Навуковыя кантэксты

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Сярэдзіна лістапада вызначаецца адразу трыма навуковымі падзеямі, тэматыка якіх шчыльна знітавана са сферай культуры.

VII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні "Бібліятэкі і палітыка адкрытага доступу да інфармацыі і ведаў" прайшлі 10 - 11 лістапада ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, іх арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры краіны, Бібліятэчная асамблея Еўразіі, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, сама НББ, Нацыянальны гісторыка-культурны музейзапаведнік "Нясвіж". У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел звыш 300 дэлегатаў з нашай краіны, а таксама з Расіі, Украіны, Літвы і Швейцарыі.

На пленарным і секцыйным пасяджэннях былі акрэслены шляхі ўдасканалення заканадаўчай базы і сістэмы рэгулявання ў галіне адкрытага доступу да ведаў, аховы інтэлектуальнай уласнасці, стварэння электронных бібліятэк і архіваў, навуковага і кадравага забеспячэння інавацый. У прыватнасці, як адзначыў на адкрыцці Чытанняў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, для захавання нацыянальнай культуры, духоўнага развіцця грамадства наспела неабходнасць распрацоўкі міжведамаснай праграмы падтрымкі і развіцця чытання, а таксама стварэння нацыянальнай электроннай бібліятэкі.

 Тым часам Міжнародная навуковапрактычная канферэнцыя "Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў" прайшла 10 - 11 лістапада ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У ёй прынялі ўдзел звыш 170 навукоўцаў, спецыялістаў сфер культуры і адукацыі з краін СНД, Балтыі, Польшчы і Румыніі. Яны абмеркавалі пытанні ролі навуковых даследаванняў у галіне архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатразнаўства, музыкі, кіно, актуальныя праблемы вывучэння этнакультурных традыцый.

Канферэнцыя ж "Насельніцтва Беларусі і сумежных рэгіёнаў у сярэдзіне - 2-й палове І тыс. н.э." пройдзе 16 - 18 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі. У ёй прымуць удзел больш за 50 спецыялістаў з Беларусі ды іншых славянскіх краін.