Восень, шчодрая на падзеі

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Прэс-канферэнцыя “Вынікі працы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за верасень 2007 г. і планы на кастрычнік 2007 г.” адбылася 1-га кастрычніка ў Нацыянальным прэс-цэнтры РБ. Журналістаў інфармавалі першы намеснік міністра культуры РБ Уладзімір Рылатка, намеснік дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры РБ Вадзім Курловіч, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры РБ Ігар Чарняўскі, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры РБ Міхаіл Казловіч, намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Віктар Маліноўскі.

Размову пачаў У.Рылатка. Ён адзначыў, што верасень быў надзвычай плённы і багаты на культурныя падзеі. Запамінальным атрымаўся Дзень беларускага пісьменства ў Шклове, падчас якога быў адкрыты помнік графу Зорычу. Падчас рэспубліканскіх Дажынак у Рэчыцы адбылося адкрыццё новага амфітэатра, які абяцае стаць рэгіянальным цэнтрам канцэртнай дзейнасці, і карціннай галерэі, прайшлі яркія канцэрты творчых калектываў з усіх абласцей краіны, найперш з Гомельшчыны, працаваў семінар, прысвечаны пытанням аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Унушальныя вынікі тэатральнага фестывалю “Белая вежа”. Гэтым разам ён сабраў вялікую колькасць замежных тэатраў-удзельнікаў і стаў сапраўдным “тэатральным акном у Еўропу”. Сярод значных вераснёўскіх падзей — і ІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, падчас якога 20 верасня ў Белдзяржфілармоніі аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы пад кіраўніцтвам В.Пласкіны выканаў сімфонію “Манфрэд”, і прэм’ера балета “Бахчысарайскі фантан” Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета РБ на сцэне Палаца Рэспублікі. Нядаўна завяршыўся традыцыйны рэгіянальны фестываль духавой і камернай музыкі ў Мсціславе. Такім чынам, як падкрэсліў У.Рылатка, выконваецца даручэнне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі аб тым, каб кожны фестываль меў у сабе шмат складнікаў, быў даступны гледачам, шырока асвятляўся ў прэсе.

У.Рылатка пазначыў асноўныя культурныя падзеі, запланаваныя на кастрычнік. Святочны вечар, прысвечаны Дню работнікаў культуры, адбудзецца 12 кастрычніка ў Белдзяржфілармоніі. Да гэтага нашага прафесійнага свята будуць прымеркаваны канцэрт-справаздача студэнтаў сталічных навучальных устаноў культуры і выстаўка новых відаў прадукцыі, якая вырабляецца на прадпрыемствах сістэмы Міністэрства культуры. У святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню маці, 14 кастрычніка, будуць задзейнічаны ўсе клубныя ўстановы. 12 — 14 кастрычніка будзе праводзіцца Х Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер — 2007 у Магілёве”. 26 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пачнецца ІІІ Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама”.

Гучнымі падзеямі адкрыецца новы тэатральны сезон. Гэта прэм’еры спектакляў “Залёты” В.Дуніна-Марцінкевіча і “Дзверы” С.Кавалёва ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа, спектакль “Сельскі гонар” П.Масканьі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы, творчы вечар народнага артыста Беларусі Б.Луцэнкі “Споведзь відачынца” ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, бенефіс народнай артысткі Беларусі С.Акружной у спектаклі “Васа” М.Горкага ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа, аўтарскі вечар народнага артыста Беларусі, кампазітара Д.Смольскага ў Белдзяржфілармоніі, юбілейны вечар народнага артыста СССР В.Елізар’ева ў Палацы Рэспублікі.

В.Курловіч паведаміў, што на VI Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце былі прадстаўлены 7 новых мастацкіх стужак. Асаблівую цікавасць уяўляюць працы маладых рэжысёраў — нядаўніх выпускнікоў Акадэміі мастацтваў.

Нагадаў В.Курловіч і пра тое, што набліжаецца Міжнародны кінафестываль “Лістапад — 2007”. Яго геаграфія штогод пашыраецца: гэтым разам аб удзеле заявілі 33 краіны, сярод іх упершыню — Ізраіль, Карэя, Чэхія, Данія, Венгрыя.

Тэмпы кінавытворчасці растуць. Сёлета плануецца выпусціць 6 мастацкіх фільмаў — прычым чатыры з іх ужо выйшлі на экраны, — а ў наступным годзе — 8.

І.Чарняўскі канстатаваў, што ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі надае вялізную ўвагу стварэнню прававой базы, адпаведнай новаму Закону “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. У прыватнасці, падрыхтаваны законапраект па ўнясенні змен у 17 законаў Рэспублікі Беларусь. Саветам Міністраў РБ зацверджаны 8 пастаноў, якія датычацца важнейшых пытанняў аховы спадчыны. Упраўленнем распрацаваны інструкцыі, якія рэгулююць распрацоўку праектнай дакументацыі, вызначэнне зон аховы, рэгламентуюць дзейнасць навуковых кіраўнікоў на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны.

Значная колькасць пытанняў, якія разглядала ўпраўленне на працягу верасня, былі звязаны з архітэктурнымі помнікамі Гродна, у прыватнасці, з плануемай рэстаўрацыяй Старога замка і Каложскай царквы. Пад увагай міністэрства застаецца і культурнае асваенне тэрыторыі Аўгустоўскага канала.

І.Чарняўскі з задавальненнем адзначыў, што сродкі інвестыцыйнай праграмы, выдаткаваныя на тры кварталы на рэстаўрацыю гісторыка-культурных каштоўнасцей, асвоены цалкам. Усяго сёлета запланавана выдзеліць з дзяржаўнага бюджэту 107,5 мільярдаў рублёў на аб’екты спадчыны. Інтэнсіўнымі тэмпамі вядзецца адраджэнне Крычаўскага палаца, сядзібы ў Чырвоным Беразе, рэстаўрацыя і рэканструкцыя будынка тэатра оперы і балета РБ, Мірскага замка, Нясвіжскага палаца Радзівілаў.

Святлана ІШЧАНКА