брэнда, пошуку сваёй "разыначкі". Будзе брэнд- палепшыцца матэрыяльна-тэхнічная база, вырашыцца кадравае пытанне. І абавязкова трэба піярыць свае мерапрыемствы, працаваць з прадстаўнікамі СМІ, знаходзіць час для прадастаўлення інфармацыі карэспандэнтам абласных і рэспубліканскіх газет, "прасоўваць" сябе. Вось нашы задачы, над якімі трэба працаваць у самай бліжэйшай перспектыве.

Дэталь да агульнай карціны

План - перавыкананы!

У аграгарадку "Насовічы" пражывае прыкладна паўтары тысячы чалавек, многія з іх - перасяленцы з забруджаных пасля аварыі на ЧАЭС тэрыторый. Якасць культабслугоўвання мясцовых жыхароў тут - на вышыні.

 Менавіта пра гэта распавёў дырэктар Насовіцкага СДК Станіслаў Жыхараў - чалавек, які цягам ужо дваццаці гадоў працуе ў сферы культуры. Па ягоных словах, пры ўстанове наладжана дзейнасць васьмі гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў, а таксама ёсць калектыў са званнем "народны"- харавы ансамбль "Жывіца", які неаднойчы выступаў не толькі ў Добрушскім раёне, але і за яго межамі.

Ва ўстанове няблага зарабляюць з дапамогай абменных канцэртаў, правядзення платных КВЗ, экскурсій для дзяцей у палац Паскевічаў... Але сама больш у "скарбонку" платных паслуг дадаецца дзякуючы правядзенню танцавальных вечароў. Яны ладзяцца ў Насовіцкім СДК двойчы ў суботу і адзін раз у нядзелю. На дыскатэках пры дапамозе праекцыйнага абсталявання трансліруюцца відэакліпы, можна за невялікую плату заказаць тую або іншую песню, павіншаваць сяброў... Усё гэта, па словах дырэктара СДК, дазволіла яшчэ ў кастрычніку бягучага года выканаць план платных паслуг.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Добрушскі раён - Мінск

 Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"