Барока з ХХІ стагоддзя

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Цягам пяці гадоў уся Гродзеншчына чакала аднаўлення алтара кафедральнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя.

/i/content/pi/cult/350/6622/pic_25.jpgЯк вядома, Фара ў Гродне, пабудаваная на пачатку XVIII ст., адзін з найпрыгажэйшых і каталіцкіх храмаў на Беларусі. Сам будынак касцёла і цэнтральны алтар з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Больш за 20 фігур, якія ўпрыгожваюць алтар (апосталы, святыя, мецэнаты касцёла), у 1730-я гады зрабіў паводле праекта скульптара К.Паўкера кенігсбергскі майстар па дрэве І.Шміт.

У ліпені 2006 г. пад час пажару, які здарыўся ад кароткага замыкання, частка ўнікальнага драўлянага алтара была знішчана. Страчанымі сталіся рэльефныя калоны, частка балюстрады, дэкор, чатыры з дваццаці скульптур XVIII стагоддзя: мецэната Лазавога, апосталаў Якава і Фамы, святога Амброзія.

Аднаўлялі скульптуры па фотаздымках, як ужо паведамляла "К", майстры па дрэве з Воранава Казімір Місюра і яго сын Ігар. Выразалі фігуры, як і арыгінал, з ліпы, а для ўзнаўлення элементаў адзення апосталаў за ўзор бралі непашкоджаныя фрагменты. Цягам рэстаўрацыі былі таксама адноўлены і страчаныя раней элементы. Так, у фігуры апостала Андрэя адсутнічала левая рука да кісці. Драўляныя складкі адзення хавалі дэфект, а кісць прымацоўвалі проста да рукава. З-за гэтага размяшчэнне фігуры было зменена, але рэстаўратары выправілі недахоп.

Дарэчы, Казіміру Місюру за яго працу Папа Рымскі Бенедыкт XVI даслаў ліст, дзе сказана: "Святы Айцец Бенедыкт XVI ад чыстага сэрца бласлаўляе Казіміра Місюру і ягоную сям'ю і жадае шмат падарункаў ды ласкі Божай".

У снежні 2009-га майстры з Вільнюса пачалі залачэнне алтара. Апошнім разам яго фарбавалі 50 гадоў таму - у шэра-зялёнай гаме. Цяпер жа ўлічваўся і ўплыў вітража - своеасаблівага цэнтра мастацкага афармлення касцёла- з выявай голуба ў сонечных промнях, размешчанага ў верхняй частцы 21-метровага алтара. Майстры вырашылі, што новая колеравая гама ў светла-шэрых і светла-блакітных адценнях разам з упрыгожаннем пазалотай больш адпавядаюць стылю барока.

Аднаўленне алтара - не апошняе, што плануецца зрабіць у касцёле да свята Нараджэння Хрыстова. У верасні ў храме зноў з'явіліся будаўнічыя рыштаванні: гэтым разам прыйшла чарга ўзнавіць купал і фрэскі на ім.

Надзея ПЯКАРСКАЯ

Гродна

На здымку: адноўлены алтар.